Зміцер Сільчанка працуе ахоўнікам. Ноччу актывістам Моладзі БНФ паступіла інфармацыя, што яго пасярод працы затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, актывіста затрымалі за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка і будуць судзіць паводле артыкула 23.34. Выходныя да суда Сільчанка правядзе ў СІЗА.

Больш падрабязную інфармацыю нам распавёў намеснік старшыні партыі БНФ Юрась Лукашэвіч.

“Яму тэлефанавалі міліцыянты дзесьці а 22 гадзіне. Пыталі дзе ён і запрашалі на размову. Зміцер сказаў – дасылайце позву. Ну і тады яны (участковы і міліцыянты) прыехалі да яго на працу і забралі, тэлефон адключаны. Зміцер паспеў патэліць нашай агульнай знаёмай і перадаць інфармацыю. Гэта ўсё, што вядома. Хутчэй за ўсё – гэта за ўдзел у акцыях”.

Як кажа Юрась, гэта не першае падобнае затрыманне пасярод працы. Падобны выпадак здарыўся ў Лідзе, дзе затрымалі актывіста Аляксея Маркевіча: “Таксама былі і запужванні. Гэта ўсё было перад 25 сакавіка”.

На пытанне, ці можна гэтае затрыманне прымеркаваць да шэрагу будучых акцый 29 кастрычніка, Юрась Лукашэвіч пагадзіўся: “Так, можна сказаць, што гэта да акцыі 29. Так як Дзіма актыўны ўдзельнік, то ўсё супадае”.

Мы таксама спыталіся, ці варта чакаць іншых затрыманняў да 29 кастрычніка, намеснік старшыні БНФ адказаў: “Хочацца спадзявацца, што іх не будзе, але ў нашай дзяржаве можа ўсе адбыцца.”