На востраве Ду пракладуць турыстычныя сцежкі

29

Плошча вострава Ду – 5 км². Вялікая тэрыторыя, некранутая прырода, магчымасць дабрацца да вострава толькі на лодцы робяць гэта месца своеасаблівым. Калісьці на востраве Ду жылі людзі, пра што сведчаць закінутыя дамы, могілкі 19-га стагоддзя, падмурак фермы, прычал. Цяпер там жывуць алені, ласі, янотападобныя сабакі, безліч птушак. Каля 30 гадоў таму людзі пачалі перасяляцца з выспы на “вялікую зямлю”, а гісторыю вострава ахуталі легенды.

На працягу пяці дзён востраў даследавалі беларускія і эстонскія ландшафтныя архітэктары. У выніку майстэрні паўсталі тры канцэпцыі развіцця экалагічных сцежак на востраве, якія змогуць спрыяць развіццю турызму ў Асвейскім заказніку.

“Мы не плануем ніякіх ніякіх глабальных збудаванняў на востраве: толькі зона адпачынку і сцежка. У праекце ў нас на працягу пяці дзён працавалі тры міжнародныя каманды, якія па выніку майстэрні прапанавалі свае варыянты развіцця турызму на востраве”, – адзначае старшыня грамадскай арганізацыі “Багна” Вольга Каскевіч. “Востраў Ду на бліжэйшыя  10 гадоў здадзены ў арэнду паляўнічай гаспадарцы “Чырвоны бор”. Нашым праектам мы хацелі прапанаваць заказніку засяродзіцца не на паляванні, а на развіцці больш ўстойлівых актыўнасцей і стварыць там інфраструктуру для экалагічнага турызму. Востраў валодае для гэтага вялікім патэнцыялам: унікальны ландшафт, магчымасць адасобіцца з прыродай, паназіраць за прыродай, пазнаёміцца ​​з гісторыяй гэтага месца. Наша галоўная мэта – экалагічная асвета, мы хочам прывучыць людзей шанаваць нашу дзікую прыроду.”

На востраве Ду пракладуць турыстычныя сцежкі
Вольга Каскевіч, старшыня ГА “Багна”

Першы праект пад назвай “Make Du Large Great Again” засяроджаны на гістарычным мінулым выспы. Прапануецца стварыць музей пад адкрытым небам, пешаходную сцежку, зладзіць адмысловыя месцы для мерапрыемстваў, накшталт фестываляў і адукацыйных праграм.

Другі праект называецца “Du it” і звяртае ўвагу на галоўную асаблівасць выспы – ландшафт. Турысты змогуць вывучаць рэльеф мясцовасці і асаблівасці прыроды. Плануецца стварэнне некалькіх абсталяваных маршрутаў: на кароткую дыстанцыю, сярэднюю, для веласіпедыстаў і для людзей з інваліднасцю.

Трэці праект пад назвай “Durist” факусіруецца на чалавеку. Тэма праекту – як чалавек будзе ўзаемадзейнічаць з дзікай прыродай. Прапанавана серыя экалагічных сцежак для аматараў пабыць “у дзікіх умовах”: гэта будуць квэсты, паласа перашкодаў і іншыя інтэрактыўныя збудаванні. Пры гэтым, асноўны прынцып усіх праектаў – мінімальнае ўмяшальніцтва ў прыроду, з выкарыстаннем толькі мясцовых рэсурсаў.

Дырэктар Асвейскага заказніку Ігар Раманюк спадзяецца, што як мінімум адзін праект па выніках майстэрні будзе рэалізаваны і здолее прыцягнуць больш турыстаў у мясцовасць: “Мне запала ў душу тое, што архітэктары пастараліся выкарыстоўваць рэшткі цывілізацыі, якая калісьці была на востраве, і ўключыць яе ў маршрут экалагічнай сцежкі. Спадабаліся ідэі, звязаныя з пераасэнсаваннем прыроднага здабытку: дрэвы, рэзкая змена ландшафту, балоты. Але не варта забываць пра тое, што збудаваныя будынкі надалей запатрабуюць падтрымкі іх у годным і бяспечным стане. Але ў заказніка няма неабходнай колькасці рабочых рук і сродкаў на рэканструкцыю. Таму пры планаванні варта ўлічыць, што ў перспектыве нам спатрэбіцца дапамога.”

На востраве Ду пракладуць турыстычныя сцежкі
Ігар Раманюк, дырэктар Асвейскага заказніку

У канцы лістапада выніковыя праекты экасцяжыны будуць прапанаваны да грамадскага абмеркавання. Жыхары Асвеі таксама прымуць удзел у галасаванні, і з улікам іх меркавання журы прыме канчатковае рашэнне. У складзе камісіі будзе дырэкцыя Асвейскага заказніка, прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Багна”, прафесар Тартускага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук Сайман Бэл і эстонская арганізацыя “Estonian Fund for Nature”. Пры ўдалым збегу абставін адзін з праектаў можа быць рэалізаваны ў 2018-2019 гадах.

На востраве Ду пракладуць турыстычныя сцежкі

Фотаздымкі ГА “Багна”

Поделиться ссылкой: