OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пра стварэнне фільма і праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца пасля яго выхаду, Аляксей Туровіч распавядае “Народнай Волі”.

– Першае, што я зрабіў, пачынаючы працу над фільмам, – атрымаў дазвол на экранізацыю ў Ірыны Міхайлаўны, удавы Васіля Быкава, распавядае рэжысёр. – Такі пісьмовы дазвол у мяне ёсць. Затым былі выбраны акцёры, якія сыгралі ў фільме. Дарэчы, не называючы імёнаў, скажу, што некаторыя беларускія артысты, да якіх я звяртаўся, наадрэз адмовіліся сыграць у гэтым кіно. Не ведаю, з чым гэта звязана, можа быць, людзі пабаяўся сыграць у карціне – экранізацыі Быкава, можа, яшчэ што… А нехта прасіў вельмі вялікія грошы за здымкі.

“Гэта сапраўдны здзек з памяці Васіля Быкава…”

Сам здымачны працэс цягнуўся пяць дзён, “Жоўты пясочак” здымалі ў Ратамцы. Пасля гэтага была шматмесячная тэхнічная праца над стужкай. Я вам дакладна не скажу, колькі склаў бюджэт фільма, адзначу толькі, што за гэтыя грошы можна было б купіць двухпакаёвую кватэру ў Мінску. І на сённяшні дзень я да канца не разлічыўся з людзьмі, якія стваралі фільм. Вымушаны ўзяць крэдыты, каб аплаціць працу людзей…

– Трэба думаць, што пракатнае пасведчанне на гэты фільм у вас ёсць…

– Так, праўда, зараз гэты дакумент называецца іначай. Ва Універсітэце культуры я атрымаў рашэнне аб класіфікацыі фільма “Жоўты пясочак”. Жанр вызначаны як ігравая драма, узроставы цэнз – 16+. З гэтай паперай я звярнуўся ў “Кінавідэапракат” – арганізацыю, якая фарміруе рэпертуар фільмаў, якія цягам бліжэйшых месяцаў будуць ісці ў кінатэатрах. Паказаць “Жоўты пясочак” пагадзіўся толькі дырэктар кінатэатра “Масква” – астатнія браць у пракат карціну адмовіліся. Потым фільм паказалі ў Бабруйску, Гомелі, Маладзечне, зараз ён ідзе ў Брэсце.

Нядаўна я звярнуўся ў Нацыянальную тэлерадыёкампанію Рэспублікі Беларусь, з тым каб заключыць дамову на паказ гэтай карціны для больш шырокай аўдыторыі. Пытанне разглядалася камісіяй па набыцці маёмасных правоў. Падчас пасяджэння пад старшынствам генеральнага прадзюсара БТ Глеба Шульмана было вырашана: “Жоўты пясочак” па тэлебачанні не пакажуць. Пад пратаколам, які быў складзены на пасяджэнні, стаіць 19 подпісаў. Дакумент сведчыць пра тое, што ні на адной тэлевізійнай “кнопцы” экранізацыю трова Быкава не прадэманструюць.

Для мяне гэтае рашэнне стала шокам. Гэта жах! Я зацікавіўся прычынай адмовы. І пасля майго паўторнага звароту да старшыні БТ Генадзя Давыдзькі мне патлумачылі, што “камісія Белтэлерадыёкампаніі па набыцці маёмасных правоў зыходзіць з запатрабаванасці матэрыялаў у глядацкай аўдыторыі. Задачай камісіі ў тым ліку з’яўляецца вызначэнне мэтазгоднасці набыцця маёмасных правоў з улікам медыя-паказальнікаў і маркетынгавых даследаванняў”. Уяўляеце?

“Гэта сапраўдны здзек з памяці Васіля Быкава…”
Фота аўтара

Чаму забараняюць “Жоўты пясочак” – кіно, прысвечанае сталінскім рэпрэсіям? Чаму забараняюць Быкава? Быццам бы на самым высокім узроўні ідуць размовы пра тое, што патрэбна падтрымаць стварэнне мемарыяла ў Курапатах… Кіно ж таксама пра Курапаты. Чаму яго не хочуць паказваць? Лічу, што гэта сапраўдны здзек з памяці Васіля Быкава. Пра які маркетынг можна гаварыць, калі з экранаў айчынных тэлеканалаў ідуць не самыя якасныя расійскія серыялы пра “мянтоў” – гэта ж глядзець немагчыма! У той жа час наша класіка, наша гісторыя, наш боль – Курапаты – аказваюцца незапатрабаванымі.

Шчыра кажучы, я чакаў, што на гэты фільм абрынецца крытыка. Можа быць, з творчага пункту гледжання, а можа з-за таго, што ён выйшаў у пракат па-руску… Але таго, што яго адмовяцца дэманстраваць беларусам, я не чакаў…

– Што вы будзеце рабіць далей?

– Павязу гэтае кіно ва Украіну і Расію. А тут, у Беларусі…

Я напісаў зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, дзе паведаміў, што абураны рашэннем БТ. Вось цытата з гэтага звароту: “Упершыню за 60 гадоў у Беларусі быў створаны мастацкі фільм аб сталінскіх рэпрэсіях, аб трагічнай мінуўшчыне беларускага народа, аб нашай гісторыі, якая дагэтуль злачынна замоўчваецца. Сотні тысяч нявінных беларусаў былі расстраляны ў часы камуністычнага тэрору. І я, рэжысёр Аляксей Туровіч, вырашыў, што быў абавязаны зняць гэты фільм. І я гэты фільм зняў. З вялікімі цяжкасцямі, за ўласныя грошы, але зняў. Бо я веру ў тое, што рабіў. Мастацтва павінна несці людзям праўду.

Лічу, што рашэнне камісіі Белтэлерадыёкампаніі не толькі некампетэнтнае, але і зневажальнае. У Беларусі здымаецца няшмат кіно. Яшчэ менш здымаецца гістарычна-мастацкага кіно. Чаму актуальнаму кіно чыняцца бар’еры?”

Можа быць, Лукашэнка ўмяшаецца…