Памяць не расстраляць: канцэртная прэзентацыя і вершы рэпрэсаваных паэтаў (+аўдыё)

38

Адкрыў імпрэзу рэдактар партала TuzinFM Сяргей Будкін: кіраўнік праекту падзякаваў усім укладальнікам і падзяліўся сваімі ўражаннямі аб супрацы з музыкамі.

Мы зрабілі гэта!!!Ну вось і прэзэнтаваны напэўна самы няпросты "тузіноўскі" праект – "(Не)расстраляная паэзія". Палічыў…

Опубликовано Siarhei Budkin Пятница, 27 октября 2017 г.

Яшчэ раней Сяргей Будкін тлумачыў, як у назве праекту з’явілася прыстаўка “не”: ужо была выдадзена кніга “Расстраляная літаратура”; зараз “Свабода” вядзе цыкл “Расстраляныя паэты”. Але сама паэзія не можа быць расстралянай, пакуль паэты працягваюць жыць у нашай памяці, у песнях і творах сучаснікаў.

На канцэрце ў поўным складзе выступілі гурты Vuraj, TonqiXod і Re1ikt. Далей заспявалі песні праекту вакалісты гуртоў пры суправаджэнні музыкаў Алеся Францішка-Мышкевіча, Паўла Трыпуця, Паўла Мамонава і Канстанціна Гарачага. Выступілі Зміцер Вайцюшкевіч, Кацярына Ваданосава і Fantasy Orkestra, Алесь Дзянісаў і Dzieciuki, Vinsent, Раман Жыгараў (Akute), Наста Шпакоўская (Naka), Павел Аракелян і Лявон Вольскі.

Вядоўца праграмы Андрэй Хадановіч прадставіў паэтаў і музыкаў, зачытаў вершы і распавёў самыя яскравыя факты з біяграфіі літаратараў, чые творы былі пакладзены на музыку ў зборніку “(Не)расстралянай паэзіі”. Напрыклад, Майсей Кульбак лічыцца самым перакладаемым беларускім паэтам (праўда, пісаў ён на ідыш). Толькі адзін творца, Уладзіслаў Галубок, размяняў палову стагоддзя – астатнія загінулі ў маладым узросце, на самым узлёце творчасці. Юлію Таўбіну ў 37-ым годзе споўнілася толькі 26 гадоў. Валерыю Маракову было 28; нашмат пазней яго пляменнік Леанід Маракоў стаў даследчыкам сталінскіх рэпрэсій, выдаўшы больш за 30 кніг і даведнікаў з імёнамі рэпрэсаваных беларусаў. А нядаўна Ганна Севярынец знайшла пераклад “Яўгена Анегіна” на беларускую мову, зроблены Алесем  Дударам.

Выступілі перакладчыкі: Ганна Янкута прачытала пераклад верша Ізі Харыка (нельга не згадаць, што ў сярэдзіне 20-ых гадоў ідыш быў адной з 4-х дзяржаўных моваў Беларусі).

А перакладчык Антон Рудак прысвяціў 29-му кастрычніка верш “Старая гісторыя…”, які сканчаецца такімі строфамі:

“Згадвайце часам нас на Дзяды і на Радаўніцу —
усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам,
празаікаў і паэтаў, крытыкаў, перакладчыкаў —
прывет вам у вашае гета з нашае вязьніцы.
Працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі,
пішыце замест, усім дакажыце — вы лепшыя,
усё, што на допытах з нас ня вырвалі сьледчыя —
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні.
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сьведчаньні.”

Радкі верша сугучныя з задумкай “(Не)расстралянай паэзіі” – рэтраспектыўна даць слова тым, хто бязвінна загінуў у крывавых расправах 30-ых гадоў. Бо забіць можна чалавека, але не памяць пра яго.

Дарэчы, у выніку праекта паўсталі  старонкі паэтаў у сацыяльнай сетцы Фэйсбук – там можна знайсці архіўныя матэрыялы, фота, творы расстраляных паэтаў. Праект працягваецца і пасля канцэрту: да 16 лістапада ў кнігарні “Логвінаў” адбудуцца чарговыя лекцыі  з “(Не)расстралянай паэзіі” (расклад тут). Падтрымаць праект усё яшчэ можна на Талацэ.

Інтэрнэт-рэліз песень з “(Не) расстралянай паэзіі”:

Чытайце таксама:

Сяргей Будкін: “Гісторыі расстраляных паэтаў – гатовыя сцэнары для галівудскага фільма”

Поделиться ссылкой: