Трэці шлюб – самы трывалы
На інтэрв’ю Вайцюшкевіч прыехаў з дзіцячага садка – адвозіў дачку. І я не сумнявалася, што садок – беларускамоўны.
– Не, аддалі ў самы звычайны сад, не беларускамоўны, а той, які бліжэй да дому, – шчыра адказаў артыст. – Я ўжо адчуваю, колькі злых каментарыяў паляціць у мой бок з-за такога прызнання, але насамрэч усё проста. Мы жывём пад Мінскам і не сталі вазіцца з афармленнем дзіцяці ў садок, дзе ёсць беларускамоўная група. Але мы па-беларуску гаворым дома, а таксама з некаторымі сваякамі.
– Вашай дачцэ хутка шэсць. Са школай ужо вызначыліся?
– Думаю, пойдзе ў Астрашыцкую. Туды і Язэп, яе старэйшы брат, ходзіць. З майго пункту гледжання, нармальная школа, пабораў ніякіх няма.
Мы паўгода таму былі ў варшаўскай школе, і там правілы нават больш строгія, чым у беларускіх школах. Язэпа не пускалі нават на двор школьнай вуліцы. А можа, нам проста не пашанцавала са школай – мы, як звычайна, выбіралі тую, што бліжэй да дома, у якім мы жылі ў Варшаве падчас стыпендыяльнай праграмы.
– А ў Польшчы на якой мове сын вучыўся?
– На польскай. Праблем з камунікацыяй не было. Ён думаў, што гаворыць з дзецьмі па-польску, а насамрэч гэта была беларуская мова. Можна сказаць, што дзякуючы нашай з жонкай польскай стыпендыі Язэп загаварыў па-беларуску. Быў час, калі ён не вельмі хацеў – вакол яго быў такі больш расійскі асяродак. Хаця калі хросны бацька Стэфан Эрыксан (былы амбасадар Швецыі ў Беларусі. – Аўт.) пачынаў размяўляць па-беларуску, і Язэп, і Стэфа адносна лёгка пераходзілі з ім на беларускую.
– У вас ёсць сын ад аднаго з папярэдніх шлюбаў. Некалькі гадоў таму вы распавядалі, што не маглі наладзіць з ім кантакт. Як цяпер?
– Сын жыве з мамай у Германіі. Сёння ў нас з ім спакойныя стасункі, без эмоцый. Спадзяюся, яны пяройдуць у новую якасць. Негатыву на мой адрас з яго боку няма, але і цікавасці не прасочваецца. Але, як кажуць нашы ўрадавыя эканамісты, дынаміка станоўчая.
– Быў час, калі вам увогуле забаранілі з ім бачыцца…
– Так. Там было шмат розных абставін… Хто ў гэтым вінаваты? І я таксама. Але з часам некаторыя пытанні адпадаюць самі сабой.
– Вы шмат часу праводзіце з дзецьмі?
– Канешне, жонка скажа, што мала. Я сапраўды ўвесь час у раз’ездах, да таго ж часта ўцякаю на Нёман – там у мяне хутар, аграсядзіба, дзе я проста павінен быць. І здараецца так, што прапаную дзецям і жонцы паехаць разам, яны адмаўляюцца, і я еду адзін.
Але пры гэтым стараюся прыслухоўвацца да просьбы жонкі наконт дзяцей. І часам адкладаю справы, каб пагуляцца з імі ў нейкія некамп’ютарныя гульні. Гэта збліжае. Я стараюся быць сябрам сваім дзецям. І ўвогуле з імі вельмі мяккі.
– Ведаю сем’і, дзе муж і жонка маюць прынцыпова розныя погляды на выхаванне дзяцей, з-за чаго ўзнікаюць канфлікты…
– Па-рознаму бывае, але мая жонка вельмі разумная. Бо жыць з Вайцюшкевічам – гэта яшчэ тое выпрабаванне! Я думаю, калі-небудзь яна ўсё напіша пра наша жыццё (усміхаецца). Ну і потым, я не люблю сварыцца. Сваркі адбіраюць шмат сіл.
