“Іменем СССР – расстраляць…”

31

Прычым каб узысці на Галгофу, неабавязкова ехаць у Ерусалім. Гара тая – рухомая, і сама можа прыйсці ў патрэбнае месца ў патрэбны час. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года Галгофа знаходзілася ў Курапатах пад Мінскам, куды везлі і везлі невінаватых людзей на згубу.

У катаў-энкавэдыстаў не трэсліся рукі – працаваў добра наладжаны канвеер смерці. Чарговая машына. Яма. Стрэл у патыліцу. Колькі можна расстраляць за змену, выканаўшы ўсе санітарна-гігіенічныя нормы? Дваццаць, трыццаць чалавек? Быў у сістэме НКВД такі капітан Мацвееў, які ўласнаручна пазбавіў жыцця 1111 асуджаных. Праўда, за пяць начэй. Відаць, імкнуўся да нейкай знакавай лічбы, спадабаліся яму чатыры адзінкі. Ці проста так супала.

У Курапатах падобная бухгалтэрыя, хутчэй за ўсё, таксама вялася. Толькі і па сёння яна за сямю замкамі. Таму і дагэтуль дакладнай лічбы расстраляных няма. Дакладна вядома толькі, што дзень 29 кастрычніка стаў апошнім для 22 пісьменнікаў. Сярод іх быў і Алесь Дудар – маладняковец-бузацёр, харызматычны і энергічны прадстаўнік літаратурнага пакалення, якое амаль у поўным складзе пайшло на наканаваную яму Галгофу.

Маладыя хлопцы, якія паверылі ў беларусізацыю, у тое, што Беларусь сапраўды займае свой пачэсны пасад між народамі. А як было не паверыць, калі – упершыню ў гісторыі – па-беларуску загаварылі школа, вярхоўная ўлада, нават войска? Гісторык Мікалай Улашчык пазней настойваў, што “ў 1920-я гады беларусы мелі сваю дзяржаву”.

Дваццацідвухгадовы Алесь Дудар, безумоўна, адчуваў сябе будаўніком і абаронцам тае дзяржавы. Ён быў адным са стваральнікаў паўтысячнага “Маладняка”, які праяўляў сябе па ўсёй рэспубліцы, першым у беларускай паэзіі ўславіў у вершах прызабытых тады Скарыну і Каліноўскага, ездзіў абуджаць ад летаргічнага сну праблемны горад Полацк, бараніў у друку нацыянальны тэатр ад нашэсця нізкапробных расійскіх аўтараў, дэманстратыўна пакідаў сваю альма-матэр – БДУ, дзе недастаткова паважалі беларускіх пісьменнікаў…

А калі пабачыў, што ад публічных лістоў і дэманстрацый толку мала і беларусізацыя па камандзе зверху пайшла на спад, адчайна пайшоў у бой з адкрытым забралам. Напісаў непрыхавана антысавецкі верш “Пасеклі Край наш папалам”, чытаў яго сябрам і знаёмым, ахвотна даваў перапісаць. Такі ўжо меў характар, не хацеў ісці ў падпольшчыкі. Зрэшты, з паэтаў, як правіла, дрэнныя канспіратары, ім хочацца дзяліцца сваім горам ці радасцю з усім светам. Так, Восіп Мандэльштам, ужо сасланы ў Варонеж за антысталінскі верш “Мы живем, под собою не чуя страны”, пазбаўлены чытачоў і слухачоў, чытаў свае новыя творы па тэлефоне… следчаму.

Верш Дудара ў ціхамірнай Беларусі выбухнуў як бомба, ён біў у самыя болевыя кропкі: Пасеклі Край наш папалам, / Каб панскай вытаргаваць ласкі. / Вось гэта – вам, а гэта – нам, / Няма сумлення ў душах рабскіх… / За ўсходнім дэспатам-царком / Мы бегаем на задніх лапах, / Нью-Ёрку грозім кулаком… / Не смеем нават гаварыць / І думаць без крамлёўскай візы… / О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні / Такі разлом, туга такая! / І баюць байкі баюны Северо-Западного края…”

Як ні дзіўна, напісаны 90 гадоў таму верш актуальны і ў нашы дні, бо баюны тыя не звяліся ў Беларусі да гэтай пары.

Аўтару верша далі пяць гадоў  высылкі ў Курск (Варонеж і Курск – гэта вам не пазнейшая Калыма). На радзіму паэт вярнуўся паспакайнелым, але не зламаным, гатовым па-ранейшаму самасцвярджацца і самасцвярджаць свой народ. А тут акурат і добрая нагода надарылася – набліжалася 100-годдзе з дня смерці Пушкіна, і тэрмінова спатрэбіліся пераклады яго найважнейшых твораў на беларускую мову..

Як вы думаеце, каму Янка Купала (старшыня Пушкінскага юбілейнага камітэта) даверыў пераклад “Яўгенія Анегіна”? Алесю Дудару, у кім адчуваў і паэтычнае майстэрства, і культурны ўзровень, неабходныя для такой маштабнай працы.

І Дудар бліскуча справіўся з заданнем, нават паспеў пачытаць свайго “Анегіна” ў мінскім Доме пісьменніка. Відавочцы пазней ўспаміналі: ішла шматгадзінная радыётрансляцыя, і звонкі голас перакладчыка гучаў на ўсіх сталічных скрыжаваннях, у крамах і цырульнях. Калі Дудар дачытваў апошнія радкі, у Дом пісьменніка сышліся сотні радыёслухачоў, яблыку не было дзе ўпасці.

А праз два дні пасля трыумфальнага чытання – 31 кастрычніка 1936 года – Алеся Дудара арыштавалі. Прыгадаўшы старыя грахі, прыпісаўшы новыя. І роўна праз год расстралялі ў Курапатах – “іменем Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”, у ліку тых 22-х. Дудару не споўнілася і 32-х. Для пісьменніка – самы творчы ўзрост.

Увогуле, у 1930-я гады беларуская літаратура была выкашана касой бальшавіцкага тэрору акурат у росквіце талентаў. Перад узыходжаннем на Галгофу Максіму Гарэцкаму было 45, Міхасю Чароту – 40, Адаму Бабарэку – 39, Міхасю Зарэцкаму, Уладзіміру Хадыку, Паўлюку Шукайлу і Сяргею Дарожнаму – па 35, Тодару Кляшторнаму – 34, Лукашу Калюгу і Валерыю Маракову – 28, Алесю Салагубу – 27…

У савецкім літаратуразнаўстве пра іх пісалася: верылі ў партыю, падтрымлівалі нацыянальную палітыку Крамля і г.д. Хто і сёння так думае, хай яшчэ раз перачытае вершы Алеся Дудара “Цені блудзяць па твары”, “Я радзіўся за хатай пад плотам”, той жа “Пасеклі Край наш папалам”, якія зберагліся ў следчай справе і ўвайшлі ў толькі што выдадзены выдавецтвам “Лімарыус” збор твораў, з любоўю і веданнем справы ўкладзены даследчыцай Ганнай Севярынец. Тамсама чытач знойдзе і беларускага “Яўгенія Анегіна”, і прозу паэта, і яго баявую публіцыстыку, і лісты, і звароты яго родных да Берыі з просьбай паведаміць месцазнаходжанне брата і сына. Маці Алеся Дудара дажыла да 90, але так і не даведалася, дзе і калі расстралялі яе сына…

Самы знакаміты верш Дудара заканчваецца радкамі: “І са шчытом ці на шчыце / Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем”. І сёння паэт нарэшце вяртаецца ў вымраеную сваю краіну – як спартанскі воін, на шчыце пасмяротнай славы. А таму – gloria victis! – слава пераможаным!

Поделиться ссылкой: