За візамі беларусы вымушаныя ездзіць у Маскву, Варшаву ці Кіеў. У 2016 годзе каля 18 тысяч грамадзян нашай краіны атрымалі візы ў амбасадах ЗША па ўсім свеце. Больш у такіх паездках не будзе патрэбы.

Сёння, 1 лістапада, мы робім першы крок ― зніжаем узроставы парог для заяўнікаў на турыстычныя візы з 70 гадоў да 50. Магчымасць атрымання турыстычных віз для ўсіх грамадзян мы плануем адкрыць на пачатку 2018 года. Гэта азначае, што ўпершыню за дзесяць гадоў любы грамадзянін Беларусі можа прыйсці ў амбасаду ЗША ў Мінску, каб атрымаць амерыканскую візу. Пакуль не магу назваць вам дакладную дату, калі гэта пачне працаваць. Будзем пашыраць нашы паслугі паступова, але спадзяемся, што пачнём гэта рабіць на пачатку 2018 года”, ― кажа Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі.

Мінск не меў нічога супраць такіх “візавых” планаў амбасады і нават нічога не запатрабаваў у адказ ад ЗША.

Роберт Райлі: “Беларускі бок адрэагаваў вельмі станоўча. Пашырэнне кантактаў важнае для абодвух нашых краін. Гэта не тая сітуацыя, калі беларускі бок мог бы патрабаваць нешта ўзамен. Гэты канкрэтны крок не з’яўляецца часткай нейкіх больш шырокіх пагадненняў паміж нашымі краінамі. У той жа час, мы працягваем з урадам Беларусі больш шырокую дыскусію шмат па якіх пытаннях нашых двухбаковых адносін. У тым ліку, па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі, развіцця гандлёвых адносін, а таксама па падтрыманні незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Спадзяемся, што гэты паступовы дыялог будзе працягвацца”.

Цяпер будуць разглядаць магчымасць пашырэння колькасці супрацоўнікаў місіі. Наколькі гэтая колькасць павялічыцца, Роберт Райлі адказу не дае. Як нічога не кажа і пра тое, калі на чале як амерыканскай, так і беларускай амбасады ў ЗША будзе не Часовы павераны, а Надзвычайны і паўнамоцны пасол.

Вядома, што з пачатку 2017 года грамадзяне ЗША могуць знаходзіцца ў Беларусі без віз цягам 5 дзён. Разлічваць на такі ж крок у адказ з боку ЗША беларускім грамадзянам пакуль не даводзіцца.

Роберт Райлі: “Працэс далучэння новай краіны да спісу краін, грамадзянам якіх не патрабуецца віза, каб прыехаць у ЗША, вельмі складаны і працяглы. Ён не залежыць ад таго, што гэтая краіны прапануе грамадзянам іншых краін у візавым пытанні. Я не магу сказаць, што гэта немагчыма, што некалі мы зможам абмяркоўваць з беларускім урадам такую магчымасць, але гэты працэс вельмі доўгі і складаны”.

Дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і ЗША узнік на пачатку сакавіка 2008 года. Пасля таго, як Міністэрства фінансаў ЗША размясціла на сваім сайце тлумачэнні аб увядзенні дадатковых абмежаванняў супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна “Белнафтахім”, у Мінск для кансультацый быў тэрмінова адкліканы беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў. А кіраўніку амерыканскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, Карэн Сцюарт, было настойліва рэкамендавана пакінуць краіну.

12 сакавіка 2008 года, пасля пагрозы высылкі, пасол ЗША Карэн Сцюарт (Karen B. Stewart) была адкліканая з Беларусі. Беларусь у аднабаковым парадку скараціла штат супрацоўнікаў беларускай місіі ў ЗША да 5 чалавек і запатрабавала таго ж ад амерыканскіх уладаў.

Адначасова была прыпыненая выдача віз беларусам. Амбасадай ЗША ў Беларусі і цяпер кіруе не Надзвычайны і паўнамоцны пасол, а Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі. На гэтую пасаду ў 2016 годзе быў прызначаны Роберт Райлі.