Адкрыю сакрэт: раней, калі ўзнікалі нейкія непаразуменні, жонка магла са мной паўдня не размаўляць. Я тады яе маўчанне выкарыстоўваў на сваю карысць – не пытаўся ў яе, калі трэба, напрыклад, было некуды з’ехаць. Яна зразумела, што гэта неканструктыўна, што я гэтым карыстаюся, і мы ўвогуле перасталі сварыцца з-за нейкіх дробязяў.
– Вы з Галінай разам, калі не памыляюся, больш за 10 гадоў…
– Так, гэта мой самы трывалы шлюб. І я хацеў бы, каб ён быў апошні.
– Ваша жонка таксама музыкант, дырыжор Concordia Chor. Ёй хапае часу на творчую рэалізацыю?
– Яна са сваім хорам аб’ехала палову Еўропы! Хор самадзейны, але спявае на вельмі высокім узроўні, яго не сорамна паказаць дзе заўгодна. А што тычыцца недахопу часу, то мы ўсе можам зрабіць вінаватымі сітуацыю. Мне таксама не хапае часу на працу, на канцэнтрацыю. Аднак практыка паказвае, што іншы раз дастаткова пяці хвілін на тое, каб у галаве нарадзілася геніяльная ідэя. Мне падаецца, калі ты хочаш нешта рабіць, то знойдзеш магчымасць. Тым больш дзеці растуць і часу становіцца больш. Але нават і за гэтыя гады жонка вельмі шмат зрабіла са сваім хорам.
– Вы ў адным інтэрв’ю казалі, што са сваёй першай жонкай Веранікай Кругловай рассталіся, як у дрэнным кіно.
– Гэта было сказана не толькі пра асабістыя адносіны. Дрэннае кіно было звязана перш за ўсё з гуртом “Крыві”. Яны вырашылі, што мне там не месца, хаця я вельмі шмат сіл і сродкаў паклаў на тое, каб гурт раскруціўся, быў ягоным рухавіком. А зараз гэтага матора няма – і дзе “Крыві”?
– Як вам удаецца падтрымліваць з усімі сваімі былымі каханкамі добрыя адносіны?
– Вельмі добра заставацца ў нейкім пазітыўным коле. Увогуле, гэта ж мара любога мужчыны – сабраць усіх сябровак разам, каб ніхто не сварыўся, не высвятляў, хто каго любіць… Гэта такі прыемны сон… (Смяецца.)

На здаровы лад жыцця грошай не шкада
Зміцер Вайцюшкевіч разам з сям’ёй жыве ў Астрашыцкім гарадку пад Мінскам. Гаворыць, месца яму вельмі падабаецца – жывое мястэчка без ціхай могілкавай атмасферы. На паркоўцы ля мясцовай школы стаяць “Лэндроверы”, “Мерседэсы”. А здавалася б, вясковая школа!
Дом, дзе жыве артыст, належыць бацькам ягонай жонкі.

– Калі казаць пра зямлю і домаўладанне, то заўважу, што ўсё гэта вельмі няпроста, – гаворыць музыкант. – Раней мне здавалася: 25 сотак – гэта ж так мала!
– Ага, а выкасіць?
– Вось і я пра гэта. А калі ў цябе два дамы, то пастаянна стаіш перад выбарам: быць рабом гэтых пабудоў і пастаянна працаваць на іх утрыманне альбо дазволіць сабе нешта іншае. Было б, канешне, не кісла мець кватэру ў цэнтры Мінска, каб можна было расслабіцца. Але я настолькі адвык ад гарадскога жыцця… На Зыбіцкай пабываў толькі месяц таму – прайшоўся днём, паглядзеў, і мяне моцна ўразіла, што гэта – Мінск! Рэстаранна-клубнае жыццё ў нас развіваецца, горад вельмі змяніўся, і гэта класна. З’явіўся нейкі такі еўрапейскі стыль… Але мне ўсё ж больш падабаецца вясковае жыццё ў маіх “Вайцюшках”.
