Наста Гусева. Актывістка Маладога Фронту

Адзначаць Хэлоўін ці не – асабістая справа кожнага. Само святкаванне вельмі маркетызаванае і нейкага сакральнага сэнсу на дадзены момант не мае. Галоўнае – купляй рогі ад чорта ды ідзі ў клуб, а там таксама не забудзь нешта купіць. Вось і ўсё святкаванне. Карані Хэлоўіна сыходзяць у паганства, а масава адзначаць паганскае свята у хрысціянскай краіне я не бачу ніякага сэнсу”.

Юрась Лукашэвіч. Старшыня Моладзі БНФ

Святкаванні Хэлоўіна: за ці супраць?
Фота з адкрытых крыніц

“Мы цалкам падтрымліваем ідэю святкавання Хэлоўіна ў нашай краіне. Штогод тысячы маладых людзей апранаюцца ў розныя касцюмы, ходзяць па горадзе, спяваюць. Святкаванне Хэлоўіна – натуральная з’ява для моладзі. Ды і што такое Хэлоўін? Гэта дзень, калі душы памерлых спускаюцца на Зямлю і кантактуюць з жывымі людзьмі. Гэта і ёсць нашыя Дзяды, толькі ў больш прывабнай форме для маладых людзей. На Захадзе, хрысціянскія вернікі ў большасці сваёй ставяцца нейтральна да гэтага ці нават з усмешкай дазваляюць святкаваць у сваіх прыходах; і толькі ў нас гэта чамусьці выклікае нейкі «ажыятаж». Ну і самае галоўнае – ніводная палітычная сіла не павінна прыкрывацца рэлігіяй і ўказваць людзям, што ім святкаваць, а што не. У палітыкаў і палітычных сіл павіны быць іншыя задачы і мэты, а не забарона святкавання Хэлоўіна. Асабіста я не святкую гэта, але цалкам раздзяляю і паважаю выбар іншых.

Аліна Нагорная. Сябра Рады “Дзеі”

Святкаванні Хэлоўіна: за ці супраць?
Фота з адкрытых крыніц

“Варта спачатку задумацца, што такое Хэлоўін? Зараз для кагосьці – гэта нагода цікава правесьці вечар, для кагосьці — вельмі спрэчная з’ява ў беларускай культуры, для кагосьці – глыбока рэлігійнае пытанне.
Хэлоўін бярэ свае карані ў культуры кельтаў. Яны верылі ў тое, што ў гэтую ноч мяжа паміж светам жывых і памерлых звужаецца. Верылі, што Саўін (бог смерці) кантраляваў душы памерлых. У гэтую ноч ён накіроўваў у свет жывых душы асуджаных. Кельты пераапраналіся ў касцюмы, каб злыя духі прымалі іх за сваіх і не чапалі, палілі вогнішчы, прыносілі яму ахвяры.
Выбар, ці адзначаць Хэлоўін, павінен заставацца за кожным асабіста. Але калі мы кажам пра свабоду асобы і пра правы чалавека на веравызнанне, то на маю думку, кожны вольны адзначаць тое, у што ён верыць”.

Алена Слуцковіч. Старшыня Маладых Дэмакратаў АГП

Святкаванні Хэлоўіна: за ці супраць?
Фота: Радыё Свабода

“Хэлоўін – Дзень Усіх Святых. Для нашай моладзі гэта ў асноўным нагода зладзіць сабе вясёлую вечарыну. І плюс, гэта магчымасць далучыцца да заходняй культуры. Хаця Хэлоўін і кельцкага паходжання, але ж цяпер яго адзначаюць шмат у якіх краінах свету. Такім чынам, калі моладзь адзначае гэтае свята, то сапраўды існуе момант далучэння да заходняй культуры, заходняга свята. Наша арганізацыя аб’ядноўвае маладых лібералаў, якія прытрымліваюцца еўрапейскіх каштоўнасцяў. Нашыя чальцы, якія адзначаюць Хэлоўін, робяць гэта ў тым ліку і з нагоды жадання далучыцца да гэтых каштоўнасцей. І ўвогуле – хто хоча, той адзначае. Мы прытрымліваемся пазіцыі добраахвотнасці. Тут жа не стаіць пытанне аб тым, што трэба Хэлоўін рабіць дзяржаўным святам. А простае адзначэнне гэтага свята ніяк не перашкаджае памятаць і беларускія традыцыі. Напрыклад, нашыя актывісты, што адзначаюць Хэлоўін, прымаюць удзел і ў Дзядах. Але ж Дзяды не свята, а хутчэй дзень памяці.

Факт застаецца фактам – для большасці беларусаў гэта нагода павесяліцца. І ўвогуле – беларусам патрэбны святы, а не парады з танкамі! Як можна забараняць людзям весяліцца!”