Нагадаем, што 70-гадовая мінчанка Ніна Багінская — пастаянная ўдзельніца вулічных акцый. Пасля таго, як у мінулым годзе пенсіянерцы налічылі штрафы агульным памерам 7500 рублёў, каб спагнаць іх, судовыя выканаўцы абвясцілі аўкцыён па продажы лецішча грамадскай актывісткі ў вёсцы Дамашаны Смалявіцкага раёна. Першапачатковы кошт маёмасці быў 10 тысяч рублёў (каля 5 тысяч долараў), але лецішча так і не прадалі…

— На ўсіх аўкцыёнах, якія прайшлі, на лецішча ў Дамашанах не знайшлося ніводнага пакупніка, — распавядае Ніна Багінская. — З аддзела прымусовага выканання Смалявіцкага раёна мне паведамілі, што на трох аукцыёнах маё лецішча нікога не зацікавіла, а таму яны, што называецца, “адыходзяць ад справы”. Паперы пераслалі калегам ў Першаймайскі раён Мінска, дзе я і жыву. А адтуль і так пастаянна чую ў свой адрас: “Заплаціце штрафы!”

— Колькі іх ужо назбіралася ў вас?
— Відаць, больш за 30 тысяч рублёў (каля 15 тысяч долараў). Хаця, шчыра кажучы, дакладны падлік я не вяду, б мне гэта проста не цікава. Нават на пошту не хаджу і не атрымліваю паведамленні аб аплаце штрафаў.

— Якім чынам збіраюцца спагнаць з вас такую вялікую суму?
— З мінулага месяца пачалі вылічваць 50 працэнтаў з пенсіі, бо апошні раз я атрымала толькі 135 рублёў, а пенсія ў мяне была 270 рублёў. З 2015 года вылічвалі 20 працэнтаў, але зараз, можа быць, змянілася заканадаўства. Вось так у нас шануюць пенсіянераў! Забіраюць палову пенсіі за тое, што “демонстрирую бело-красно-белый флаг” і “громко выкрикиваю лозунг “Жыве Беларусь!” Я, дарэчы, суддзям сказала: “Я гучна не магу крычаць, бо пратэзы з роту вываляцца”.

— Наколькі я зразумеў, ваша лецішча ў Дамашанах выстаўляць на аукцыён больш не будуць?
— Так, але зараз збіраюцца выставіць на продаж маё другое лецішча, якое знаходзіцца ў вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна. І калі нерухомасць у Дамашанах першапачаткова ацанілі ў 10 тысяч рублёў, то гэтае лецішча — толькі ў 3500 рублёў (каля 1700 долараў). Гэта вельмі мала. Хаця, шчыра кажучы, хата там — не палац. З дошак збітая, на падпорках стаіць на балоце… Думаю, што гэтае лецішча на аукцыёнах чакае лёс папярэдняга — нікому не спатрэбіцца такое “шчасце”.