Аграбізнес – гэта не проста прыгожа сустрэць гасцей. Ты мусіш рабіць шмат чарнавой работы, якая застаецца за кадрам: прыбіраць пасцелі, пыласосіць. Дзякуй Богу, у нас не было такога, што пасля ад’езду гасцей думаеш: “Лепей бы яны не прыязджалі…” Што тычыцца чысціні ў хаце, то мы з жонкай абодва бяром ёршыкі і чысцім усё, што трэба. Я ў “Вайцюшках” і дырэктар, і прадзюсар, і прыбіральшчык адначасова! І дровы сяку, і какашкі за катом прыбіраю…
– Побытавыя моманты вас не выводзяць з раўнавагі?
– Мяне раздражняе толькі халодны суп. І хвалюе пусты паліўны бак у машыне. А астатняе – дробязі, не страшна.
Я спрабую стварыць у “Вайцюшках” культурніцкую пляцоўку. Мы праводзім і Купалле, і фестываль аўтарскай песні, і беларуская паэзія гучыць. Такіх месцаў не так шмат.
Я троху паездзіў па іншых маёнтках, пазнаёміўся з некаторымі гаспадарамі. Недалёка ад украінскай мяжы ёсць сядзіба, дзе гектар зямлі! Там і кафэ, і фермерская гаспадарка, і камбайны. У мяне з тэхнікі толькі газонакасілка, ні гусей, ні кур мы не трымаем. Гэта патрабуе шмат сіл. Шчыра скажу – я проста фізічна ляснуўся б, калі б гэта ўсё было!
– Між іншым, вы ў нядрэннай фізічнай форме…
– Што тычыцца здаровага ладу жыцця, то я ўжо чацвёрты год хаджу ў качалку. Нехта кажа, што я раскабанеў, але не! Гэта не тлушч, а мышцы! (Смяецца.)
Быў перыяд, калі я гадоў сем хадзіў у басейн на плошчы Якуба Коласа, мяне нават там пазнавалі, мне было прыемна.
Зараз хаджу ў трэнажорную залу ў Бараўлянах. Там ніхто не штурхаецца, ёсць месца для паркоўкі, што вельмі важна. І паўсюль, дзе бываю, абавязкова іду ў трэнажорную залу. У Вашынгтоне, Капенгагене і нават у сваёй радной Бярозаўцы – там тры рублі каштуе наведванне, і мне гэта вельмі падабаецца. Хаця ў Амерыцы таксама прыкладна такія ж кошты – каля двух долараў. Праўда, у Амерыцы нельга рабіць сэлфі ў качалках. Бо там могуць быць “віпы”, і ўвогуле лічыцца, што трэнажорная зала – гэта ўжо такая асабістая прастора, у якую не варта лезці са сваім фотаапаратам, бо можаш выпадкова з кімсьці трапіць у кадр. Мне, дарэчы, у Вашынгтоне таксама зрабілі заўвагу за гэта.
Мне не шкада плаціць грошы за тое, што прынята называць здаровым ладам жыцця, бо гэта дапамагае быць у форме, добрым настроі і не думаць пра беларускія паліклінікі.
– Дарэчы, пра фінансы. Два дамы, дзеці, музыка – гэта ўсё вымагае немалых сродкаў…
– Я шмат езджу з канцэртамі, нейкі мінімальны даход прыносіць аграбізнес, але ён жа і патрабуе сур’ёзных інвестыцый у інфраструктуру.
– Мне падаецца, вы маглі б быць адным з самых забяспечаных беларускіх артыстаў…
– Думаю, мог бы наблізіцца да тых лічбаў, пра якія гаворыць Аляксандр Саладуха. Пры ўмове легальнай працы і пры такім комплексным падыходзе, які выкарыстоўвае Саладуха (выступленні ў дамах культуры, на карпаратывах, святах горада і іншых мерапрыемствах), зарабляў бы каля трохсот тысяч долараў у год.
– Саладуху, між іншым, варта аддаць належнае. Ён нават у крызіс без грошай не сядзеў, а па рэгіёнах з канцэртамі ездзіў.
– Так, як бы да яго ні ставіліся, Саша сапраўды рабацяга. І дай Бог кожнаму і на папулярнай, і на рокавай сцэнах так працаваць! Я на сваіх канцэртах часта ўзгадваю Саладуху, бо гэта такі пазнавальны вобраз, над якім можна яшчэ і па-харошаму жартаваць.
