За кандыдатуру Анісім выказаліся 87 дэлегатаў, супраць — два, устрымаліся — тры. Выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Новаабраны кіраўнік ТБМ адзначыла, што як лідар яна «расла менавіта ў гэтай арганізацыі», як грамадскі дзеяч — вучылася ў найлепшых прадстаўнікоў арганізацыі: Алега Трусава, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча і кожнага члена аб’яднання. «Мая пазіцыя адносна беларускай мовы сфармаваная ўсімі членамі ТБМ, так будзе і далей«, — падкрэсліла яна. Да абрання старшынёй Анісім была першым намеснікам старшыні ТБМ.

Паводле слоў Анісім, аб’яднанне пад яе кіраўніцтвам працягне займацца дзейнасцю па абароне моўных правоў, бо «запісанае ў Канстытуцыі права на беларускую мову пакуль, на жаль, рэальна не забяспечанае«. Магістральных напрамкам дзейнасці ТБМ будзе «пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў сферы адукацыі, інфармацыі і заканадаўства«.

«Калі мы ўсе, кожны ў сваім раёне, будзем працаваць з бацькамі, то ў нас будзе расці колькасць класаў з беларускай мовай навучання. Калі мы будзем працаваць з настаўнікамі -— атрымаем добрыя кадры для навучання нашых дзяцей быць сапраўднымі грамадзянамі. Таксама трэба працаваць з бізнесам, які станоўча ставіцца да беларускай мовы, рабіць упор на карпаратыўна-сацыяльную адказнасць. <…> Давайце будзем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб беларуская мова стала [па-сапраўднаму] дзяржаўнай мовай, а таксама каб нашы дзеці раслі з разуменнем, што беларуская мова — натуральная мова нашага народа«, — заявіла новы лідар ТБМ.

Першым намеснікам старшыні ТБМ выбралі Уладзіміра Коласа — дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, пазбаўленага ўладамі афіцыйнага статусу навучальнай установы. Пасады намеснікаў таксама занялі Станіслаў Суднік, Алесь Давідовіч і Дзяніс Тушынскі.

Папярэдні кіраўнік аб’яднання Алег Трусаў (займаў пасаду з 1999 года) абраны ганаровым старшынёй ТБМ.