1 лістапада католікі адзначаюць Дзень Усіх Святых, а 2 лістапада – Дзень памяці памерлых (Дзяды).

Адпаведнае свята Радуніца, якой святкуюць праваслаўныя вернікі, з’яўляецца афіцыйным святам, але каталіцкія дні абавязковага наведвання магілаў продкаў – звычайныя працоўныя дні.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі католікаў у Беларусі – каля 1,4 мільёна, яны другая па колькасці пасля праваслаўных канфесія ў Беларусі. Пры гэтым католікі адрозніваюцца вялікай рэгулярнасцю наведвання багаслужэнняў і ўдзелу ў рэлігійных практыках.

Петыцыя

У сувязі з гэтым мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі, сказаў, што змагаецца за зʼяўленне ў дзяржаўным календары новых ці хаця б аднаго новага выходнага дня, а таксама заклікаў вернікаў далучыцца да петыцыі на сайце Zvarot.by, якая зʼявілася 31 кастрычніка.

«Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі дадзенай дэнамінацыі», – адзначаецца ў петыцыі.

Зварот прапануецца падпісаць беларусам незалежна ад канфесіі. На вечар 1 лістапада петыцыю падпісалі 529 чалавек. Зварот будзе накіраваны ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Адначасова каталіцкі іерарх нагадаў, што праз некалькі дзён адбудзецца 100-гадовы юбілей бальшавіцкай Кастрычніцкай рэвалюцыі – 7 лістапада, якая адбылася ў Расеі, але прынесла нечуваныя пакуты беларускаму народу. 7 лістапада дагэтуль застаецца ў Беларусі выходным днём.

Акрамя малітваў за сваіх продкаў мітрапаліт заклікаў маліцца за тых, хто забыты, хто не паспеў нарадзіць дзяцей, загінуў у Курапатах, Трасцянцы, савецкіх і нацысцкіх канцлагерах.

31 кастрычніка арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў Курапаты і маліўся ў месце, дзе камуністы расстрэльвалі беларускае мірнае насельніцтва.

Новы голас

Даволі доўга Каталіцкая Царква ў Беларусі пазбягала публічнай палемікі з дзяржавай, аднак нават у гэтым годзе іерарх не першы раз уступае ў завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі ці звяртаецца да лідараў грамадскай думкі.

Летам арцыбіскуп Менска-Магілёўскі ўжо крытыкаваў дзеянні ўрадоўцаў і згадаў пра дыскрымінацыю Касцёла.

У траўні арцыбіскуп выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе таксама выказаў незадаволенасць дзеяннямі і нетактоўнасцю некаторых прадстаўнікоў улады, а таксама заклікаў да рэформы заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.