Але калі сёння некаторыя кажуць, што трэба звяртаць увагу перш за ўсё на сваіх палітыкаў, то трэба гаварыць і пра культуру, пра сваіх артыстаў. А не проста быць тэрыторыяй для заробкаў артыстаў з суседніх краін. Харошых артыстаў, але ж трэба развіваць і сваё! У гэтым ёсць перспектыва.

Нацыя без зорак
2 лістапада Зміцер Вайцюшкевіч выступае ў Канцэртнай зале “Мінск”. Можна сказаць, гэта першы канцэрт Вайцюшкевіча на вялікай сцэне пасля доўгіх гадоў забароны і так званых “чорных спісаў”.

– Гэты канцэрт для мяне важны, – гаворыць артыст. – Апошні раз такі канцэрт быў восем гадоў таму. Язэпу тады было паўгода.
– І зала была паўнюткай.
– А потым сітуацыя змянілася: 2010 год, прэзідэнцкія выбары, я выступаў на мітынгах, адкрыта падтрымліваў Уладзіміра Някляева. Мы і дагэтуль сябры з Уладзімірам Пракопавічам.
– Як прадаюцца квіткі на канцэрт?
– Зала амаль прададзена. Засталося няшмат білетаў, прычым спачатку выкупілі самыя дарагія і самыя лепшыя месцы.
У прынцыпе, на 8 Сакавіка можна было б сабраць Палац Рэспублікі. А чаму не?
– Некаторыя лічаць, што ў нас зашмат канцэртаў розных зорак.
– Магу запэўніць, што ў Бярозаўцы і іншых рэгіёнах іх дакладна не шмат. І тыя артысты, якія туды прыязджаюць, не могуць сабраць залу. Але не таму, што дрэнныя, а таму, што пяць рублёў за квіток у рэгіёне – гэта дорага. Адкуль беларусы бяруць грошы на культурныя мерапрыемствы – я не ведаю, шчыра кажу. Вечнае пытанне: чаму так дорага каштуе білет на канцэрт, гарэлка ж танней?!
Некаторыя беларускія артысты выходзяць на сцэну і думаюць: у меня харошы касцюм, высокі голас, я прыгожы, я артыст! Але гэтага недастаткова. Павінна быць нешта яшчэ, дзеля чаго людзі прыходзяць на твае канцэрты, спыняюць увагу, заглядваюць у вочы. Павінна быць глыбіня, нейкая суперідэя, харызма. У артыста вочы не павінны быць пустыя.
Я вельмі рады, што на мой канцэрт, на канцэрты Лявона Вольскага білеты прадаюцца. І мне не трэба пісаць лісты у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі з просьбамі: “Дапамажыце запоўніць залу!” У гэтым сэнсе людзі галасуюць рублём. Ніхто не крычыць пра тое, што гэта кепскі артыст, а гэты харошы, людзі проста ідуць і ціха купляюць білеты на таго, хто ім падабаецца.
– Пару гадоў таму вы казалі, што хочаце стварыць прыватны Тэатр беларускага мюзікла. Колькі грошай вам не хапае для ажыццяўлення мары?
– Калі б я дакладна ведаў, што мне для справы патрэбны мільён долараў, я знайшоў бы гэтыя грошы. А з тэатрам… Я лічу, што гораду патрэбна такая пляцоўка. Нехта скажа, што ёсць музкамедыя, прыватная ініцыятыва “Тэрыторыя мюзікла”, але я кажу менавіта пра беларускі музычны тэатр еўрапейскага ўзроўню. Можа, зараз я і не гатовы да ажыццяўлення такога праекта. Але! Ёсць чэшскі бард Ярамір Нагавіца, які ў 62 гады адкрыў свой маленькі клуб на 160–200 чалавек у горадзе, дзе нарадзіўся. Там можна выпіць, закусіць і паслухаць цікавую музыку. Ён і сам там выступае. Так што мне яшчэ ўзрост дазваляе крыху падумаць над ідэяй (усміхаецца).
