Падставай для чарговай справы сталі, як адзначана ў пратаколе, заклікі да правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку яго арганізацыі і правядзення.

У адным з інтэрв’ю Белсату Уладзімір Някляеў заявіў: „Чаго мы пойдзем на гэтую пратэставую акцыю (“Марш абураных беларусаў”), калі нам вярнулі грошы?” Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і там нават зроблены не лепшыя для простага чалавека, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтаму дэкрэту ўсіх, хто па нейкай прычыне часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць як дармаедамі і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць”.

Гэтыя словы з’явіліся ў публікацыі на сайце charter97.org ад 16 лістапада 2017 года – гэта публікацыя і стала падставай для складання пратаколу.

Сам Уладзімір Някляеў не лічыць такое выказванне заклікам да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Хадайніцтва ў падтрымку паэта накіраваў у суд “Саюз беларускіх пісьменнікаў”: прафесійнае аб’яднанне лічыць, што дадзеная цытата не ўтрымлівае ў сабе заклікаў да ўдзелу ў акцыі, а з’яўляецца асабістым меркаваннем Някляева наконт стану пратэстнага руху ў Беларусі. Такую ж пазіцыю займае юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Пятровіч Паганяйла: “у матэрыялах СМІ, на якія маюцца спасылкі ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеным у дачыненні да Уладзіміра Някляева, нічога, што можна было б кваліфікаваць як падобны заклік, няма. Таму абвінавачванне ў гэтым — відавочная юрыдычная нацяжка.”

Некалькі дзён таму Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выступіла з заявай, называючы пераслед Някляева “спробамі наўмыснага забойства”. Палітык не прысутнічаў пры прыняцці гэтай заявы, але патлумачыў, што стаіць за такім рэзкім тонам: “Мінулым разам мяне схапілі па дарозе ў лякарню. І нягледзячы на тое, што я паказваў дакументы, з якіх вынікала, што я ў небяспечным (перадінсультным) стане, што іду на прыём да доктара, мяне завезлі ў турму. А там не далі лекаў, без якіх не магу абыходзіцца.”

“Так апошнім часам кожны раз: падобны да выкрадання арышт, турма, адсутнасць лекаў — і ў выніку гіпертанічны крыз, кожны з якіх можа скончыцца тым, чым ён скончыўся некалі для майго сябра Генадзя Карпенкі. Дык што мне пра гэта думаць?.. Калі відаць, што намацалі слабое месца — і ў яго б’юць…” Уладзімір Някляеў лічыць сваю справу сфабрыкаванай, прычым непрафесійна – у матэрыялах справы фігуруе цытаванне з інтэрнэт-рэсурса “Хартыя”, а не першапачатковае інтэрв’ю для Белсата. “Калі б было прафесійна, тады было б відавочна, што нікога і нікуды я не заклікаў, а толькі адказваў на пытанні журналіста. А галоўнае, відавочна было б, што мяне аддаюць пад суд не за тыя заклікі, якіх не рабіў, а за тую пазіцыю, якую публічна выказаў. За само інтэрв’ю.”

Уладзімір Някляеў: “Я іх казкі чытаць не збіраюся…”

Пасля сямісутачнага арышту на волю выйшаў Уладзімір Някляеў