Рукапісы не гараць: праз 80 год “Яўген Анегін” зноў загучаў па-беларуску

52

Пераклад быў знойдзены даследчыцай Ганнай Севярынец падчас працы над спадчынай Алеся Дудара. “17 кастрычніка 1936-га года ў Мінску адбывалася вельмі важная падзея. Гэта такімі ж днямі як сёння, у Доме Пісьменніка па вуліцы Савецкай, 68, быў арганізаваны вялікі паэтычны вечар, на якім Алесь Дудар упершыню ў беларускай літаратуры чытаў пераклад Яўгенія Анегіна на беларускую мову. Гэтая падзея была для беларускай літаратуры вельмі знакавай, бо, як бы мы ні ставіліся да Пушкіна, да рускай культуры, да ідэі пераклада наогул, для літаратуры і для мовы павінны быць нейкія планкі, нейкія падзеі, якім яна павінна адпавядаць, якія ў ёй павінны адбывацца.”

Рукапісы не гараць: праз 80 год “Яўген Анегін” зноў загучаў па-беларуску
Ганна Севярынец. Фота Еўрарадыё

Па словах Ганны Севярынец, каб перакладаць паэзію, перакладчык павінен валодаць словам не горш за творцу – а гэта значыць, майстэрства слова Алеся Дудара было на адным узроўні з майстэрствам слова Аляксандра Пушкіна. “Калі літаратура дазваляе сабе пераклад Анегіна, гэта значыць, што яна дасягнула ўжо той ступені развіцця, на якой ствараўся Анегін. Калі паэт дазваляе сабе перакласці цалкам Анегіна, гэта значыць, што ён валодае словам як мінімум так, як Пушкін. Перакладчык у прозе раб, перакладчык у паэзіі – супернік. Каб быць супернікам Пушкіну – трэба мець талент. І калі літаратура дазваляе сабе пераклад Пушкіна – гэта значыць, гэтая літаратура становіцца на адзін узровень і вышэй.”

Пасля таго, як тады ў далёкім 36-ым годзе Алесь Дудар скончыў чытанне “Анегіна”, заля была бітма набіта слухачамі. На сцэну ўзняўся Янка Купала, абняў Дудара, і відавочцы кажуць, што ў вачах класіка нават бліснулі слёзы – бо чалавек гэта зрабіў.

Дудар мусіў быў здаць рукапіс у выдавецтва – таму што ў лютым адзначаліся 100-ыя ўгодкі з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна. Гэтая дата святкавалася па ўсім СССР. Але ў ноч з 1-га на 2-ое лістапада, Алесь Дудар быў арыштаваны, і праз год катаванняў і допытаў, 29 кастрычніка 1937-га года расстраляны. Усе згадкі пра Дудара былі выкраслены з падручнікаў, даведнікаў, часопісаў, кнігі былі зліквідаваны з бібліятэк.

Але рукапіс застаўся. Мама Вольга Іванаўна Далідовіч, сястра Яўгенія Аляксандраўна Далідовіч і пляменніца Лідзія Маркаўна Малініна на працягу 80 год захоўвалі рукапіс, насуперак вайне, бамбёжкам, страху рэпрэсій.

“І сёння мы аднаўляем тую кропку – каб выправіць калі не лёс чалавека, то хаця б лёс рукапісу,” – адзначыла Ганна Севярынец. “Сёння мы выпраўляем смяротны зігзаг – лёс рукапісу пойдзе так, як ён павінен быў пайсці 80 год таму”.

Рукапіс увайшоў у збор твораў Алеся Дудара у серыі “Галасы Айчыны”, выдадзенай выдавецтвам “Лімарыус”.

Поделиться ссылкой: