Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках

532

На паўночным усходзе Гродзенскай вобласці, паміж Нёманам і Бярэзінай знаходзіцца адзін з самых беларускамоўных рэгіёнаў краіны – Іўеўскі раён. Колькасць жыхароў раёна невялікая – усяго 24 тысячы чалавек. Пры гэтым 1,5% з іх – татары, якія дапоўнілі мясцовы краявід мячэццю і цяпліцамі з вялізнымі памідорамі.

Ваколіцы Іўя багатыя на краявіды і гісторыю: тут захаваўся Жамыслаўль з беларускімі “Лазенкамі” – палац Умястоўскіх; тут і Вішнева – радзіма вядомага ізраільскага палітыка Шымона Перэса (прэзідэнт Ізраіля 2007 – 2014 гг.).

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Мячэць у Іўі і палац у Жамыслаўлі

У 15 кіламетрах ад Іўя, па дарозе на Ашмяны, размешчана мястэчка Юрацішкі. Яно займае другое пасля Любчы месца сярод самых беларускамоўных мястэчак (84, 21 % жыхароў пазначылі, што размаўляюць па-беларуску). Калісьці перспектыўны населены пункт з добра забудаваным цэнтрам, сёння Юрацішкі перажываюць, бадай, не самыя лепшыя часы.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Юрацішкі

Яшчэ Альбрэхт Гаштольд, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы першага статута Вялікага княства Літоўскага (1529 г.) звярнуў увагу на Юрацішкі, дзе ўфундаваў будаўніцтва ў 1532 годзе царквы святога Мікалая. У Паўночную вайну (1700—1721гг.) шведы ператварылі яе ў канюшню, а немцы ў 1915 годзе зрабілі з яе лазарэт. Пасля кожнай вайны у Юрацішках заставаліся магілы салдат з войскаў, якія праходзілі праз тыя землі: і сёння побач з царквою знаходзяцца магілы нямецкіх салдат з часоў першай сусветнай вайны, а ў цэнтры вёскі ўзведзены помнік загінулым тут савецкім салдатам.

У ХІХ стагоддзі гэтыя мясціны належалі Гедыміну Радкевічу (1834-1891), які быў вядомым для свайго часу кампазітарам. Яго жонка Тэрэза паходзіла са знакамітага роду Козел-Паклеўскіх, з якога выйшлі два кіраўнікі паўстанцкіх атрадаў 1863-1864 года; адзін з іх – Вінцэнт загінуў у бітве пад Уладыкамі 28 мая 1863 года.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Гедымін Радкевіч з сынам і яго жонка Тэрэза

Побач з Юрацішкамі, Гедымін Радкевіч валодаў і шэрагам іншых вёсак – усяго 1543 дзесяціны (або амаль 1682 га) зямлі. Ён пакідаў шмат часу на стварэнне музычных твораў, нягледзячы на неабходнасць даглядаць такую вялікую маёмасць.

Вокладка аднаго з твораў Гедыміна Радкевіча

У Гедыміна і Тэрэзы Радкевічаў было двое сыноў – Нікадзім (1860-1920) і Вітольд (нар. 1873 – забіты 7 ліпеня 1942 года ў суседніх Такарышках), якія падзялілі паміж сабою бацькоўскі маёнтак.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Сыны Гедыміна – Вітольд і Нікадзім

Нікадзіму дасталіся Юрацішкі, дзе і паўстаў вялізны драўляны дом, упрыгожаны калонамі. У 1920 годзе “пана” не стала, і догляд за ўсёй сямейнай маёмасцю быў ускладзены на яго жонку Вераніку (памерла ў 1938 годзе), пра якую ў мясцовых жыхароў засталіся самыя цёплыя ўспаміны.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Вераніка Радкевіч

Побач з панскім домам сёння стаіць незвычайны помнік з надпісам па-нямецку “Divisions Stabsquartier 1915-1918. 85. Landwehr Division (v. Breugel)”. Усталяваны ён у гонар размяшчэння ў Юрацішках штаба нямецкай дывізіі, якая якраз на час першай сусветнай вайны заняла дом Радкевічаў.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Помнік штабу нямецкай дывізіі

Узначальваў штаб генерал-лейтэнант Вільям Гендрык Кліфард фон Бройгель. Сама дывізія ўвесь час ваявала на Усходнім фронце, удзельнічала ў бітвах пад Нарвай (ліпень, 1915), бітве пры Бельску (жнівень 1915), наступленні на Свіслач і ў захопе Ваўкавыску, у баях за рэкі Зяльвянка і Шчара (верасень 1915). Урэшце дывізія заняла абарончыя пазіцыі па рэках Бярэзіне і Альшанцы, апошняя з якіх працякае недалёка ад Юрацішак. Менавіта ў гэты час дом Радкевічаў і быў заняты немцамі, якія ў гэты гонар нават усталявалі цэлы помнік.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Юрацішкі. Помнік штабу нямецкай дывізіі. Выява каля 1932 года.

На фотаздымку 1932 года, зробленым Радкевічамі, па краях помніка бачны два вялізныя камяні з барэльефнымі выявамі: на адным шабля са шчытом з малюнкам чэрапа, на другім – крыж. Як узгадвае мясцовая жыхарка Жанна Уладзіміраўна, гэтыя камяні забраў сабе адзін з жыхароў падчас будаўніцтва хаты, паклаўшы камяні пад куты будынку.

Пра што маўчаць сцены: панскі дом у Юрацішках
Дзіцячы садок у хаце Радкевічаў пасля другой сусветнай вайны

Пасля Вялікай Айчыннай вайны панскі дом выкарыстоўваўся пад дзіцячы садок. Сёння дом падзелены паміж трыма сем’ямі, якія тут стала пражываюць. Кожнае лета сюды прыязджаюць нашчадкі роду Радкевічаў, якія, жывучы ў Польшчы, не забываюць на свае карані.  Мясцовыя жыхары памятаюць гісторыю гэтай сям’і, якая не адпавядала стэрэатыпнаму вобразу “паноў”, узгадваючы яе самымі цёплымі словамі.

Сёння толькі помнік нямецкай дывізіі побач з “панскім домам” падказвае, што сцены гэтай непрыкметнай будыніны былі сведкамі падзей  на зломе чатырох эпох.

Панскі дом сёння

Поделиться ссылкой: