Паводле жонкі палітыка, міліцыянты на працягу ўсяго дня пільнавалі яе машыну.

«Мы вярталіся дадому, праехалі мтраў пяцьсот, як нас спыніла ДАІ», — распавяла Адамовіч.

Абноўлена. Адамовіч кажа, што даведалася пра месцазнаходжаньне мужа: Статкевіч у ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Затрыманы ён нібыта, па «старой» пастанове, за акцыю 8 верасьня, паводле якой яго раней асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам выйсьці на волю ён павінен 4- лістапада а 20:30.

Але пакуль афіцыйна не вядома за што менавіта затрымалі Статкевіча. Сам палітык казаў раней, што атрымаў позву ў суд за тое, што даў журналістам інтэрв’ю пад турмой на Акрэсціна 7 кастрычніка ў Мінску пасля адбыцьця 15-сутачнага арышту, у якім распавёў пра «спробу заразіць яго сухотамі».

Таксама ён меркаваў, што неўзабаве пракуратура ды судовыя органы пачнуць дасылаць выклікі ды позвы па выніках «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся 21 кастрычніка ў Мінску і адным з арганізатарам якога выступаў Статкевіч.

Гэта ўжо шостае затрыманьне палітыка сёлета. Разам ён правёў за кратамі 34 дні.

31 кастрычніка Мікалай Статкевіч планаваў выступіць на сесіі Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» («Эўранэст») у Кіеве.