Прэзэнтацыя выбраных твораў Алеся Дудара

28 кастрычніка, а 15.00 у музеі Петруся Броўкі адбудзецца прэзентацыя першага аднатомнага выдання «Выбраных твораў» Алеся Дудара, які быў расстраляны ў турме НКВД 29 кастрычніка 1937 году.

Кніга падрыхтаваная да выдання Ганнай Севярынец і выйшла адмыслова да гадавіны 80-годдзя «ночы расстраляных паэтаў». У імпрэзе возьмуць удзел Лідзія Малініна, Аляксандр Фядута, Анатоль Сідарэвіч і Васіль Дранько-Майсюк.

Аўтамарафон памяці

29 кастрычніка, 11.00. Кальварыйскія могілкі на вуліцы Кальварыйскай. Аб’езд на аўтамабілях памятных месцаў згубы ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Маршрут: Кальварыйскія могілкі — раён Цівалі — Лошыца — ўрочышча Благоўшчына ( Трасьцянец) — Вайсковыя могілкі — парк Чалюскінцаў — Курапаты. Арганізатары — рух салідарнасці «Разам» і грамадская ініцыятыва «Дзея».

Зачытванне прозвішчаў ахвяр

​29 кастрычніка, 12.00. У Курапатах (51-ы кіламетр МКАД) зачытаюць прозвішчы ахвяраў, расстраляных НКВД у сутарэннях менскай турмы (вядома больш за 5 тысячаў прозвішчаў), у тым ліку прозвішчы ахвяраў ночы 29–30 кастрычніка 1937 года. У памяць загінулых запаляць сотні свечак памяці, прагучыць малітва за Беларусь каля Крыжа пакуты. Арганізатар — аргкамітэт грамадскага аб’яднання «Вяртанне памяці».

«Яўген Анегін» у перакладзе Алеся Дудара

​29 кастрычніка, 16.40. У Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57) прагучыць пераклад паэмы Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін», які на працягу 80 гадоў лічыўся страчаным. Алесь Дудар першым у гісторыі пераклаў «Анегіна» на беларускую мову, але вядомыя былі толькі некалькі ўрыўкаў. У гадавіну «чорнай ночы» твор будзе прачытаны ў жывым эфіры, як у прэм’ерным 1936-м, калі трансляцыя ішла на ўвесь Менск праз рэпрадуктары. Першы раздзел прадэкламуе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Арганізатары — Ганна Севярынец / Алесь Плотка пры падтрымцы Галерэi TUT.BY.

«Ланцуг памяці» каля будынка КДБ

​29 кастрычніка, 19.00. Акцыя «Ланцуг памяці» каля будынка КДБ (пр. Незалежнасці, 17) у Менску. «Не трэба сцягоў і лозунгаў. Бо забітыя хадзілі пад рознымі сцягамі, натхняліся рознымі лозунгамі. Вазьміце толькі свечкі ці лямпадкі. Каб трагедыя 1937 года больш ніколі не магла паўтарыцца на нашай зямлі», — заклікаў арганізатар акцыі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.

(Не)расстраляная паэзія

​29 кастрычніка, 19.00. Клуб «Бруге» (Партызанскі праспект, 6А). Канцэртная прэм’ера праекау «(Не)расстраляная паэзія. 1937–2017». 12 гуртоў выканаюць 12 песень, створаных па тэкстах расстраляных паэтаў. Арганізатар — партал TuzinFM. Квіткі ўжо скончыліся, але можна атрымаць запрашальнік, падтрымаўшы праект на Талацэ.

«Ноч паэтаў» у Курапатах

29 кастрычніка, 23.00. Памятная імпрэза «Ноч паэтаў» у Курапатах. Будуць чытаць вершы рэпрэсаваных паэтаў, ставіць зьнічкі. Чакаецца ўдзел актывістаў, палітыкаў, гісторыкаў, паэтаў і музыкаў. Імпрэза працягнецца да раніцы 30 кастрычніка. Арганізатар — «Малады фронт».

У цемры восеньскай начы

29 кастрычніка, 20:30 — 0:30. Арт-прастора ВЕРХ (вул. Куйбышава, 22). Культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» і Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі запрашаюць на музычна-літаратурную праграму на словы рэпрэсаваных паэтаў. У праграме: гурт «Балцкі субстрат», барды Аляксей Жбанаў і Раман Яраш, відэа-прэзэнтацыя Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Уваход вольны.

Вечарына «Расстраляная літаратура»

30 кастрычніка. Саюз беларускіх пісьменьнікаў запрашае ўшанаваць памяць усіх ахвяраў сталінскага палітычнага тэрору. У Галерэі TUT.BY (Менск, праспект Дзяржынскага, 57, ст.м. «Міхалова»). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.

Удзел у вечарыне бяруць: Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко. Музычная частка: бард Таццяна Грыневіч.