Днямі ў Пекіне завяршыўся XIX з’езд кампартыі Кітая, на якім вызначыўся склад кіраўніцтва краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Вынікі форуму сведчаць, што Сі Цзіньпін паспеў набыць досыць палітычнага капіталу для перамогі над супернікамі і злому сакрэтных правіл, па якіх краіна жыла апошнія 25 гадоў.

Ён ухіліў патэнцыйных супернікаў пераважна з дапамогай антыкарупцыйнай кампаніі, ахвярамі якой сталі службоўцы, якія лічыліся раней недатыкальнымі. Ажыццявіў буйнейшую ў гісторыі чыстку складу Цэнтральнага камітэта КПК. Нарэшце, задушыў нават самую ўмераную крытыку і любыя прыкметы дысідэнцтва.

У выніку КПК ухваліла папраўку да свайго статуту, што прадугледжвае згадванне ў дакуменце імя Сі і яго палітычнай ідэалогіі. Да гэтага гонар увайсці ў статут пры жыцці мелі толькі Мао Цзэдун і Дэн Сяапін.

У рэзалюцыі з’езду гаворыцца, што даклад Сі Цзіньпіна “стаў квінтэсенцыяй мудрасці ўсёй партыі і народа. Гэта палітычная дэкларацыя і праграма дзеянняў. Гэта кіраўнічы марксісцкі дакумент. Кожны сябра партыі павінен высока несці сцяг сацыялізму, каб пабудаваць грамадства ўмеранага дастатку і ажыццявіць мару пра нацыянальнае адраджэнне Кітая”.

З уключэннем імя генеральнага сакратара ў пантэон пытанне пра перадачу ўлады наступнаму пакаленню кіраўнікоў амаль непазбежна ўскладніцца: прызначаны жывым стаўпом кітайскага марксізму, ён, хутчэй за ўсё, парушыць склаўшуюся традыцыю, згодна з якой першая асоба ў Кітаі праз дзесяць гадоў мусіць зыходзіць. Больш за тое, ён можа захаваць рэальную ўладу і пасля таго, як пакіне пост, як гэта адбылося з Дэн Сяапінам.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што змястоўна «ідэі Сі Цзіньпіна» не нясуць у сабе практычна нічога новага. З 14 пунктаў уласна ягонай спадчынай можна назваць бадай што заклік «будаваць супольнасць агульнага лёсу». Астатнія – накшталт неабходнасці «зыходзіць з запатрабаванняў людзей» і «захоўваць гармонію паміж чалавекам і прыродай» – шматкроць сустракаліся ў афіцыйных дакументах цягам апошніх 30 гадоў.

Курс партыі і ўсёй краіны на наступныя пяць гадоў – “пабудова сацыялізму з кітайскай спецыфікай для новай эры”, з галоўнай мэтай да 2050 году “ператварыць Кітай у багатую, магутную, дэмакратычную, гарманічную, цывілізаваную мадэрнізаваную сацыялістычную дзяржаву”. Пры гэтым, аднак, якіх-небудзь дакладных эканамічных прагнозаў прыведзена не было,

Затое не выклікае сумненняў, што КПК збіраецца ўсталяваць поўны кантроль над жыццём краіны, прычым не толькі ў сферы эканомікі, але таксама такіх абласцях, як інтэрнэт, культура, рэлігія і маральнасць. Уласна, ужо цяпер кітайскае кіраўніцтва ўмешваецца амаль ва ўсе сферы жыцця, але, падобна, збіраецца ўмешвацца яшчэ больш.

Канешне, адмаўляць кітайскія эканамічныя дасягненні немагчыма. Разам з тым далучацца да ягоных глабальных праектаў трэба з асцярожнасцю. Узяць, напрыклад, вядомую канцэпцыю «Пояса і шляха». Яна падавалася як жаданне Кітая набыць сабе сяброў, пабудаваўшы, прычым танна, на іх тэрыторыі інфраструктуру з ужываннем уласных высакаякасных тэхналогій. Потым высвятлілася, што, па-першае, зусім не танна, па-другое, не пабудаваць, а сафінансаваць. Па-трэцяе, дапамога прапанавалася на такіх умовах, што задумаліся нават тыя краіны, якім губляць няма чаго. Падаецца, што Пекін проста назваў «Поясам і шляхам» сваю знешнеэканамічную дзейнасць, а дададзенага кошту ў праекце няшмат.

Дарэчы, і Беларусь ужо неаднаразова апякалася на двухбаковым супрацоўніцтве. Тым не менш, зразумела, што абвешчанае “стратэгічнае партнёрства” з адным з сусветных лідэраў моцна грэе афіцыйны Мінск. Таму віншаванне на вышэйшым узроўні было цалкам чаканым. Праўда, падарунак – прапанова прыняць кітайскіх дзяцей на адпачынак і аздараўленне – выглядае крыху дзіўна. Застаецца спадзявацца, што не ўсіх…