Галоўны трэнер “Кёльна”: Матч з БАТЭ будзе вельмі цяжкім, аднак нам трэба перамагаць

13

“Апошнія матчы мы прайгравалі з мінімальным лікам. І гэта стала для нас ударам: мы дзейнічалі вельмі нядрэнна, але ўсе вырашалі нейкія дробязі, якія цяжка прааналізаваць і выправіць, калі гуляеш праз два дні на трэці”, — адзначыў аўстрыйскі спецыяліст.

“Я не хачу цяпер казаць аб задачах у Лізе Еўропы. Мы цалкам сканцэнтраваныя на заўтрашнім матчы, на гэтых 90 хвілінах, якія нас чакаюць. Мы хочам і можам перамагчы. Тым больш перад сваімі гледачамі”, — падкрэсліў Шцёгер.

Пасля трох матчаў у Лізе Еўропы ў “Кёльна” няма ні аднаго ачка. 19 кастрычніка ў трэцім туры групавога раўнда ў Барысаве немцы пацярпелі паражэнне 0:1 (гол: Рыяс, 55). У 10 турах бундэслігі “казлы” (гэтая жывёліна намаляваная на эмблеме клуба) два разы згулялі ўнічыю і пацярпелі восем паражэнняў. Адзіны ў гэтым сезоне поспех — перамога ў 1/16 фіналу Кубка Германіі.

“У адрозненне ад гульцоў, я больш цярплівы, але кожны раз спадзяешся, што ў наступнай гульні ўжо сапраўды прарве. І калі такое нарэшце здарыцца, гэта будзе вялікі крок наперад у нашым развіцці”, — адзначыў трэнер.

Паводле прызнання 51-гадовага Шцёгера, цяперашні этап — самы складаны за час яго працы ў Кёльне (з 2013 года). “Кожныя тры дні даводзіцца адказваць на непрыемныя пытанні. Аднак у жыцці ў мяне бывалі перыяды больш складаныя. Напрыклад, калі я сядзеў без працы”, — адзначыў ён.

Адказваючы на пытанне БелаПАН (адзіны беларускі СМІ на прэс-канферэнцыі), які фактар у гэтым матчы стане вырашальным, улічваючы, што і ў БАТЭ, і ў “Кёльне” цяпер пануе не лепшы настрой з-за няўдач на ўнутраным фронце, Шцёгер заявіў: “Так, мы ведаем, што і ў суперніка нялёгкі перыяд. Каманда столькі разоў станавілася чэмпіёнам сваёй краіны, а зараз ідзе на трэцім месцы. Са свайго боку мы шукаем пазітыўныя моманты ў нашай гульні і абапіраемся на іх. Заўтра вырашальнымі будзе мноства фактараў, і псіхалагічны стан — адзін з іх”.

Як адзначыў варатар “Кёльна” Ціма Хорн, каманда нядрэнна глядзелася ў матчах з супернікамі па Лізе Еўропы. “У Барысаве гульня была роўная, але нам не хапала крэатыву ў атаках”, — сказаў галкіпер.

Матч “Кёльн” — БАТЭ пройдзе 2 лістапада, пачатак у 21.05 па мясцовым часе (23.05 па беларускім).

Становішча каманд у групе Н: “Арсенал” — 9 ачкоў (розніца мячоў 8-3), БАТЭ — 4 (4-5), “Црвена Звезда” — 4 (2-2), “Кёльн” — 0 (1-5). Барысаўчане апярэджваюць бялградцаў па колькасці мячоў, забітых у гасцях у асабістых сустрэчах (супернікі сустракаліся ў Сербіі, гульня завяршылася ўнічыю 1:1). Паводле вынікаў групавога раўнда дзве найлепшыя каманды выходзяць у 1/16 фіналу.

Сёння вечарам прэс-канферэнцыю ў Кёльне дасць галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч.

Поделиться ссылкой: