Як мы шукалі начлежкі бамжоў

6

У рэйд выходзяць таксама дзве прыгожыя супрацоўніцы ведамства  – Крысціна Лебедзева і Вольга Зыль. Па дарозе мне распавядаюць, што ў іх раёне 35 такіх аб’ектаў.

– Паводле Генеральнага плана, які распрацаваны гарадскімі ўладамі, некаторыя раёны будуць забудоўвацца, – распавядае Павел. – Нехта атрымлівае кватэру, а яго стары дом пакуль не зносіцца і знаходзіцца на балансе альбо УКСа, альбо адміністрацыі раёна. І гэта нярэдка становіцца самым любімым месцам для так званых “асацыяльных элементаў”. Там звычайна і пасяляюцца бамжы, для якіх такая “нерухомасць” – дах над галавой і начлежка. Яны ж не хочуць працаваць, вяртацца да нармальнага жыцця, бо трэба ж у такім выпадку весці цвярозы лад жыцця. А тут – свабода! Даходзіць да таго, што залазяць у дамы і выкалупваюць праводку, каб затым здаць яе на металалом. П’юць там. Каб пагрэцца, раскладваюць вогнішча прама на падлозе ў доме. Раз на тыдзень мы і правяраем, каб такія аб’екты былі зачынены і там нікога не было.

Інспектар узгадвае гісторыю мужчыны, якога жыццё пакуль так нічому і не навучыла. Сітуцыя такая: не працаваў, піў, паліў у ложку “пад мухай”, спаліў дом. Дзякуй Богу, што сам застаўся жывы. Мясцовыя ўлады аказалі матэрыяльную дапамогу – і яе прапіў. Працягваў жыць у прыбудове – тая таксама згарэла. Усё па той жа прычыне. Зараз чалавек зрабіў сабе невялікі хляўчук з дошак і катэгарычна адмаўляецца з’язджаць са сваёй “кватэры”.

– Па законе мае права там жыць, нічога не паробіш, – дадае Павел. – Але ўсё можа скончыцца трагічна.

Наш першы прыпынак – на вуліцы Дворышча ў мікрараёне “Серабранка”. Праверыць трэба два дамы. Адзін з іх закрыты на замок, але знаходзім уваход з іншага боку. Аказваецца, гаспадар на месцы. Праўда, яго жыллё, скажам так, не вельмі камфортнае. І знаходзіцца яно на папялішчы.

– Гэта прыбудова, якую я сам зрабіў, – тлумачыць гаспадар Барыс Сакалоўскі. – А дом згарэў пяць гадоў таму. Кватарант напіўся і спаліў. Прыходжу з працы – усё ў агні. І родны брат тады загінуў. Але я пакуль жыву ў прыбудове, а калі моцна пахаладае, да жонкі пераеду. У доме ж нават і вады няма…

На гэтай жа вуліцы знаходзіцца і яшчэ адзін дом, які пад наглядам МНС. Раней тут жыў 50-гадовы мужчына, у госці да якога “пагрэцца” зляталіся аматары спіртнога з усяго раёна.

– У мужчыны была адкрытая форма туберкулёзу, сахарны дыябет, яму нагу ампутавалі, – распавядаюць мне. – Пенсію атрымліваў, а ў магазін за гарэлкай схадзіць не мог. Вось і дапамагалі “таварышы”. Два гады таму чалавек памёр, а дом, як бачым, абнеслі высокім плотам. Ужо ніхто тут не “адпачне”.

У праездзе Чыжэўскіх, што ў Лошыцкім парку, бачым будынкі, якія адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны. Зносіць іх нельга, але зараз яны і не эксплуатуюцца. Праўда, агароджа тут таксама сур’ёзная. Проста так на тэрыторыю не патрапіш.

Далей наш шлях – на вуліцу Чыжэўскіх, дзе знаходзіцца прыватны сектар. У доме, які трэба праверыць супрацоўнікам МНС, таксама ёсць гаспадар.

– Тут быў звычайны драўляны дом, але я пачаў рабіць да яго двухпавярховую цагляную прыбудову, – распавядае Сяргей. – Атрымаў дазвол у райвыканкаме, бюро тэхнічнай інвентарызацыі ўсё аформіла… І раптам даведваюся, што ў 2018 годзе дамы пойдуць пад знос, тут распачнецца новая забудова. І райвыканкам зараз не дазваляе дабудаваць мне тое, што распачаў. Побач сусед, які бізнесам займаецца, цэлы палац пабудаваў. Там гарадскім арганізацыям столькі трэба выплачваць гаспадару за знос палаца, што яны пакінулі яго ў спакоі. А я ж просты вадзіцель-дальнабойшчык, будаваў толькі на тое, што зарабляў за баранкай…

Апошні пункт нашага рэйду – двухпавярховы дом на вуліцы Станіслаўскага. Шыбаў няма, вокны забіты дошкамі, а зверху – яшчэ і жалезныя пруты.

“А вось тут да змы ўжо рыхтуюцца! – пільны Павел Куніцкі знаходзіць “уваходныя дзверы” ў будынак. – Пруты ў вокнах адпілілі, але прывязалі іх вяроўкамі, каб не было заўважна. А ўнутр ужо і сукоў нацягалі, каб было чым грэцца ноччу. Дровы ёсць, толькі запалак не хапае…”

Інспектары МНС зробяць так, каб “начныя госці” сюды больш не патрапілі, а апошнія, відаць, будуць шукаць сабе новае месца прытулку. У кожнага свае клопаты…

 

Поделиться ссылкой: