Аляксандра Меха ўсё ж такі асудзілі

26
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Народная Воля” падрабязна пісала пра здарэнне, якое адбылося з Алесем Мехам у жніўні бягучага года.

Нагадаем: Алесь зайшоў да свайго знаёмага Дзмітрыя Чарніцкага, якога ў горадзе ўсе ведаюць як дэмакратычнага актывіста. Падчас правядзення ў яго кватэры бытавых рамонтных работ Алесь Мех знайшоў пад шпалерамі прыстасаванне, якое вельмі нагадвала праслухоўку.

Па выхадзе на вуліцу на Меха і Чарніцкага напалі невядомыя людзі ў масках і збілі іх. Як высветлілася пазней, гэта былі супрацоўнікі АМАПа. Пасля жорсткага збіцця Мех і Чарніцкі апынуліся ў міліцэйскім пастарунку, дзе на іх склалі пратаколы “за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.

Першае судовае пасяджэнне скончылася апраўдальным рашэннем на карысць Меха, але кобрынскае міліцэйскае кіраўніцтва дабілася паўторнага разгляду справы.

У другі раз судовых пасяджэнняў было тры. На першым былі заслуханы сведкі з боку Алеся Меха, а таксама оперупаўнаважаны Кобрынскага РУУС Ігар Карповіч. Паказанні бакоў адрозніваліся: Мех сцвярджаў, што ў пад’ездзе яго душыў невядомы чалавек у масцы, Карповіч жа казаў, што затрыманне Меха не насіла брутальнага характару.

Каб разабрацца ў сітуацыі, суддзя Пётр Цімашэнка задаволіў хадайніцтва Меха аб выкліку ў суд тых самых амапаўцаў, якія бралі ўдзел у затрыманні Алеся.

– Двое супрацоўнікаў АМАПа і сапраўды выступілі ў судзе, – распавядае “Народнай Волі” Алесь Мех. – Але ўпэненасці ў тым, што гэта былі менавіта тыя службоўцы, у мяне няма. У пад’ездзе яны былі ў масках, таму ў судзе я нікога апазнаць не змог. На маё прамое пытанне “Навошта вы мяне душылі?” гэтыя хлопцы, зрабіўшы здзіўлены выгляд, сказалі: “Ніхто вас не душыў…” Суддзі Пятру Цімашэнку гэтага хапіла, каб стаць на іх бок і прызнаць мяне вінаватым у непадпарадкаванні патрабаванням міліцыянтаў. Мяне аштрафавалі на пяць базавых велічынь.

– Алесь, такое рашэнне для вас было чаканым?

– Так. Суд пакараў мяне штрафам, каб прыкрыць іншае злачынства. Бо не вядома, як і на якой падставе праслухоўка, якую я знайшоў, апынулася ў кватэры Дзмітрыя Чарніцкага. Гэта ж усё было незаконна, таму і была справакавана гэтая справа ў дачыненні да мяне.

Але галоўным вынікам суда я лічу тое, што падчас гэтых пасяджэнняў былі выяўлены ўдзельнікі гэтага беззаконня. Цяпер мы ведаем імёны злачынцаў – а для мяне яны ўсе злачынцы. У мяне ёсць іх імёны і прозвішчы, ёсць, у тым ліку дзякуючы і “Народнай Волі”, аўдыёзапісы іх ілжывых сведчанняў. Рана ці позна такія справы ў Беларусі будуць масава перагледжвацца, а вінаватых прыцягнуць да адказнасці.

Алесь Мех будзе абскарджваць прынятае судом рашэнне. Актывіст рыхтуе адпаведныя дакументы ў Брэсцкі абласны суд.

Поделиться ссылкой: