Гэта не Бахціна прайграла, гэта прайграла ўся адвакатура

26

Вядомая адвакатка з 38-гадовым юрыдычным стажам Ганна Бахціна, якая вяла рэзанансныя палітычныя справы, не здолела праз «самы гуманны і справядлівы суд у свеце» дамагчыся аднаўлення адвакацкай ліцэнзіі.

Канешне, Мінюст, які пазачаргова праверыў Бахціну, сцвярджае, што «няма тут ніякай палітыкі», і чалавек, які ўсё жыццё адпрацаваў у пракуратуры і адвакатуры, мае «недастатковую кваліфікацыю». Але, пагадзіцеся, з улікам амаль 40 гадоў бездакорнай працы, такое сцверджанне выглядае смешна.

Гэта не Бахціна прайграла, гэта прайграла ўся адвакатура

Мы б, можа, паверылі і ў смешную версію, калі б не перадгісторыя. Цяперашняе пазбаўленне ліцэнзіі — не першая спроба выціснуць прынцыповую адвакатку з прафесіі. Раней, калі Бахціна ў 2011 годзе абараняла жонку кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыну Халіп, таксама былі спробы пазбавіць ліцэнзіі «няправільнага» адваката.

У 2011-м ліцэнзій пазбавілі шмат якіх «зорак» беларускай адвакатуры: Паўла Сапелку, Тамару Сідарэнку, Уладзіміра Тоўсціка, Алега Агеева… З Бахціной тады гэты нумар не прайшоў: яна дамаглася адмены рашэння такой жа, як зараз — пазатэрміновай, — атэстацыі і захавала сваю ліцэнзію.

То бок, яшчэ шэсць гадоў таму, з другога разу, але атэстацыйная камісія прызнала Бахціну «адпавядаючай сваёй кваліфікацыі». А зараз адвакатка сваю кваліфікацыю страціла? Хто ў такое паверыць?

Увогуле, адваката не павінны атэстоўваць нейкія камісіі. Больш, чым камісіі, за адваката кажуць яго кліенты. І з гэтым у Бахціной усё ў парадку. Ірына Халіп называе Бахціну не проста прафесіяналам. Яна ўзгадвае, што напярэдадні яе прысуду ў яе сына Даніка быў дзень нараджэння. І Бахціна, скарыстаўшыся тым, што толькі яна магла трапіць у кватэру да сваёй падабароннай (Халіп тады была пад хатнім арыштам) прывезла Даніку падарункі…

Эдуард Пальчыс, якога Бахціна бараніла ў 2016-м, кажа, што Бахціна — найлепшая з тых шасці адвакатаў, з якімі ён у сваім жыцці сустракаўся.

Гэта не Бахціна прайграла, гэта прайграла ўся адвакатура

Зараз Бахціна абараняе асноўнага фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага. І Ніна Шыдлоўская, якая апякуецца фігурантамі гэтай справы, кажа: «Ганна Бахціна — выключны прафесіянал і сумленны чалавек». А, даведаўшыся пра вырак суду, які адмовіў Бахціной у аднаўленні яе ліцэнзіі, напісала ў Фэйсбуку: «Маскоўскі раённы суд Мінска сёння зрабіў значна больш і горш, чым пацвердзіў пазбаўленне ліцэнзіі адной з самых вядомых адвакатак Беларусі Ганны Бахціной. Сёння за некалькі хвілінаў канчаткова былі «пастаўленыя на месца» ўсе адвакаты (якія, дарэчы, як і іншыя катэгорыі нашых суайчыннікаў, асаблівай салідарнасцю не адрозніваюцца)… Ганна Віктараўна, шаноўная і паважаная, мы цэнім Вас!»

Пры ўсёй павазе да Ніны Шыдлоўскай, варта адзначыць, што «ставіць на месца» ў адвакатуры, падаецца, больш няма каго. Бо яшчэ да судовага выраку здарылася самае прыкрае. Высветлілася, што, нават не чакаючы завяршэння суда, савет Мінскай гарадской калегіі адвакатаў па прадстаўленні Мінюста выключыў Ганну Бахціну з сябраў калегіі. І нават не палічыў неабходным паведаміць пра гэта. Ганна Віктараўна даведалася пра выключэнне наўпрост у судзе.

А вось наконт «больш і горш» — варта пагадзіцца. «Справу Бахціной» прайграла не Бахціна, а ўся адвакатура ў цэлым.

Нашы адвакаты як ніхто іншы павінны ведаць, якім чынам у Беларусі ажыццяўляецца «правасуддзе» — яны з гэтым сутыкаюцца штодня. Таму ў іх галовах заўсёды павінна гучаць песня Вячаслава Бутусава са словамі: «И если есть те, кто приходят к тебе, — найдутся и те, кто придет за тобой…» Сёння прыйшлі па Бахціну. Заўтра прыйдуць па любога адваката. Адседзецца не атрымаецца.

Гэта не Бахціна прайграла, гэта прайграла ўся адвакатура

Не атрымаецца таму, што ўся беспакаранасць, якая спачатку выяўляецца ў дачыненні да «палітычных», потым абавязкова распаўсюджваецца на астатняе грамадства. У свой час грамада прапусціла беспакаранасць супрацоўнікаў міліцыі, якія збівалі дэманстрантаў і здзекаваліся з пратэстоўцаў. Маўляў, гэта палітыка, мы ў яе не ўлазім. Застаўшыся без пакарання і асуджэння, праваахоўнікі адчулі сваю ўсёдазволенасць — і краіна запоўнілася такімі выпадкамі, як «справа Барбашынскага». Калі звычайнага, шараговага грамадзяніна міліцыянты злавілі на вуліцы, збілі, абвінавацілі ў супраціве міліцыі і пасадзілі ў турму, дзе ён памёр.

Тое ж самае адбудзецца з адвакатамі. Відавочна, што Бахціна перайшла сцяжынку дзяржаве, абараняючы Пальчыса, Валовіка, Лазоўскага. Адвакацкая супольнасць таксама можа сцвярджаць: «Сама нарвалася, мы ў палітыку не лезем». Але дзе гарантыя, што тая ж схема, апрацаваная на адвакатах «палітычных», заўтра не будзе выкарыстаная ў дачыненні, напрыклад, да адвакатаў бізнесоўцаў? Дый увогуле любых адвакатаў?

Такой гарантыі не тое што няма — з пазбаўленнем ліцэнзіі Бахціной з’яўляецца нават верагоднасць далейшага прымянення гэтай схемы ў іншых справах. Ужо ніяк не звязаных з палітыкай. Дарэчы, адвакатцы яшчэ аднаго фігуранта «справы патрыётаў» Наталлі Мацкевіч тая ж камісія прызначыла паўторную атэстацыю пра паўгода.

І цяпер усе адвакаты ведаюць: прафесійная супольнасць за іх не заступіцца. Калі калегія здала нават Бахціну, што можна казаць пра менш «раскручаных» адвакатаў? Хіба за іх хто-небудзь уздыме голас?

Таму «справа Бахціной» — прысуд не аднаму адвакату, а ўсёй сістэме адвакатуры ў цэлым. І ўсім грамадзянам нашай краіны, якія фактычна пазбаўляюцца права на сумленную прафесійную абарону.

Поделиться ссылкой: