Гомельскі гарвыканкам дазволіў партыі “Справядлівы свет” правесці 7 лістапада мітынг пад сацыяльнымі лозунгамі

17

Як паведамілі БелаПАН у абласным камітэце, масавае мерапрыемства дазволенае гарвыканкамам і пройдзе на пляцоўцы ля ДК Беларускага таварыства глухіх “Віпра” на вуліцы Юбілейнай.

У абкаме заўважылі, што патрабаванні і лозунгі на мітынгу — сацыяльныя: “Не — інфляцыі! Так — індэксацыі!”, “Чалавеку працы — павага і дастойная зарплата!”, “Не — росту тарыфаў на камунальныя паслугі!”, “Святло і цяпло у кожны дом па даступных цэнах!” і іншыя.

На мітынгу плануецца выступіць супраць згортвання сацыяльных праграм у Беларусі, платнай медыцыны, росту тарыфаў ЖКГ, прымусовай кантрактнай сістэмы найму.

На масавым мерапрыемстве будзе прыняты зварот да кіраўніцтва Гомеля і краіны. “Толькі сумеснымі дзеяннямі мы прымусім кіраўніцтва рэспублікі павярнуцца тварам да народа”, — адзначаюць арганізатары мітынгу.

У Гомелі больш за дзесяць гадоў гарвыканкам не даваў дазволаў на правядзенне мітынгаў і пікетаў, ініцыяваных дэмакратычнымі арганізацыямі і апазіцыйнымі партыямі. Толькі вясной 2017 года гарвыканкам дазволіў левым правесці 1 мая мітынг, што адбыўся на пляцоўцы ля ДК “Віпра”. Нягледзячы на тое што масавае мерапрыемства было санкцыянаваным, пасля яго завяршэння некаторыя ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй.

Поделиться ссылкой: