Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Учора 70-гадовы юбілей адзначыў знакаміты беларускі харэограф, народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў.
15:14 31 кастрычнiка 2017
60
Памер шрыфта
Фото: google.by

Сёння, 31 кастрычніка, на сцэне Вялікага тэатра пакажуць легендарны елізар’еўскі балет “Спартак” – ён ідзе ўжо 37 гадоў! Аднаўляў спектакль сам Валянцін Мікалаевіч – ён правёў сем рэпетыцый з артыстамі.

“Тыя нямногія рэпетыцыі, якія мне дадзены, прайшлі вельмі прадуктыўна, – гаворыць Елізар’еў. – Усе, з кім я кантактаваў, працавалі вельмі добра, нават выдатна”.

2 лістапада ў Мінск на канцэрт у гонар Валянціна Елізар’ева прыедуць зоркі балета амаль з усіх куткоў свету. Будуць нават танцоўшчыкі з Кітая! Павіншаваць юбіляра прыедуць Юрый Грыгаровіч і Мікалай Цыскарыдзэ, Святлана Захарава, Раду Паклітару і іншыя.

Квіткоў на гала-канцэрт і на “Спартак” не знайсці – яны былі выкуплены імгненна. Ажыятаж неверагодны!

Гэтымі днямі на адрас Валянціна Мікалаевіча гучыць шмат цёплых і прыемных слоў, у тым ліку і з вуснаў высокіх чыноўнікаў.

Міністр культуры Юрый Бондар адзначыў: “Валяцін Мікалаевіч – наш гонар, аблічча беларускага балета. Ён таленавіты чалавек з інавацыйнымі ідэямі, са сваім унікальным стылем. Гэта старонка, напісаная залатымі літарамі ў гісторыі прафесіянальнага мастацтва нашай краіны”.

З юбілеем Елізар’ева павіншаваў і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Ваша імя непарыўна звязана са станаўленнем, вышэйшымі дасягненнямі і сусветным прызнаннем беларускага балета. Створаныя Вамі спектаклі ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай харэаграфіі, карыстаюцца нязменным поспехам і выклікаюць незабыўныя ўражанні ў гледачоў, – гаворыцца ў віншаванні. – Вы з’яўляецеся прыкладам самаадданага служэння мастацтву. Таму ўпэўнены, што Ваш талент, энергія, натхненне і ў далейшым будуць спрыяць росквіту айчыннай культуры”.

Нагадаем, Валянцін Елізар’еў сышоў з пасады мастацкага кіраўніка – дырэктара Тэатра балета ў 2009 годзе. Пасля рэканструкцыі тэатра яму прапанавалі застацца мастацкім кіраўніком балета.

«Я працаваў на гэтай пасадзе 36 гадоў. Мне здавалася, што мае веды і вопыт могуць быць выкарыстаны лепш», – сказаў Валяцін Елізар’еў, які ў 26 гадоў стаў галоўным балетмайстрам Тэатра оперы і балета Беларусі. І напісаў заяву аб сыходзе, якую тут жа падпісалі. Дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета прызначылі былога намесніка міністра культуры, чыноўніка са стажам Уладзіміра Грыдзюшку.

Апошнія гады Елізар’ева быццам бы не заўважалі. Увесь гэты час знакаміты харэограф, які большую частку свайго жыцця прысвяціў беларускаму балету, заходзіў у тэатр не праз службовы, а праз парадны ўваход. Елізар’еў прыходзіў у Вялікі тэатр не па запрашальніках, на ўсе спектаклі, у тым ліку і прэм’ерныя, сам купляў квіткі. Як звычайны глядач.

Валянцін Елізар’еў ставіў балеты ў замежжы. Ён хоць і не паказваў віду, але ў душы, відаць, пакутаваў. Бо мог жа яшчэ ставіць свае геніяльныя спектаклі тут, у Беларусі, праслаўляць краіну! Але кіраўніцтва Вялікага тэатра за восем гадоў чамусьці так і не зрабіла Елізар’еву такой творчай прапановы, ад якой той не змог бы адмовіцца.

Спектаклі ў пастаноўцы Елізар’ева сёння не часта з’яўляюцца ў афішы Вялікага тэатра оперы і балета. Напрыклад, у гэтым тэатральным сезоне той жа “Спартак” пакажуць 2 лістапада, а потым – толькі 18 мая. Да канца сезона можна ўбачыць яшчэ некалькі спектакляў Елізар’ева – “Рамэа і Джульета” (адбудзецца па адным паказе ў студзені, сакавіку, красавіку і маі) і “Рагнеда” (пакажуць толькі 9 лютага).

Ці стане юбілей Елізар’ева нагодай для яго вяртання ў тэатр? Альбо ўрачыстасці адгрымяць, кветкі засохнуць, а прыгожыя словы растворацца ў атмасферы?

Сам Валянцін Елізар’еў не мае адказу на гэтае пытанне.

“Я лічу, што будзе вельмі карысным працягнуць паказ “Спартака”, тым больш што ён карыстаецца надзвычайным інтарэсам у публікі”, – сказаў журналістам нядаўна прызначаны міністр культуры Юрый Бондар.

Паводле інфармацыі “Народнай Волі”, пакуль ніякіх канкрэтных прапаноў аб працы ў тэатры і новых пастаноўках Елізар’еву не паступала. А як будзе далей – пакажа час.

Тэмы:, , , , , , , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

13 кастрычнiка 2017

Рекорд для Книги Гиннеса: балет Валентина Елизарьева «Спартак» живет уже 37 лет

Именно этим спектаклем народный артист СССР Валентин Николаевич Елизарьев открывает торжества по случаю своего юбилея, которые пройдут в Большом театре Беларуси 31 октября и 2 ноября.
6 верасня 2017

Як адзін беларускі балет выклікае ўжо другі скандал у Літве

У студзені 2018 года Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета Беларусі плануе паказаць у Вільні балет "Вітаўт". Гэта культурная падзея ўжо стала нагодай для палітычных заяў.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.