Праект дакумента разглядаўся сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў пад старшынствам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, перадае БЕЛТА.

Праект стратэгіі распрацаваны пры падрыхтоўцы да правядзення II З’езда вучоных Беларусі. Яе распрацоўка стане адным з ключавых мерапрыемстваў Года навукі.

Стратэгія павінна стаць дакументам, які вызначыць асноўныя прыярытэты навукова-тэхналагічнага развіцця Беларусі на доўгатэрміновую перспектыву.

«Стратэгія «Навука і тэхналогіі: 2018-2040″ будзе базавым дакументам для распрацоўкі праграм па навукова-тэхнічным развіцці, прагнозных дакументаў на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву, таму папрашу ўсіх уважліва да яго паставіцца. Гэта не нейкая абстракцыя або вельмі аддаленая перспектыва. Разглядаемае сёння пытанне звышактуальна», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Як растлумачыў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, такія стратэгіі ёсць у многіх краінах. Пры падрыхтоўцы праекта дакумента «Навука і тэхналогіі: 2018-2040» НАН вывучыла і абагульніла лепшы сусветны вопыт.

Ён звярнуў увагу, што навука развіваецца хуткімі тэмпамі, з’яўляюцца новыя распрацоўкі ў сферы IT, штучнага інтэлекту, робататэхнікі і г.д. «Вядома, наша краіна не павінна ў гэтым плане адставаць. У нас ёсць добры патэнцыял, высокакваліфікаваныя кадры для развіцця навукі», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

У стратэгіі прапануецца абазначыць мерапрыемствы для трох этапаў — 2018-2020 гады, 2020-2030, 2030-2040. У дакуменце будуць прапісаны арыенціры і індыкатары развіцця для кожнага з іх.

Плануецца, што фінансаванне навукі будзе павялічвацца.

Адным з важных мерапрыемстваў стане падрыхтоўка да новай прамысловай рэвалюцыі, або «Індустрыі 4.0», як яе яшчэ называюць. Яна грунтуецца на інфарматызацыі і лачбавай эканоміцы, аднак пры ўкараненні новых тэхналогій трэба будзе ўлічыць спецыфіку беларускай вытворчасці, а таксама яе спецыялізацыю, звярнуў увагу старшыня Прэзідыума НАН.