Напрыклад, пад Беластокам ёсць маленькі тэатр, куды прыязджаюць на прэм’еры людзі з усёй Польшчы. Я вельмі хацеў бы, каб нешта падобнае было і ў Беларусі. Увогуле, такія камерныя культурніцкія пляцоўкі вельмі патрэбныя. І яны павінны быць не толькі ў сталіцы. Бо не толькі заводы і замкі могуць прыцягваць турыстаў, тэатры – таксама. У рэгіёнах можна рабіць тэатральныя школы для дзетак. Ідэй шмат!
– Апошнім часам часта сустракаюся з меркаваннем, што, маўляў, у Беларусі не існуе свецкага жыцця, яно ёсць толькі ў Маскве, дзе сапраўдныя зоркі. Вы з гэтым згодны?
– Не! Проста мы яшчэ не навучыліся жыць праблемамі і інтарэсамі сваіх уласных эліт. Нашы зоркі, паэты і нават палітыкі для нас быццам бы нейкія недаробленыя…
– Але калі, напрыклад, вы распавядаеце пра сваё няўдалае альбо вельмі ўдалае каханне – гэта не горш, чым тэкст з “Каравана историй”. А можа, нават, і цікавей – бо вы тутэйшы, вас можна сустрэць у кавярні, магазіне, на мітынгу…
– Шкада, але некаторыя беларусы прызвычаіліся жыць з такой каланіяльнай свядомасцю. Калі адной рукой прыніжаюць сваіх, кідаюць за краты лепшых паэтаў, а другой раздаюць ордэны незразумелым расійскім прадзюсарам і выканаўцам. Зразумела, што эліты, якія зараз кіруюць краінай, купляюць і атрымліваюць у падарунак квіткі на Стаса Міхайлава і Мікалая Баскава. І пры гэтым Нацыянальны фестываль песні і паэзіі адбываецца ў нас амаль у сакрэтным рэжыме, гэта нейкі такі лакальны маладзечанскі міжсабойчык. А вось той жа “Славянскі базар” альбо “Песня года” транслююцца на шырокую аўдыторыю.
Зараз у Беларусі росквіт рэстараннага бізнесу. Спадзяюся, некалі дойдзе чарга і да культуры, да палявання (у добрым сэнсе гэтага слова) на сваіх зорак. І аднойчы я не змагу ў сваіх “Вайцюшках”, пардон, выйсці аголеным на траўку, бо ў кустах будуць сядзець папарацы і пільнаваць кожны мой крок.
Між іншым, папулярнасць – яна вельмі розная. Некаторыя людзі, маючы грошы і вялікі поспех, накладваюць на сябе рукі, бо не могуць знайсці адказ на глабальныя пытанні: хто я, дзеля чаго жыву? Гэта амерыканскі стыль. І ёсць іншая, лакальная папулярнасць – як у краінах Балтыі. Калі Данатаса Баніёніса сустракалі на вуліцы, ніхто яго не рваў на кавалкі, але з ім усе віталіся. Гэта стыль. А Беларусь у гэтым сэнсе пакуль такая прастора і нацыя без стылю, без сваіх зорак, без жадання быць глабальна папулярнымі і ацаніць сваю лакальную ўнікальнасць. Гэтаму трэба вучыцца.
– Як вы рэагуеце, калі пад цікавымі інтэрв’ю з беларускімі зоркамі адзін за адным з’яўляюцца каментарыі: “А хто гэта?”, “Вам што, больш пісаць няма пра каго?”?
– Гэта таксама праблема таго, што частка грамадства жыве ў нейкім сваім свеце. І трэба навучыцца з гэтым сябраваць, не крыўдзіцца, не звяртаць увагі. Дарэчы, калі вобраз той ці іншай зоркі некага раздражняе – гэта таксама добра, значыць, ён пазнавальны. Толькі варта навучыцца правільна рэагаваць на такія выпады. У кожнага з нас ёсць шмат рэчаў і месцаў, якія даюць сілу і натхненне. Вось на іх, на сваёй справе і варта засяроджвацца. А калі ты жывеш толькі каментарыямі – ну, тады вешайся…