
“На 2018 год наш прагноз па інфляцыі — 7%. Пакуль гэты прагноз мы пакідаем”, — сказаў Крутой у кулуарах III Міжнароднага фінансава-банкаўскага форуму дзяржаў — удзельніц СНД “Мінскія дзелавыя сустрэчы”.
У той жа час ва ўрадзе абмяркоўваюць магчымасць зніжэння прагнозу па інфляцыі на 2018 год да 6%. “Але занадта шмат фактараў на гэта ўплываюць — эканамічны рост ўсё-такі яшчэ мае аднаўленчы характар пасля двух гадоў рэцэсіі. Таму сумесна з Нацыянальным банкам мы пакуль не бачым значных рэзерваў па зніжэнні інфляцыі“, — растлумачыў Крутой.
Пры гэтым ён лічыць, перадае БелаПАН, што зніжэнне інфляцыі у 2018 годзе да ўзроўню 6-7% з’яўляецца пазітыўным сігналам — раней урад планаваў выйсці на гэтыя лічбы ў 2019 годзе.
“Інфляцыя на ўзроўні 7% — гэта дастаткова камфортныя лічбы і пазітыўны сігнал для суб’ектаў гаспадарання, якія пачалі распрацоўваць свае бізнес-планы развіцця на наступны год“, — адзначыў Крутой.
Інфляцыя ў гадавым вымярэнні паводле вынікаў верасня 2017 года знізілася да 4,9%, што з’яўляецца мінімальным значэннем за ўсю гісторыю Беларусі. У краінах Еўрасаюза, згодна з прагнозам МВФ, інфляцыя ў 2017 годзе складзе 1,5%.
“На найбліжэйшыя гады зніжэнне інфляцыі да 1,5-2% не варта прагназаваць. Каб інфляцыя ў Беларусі была як у Еўрасаюзе, трэба вырашыць шмат структурных пытанняў. У тым ліку неабходна стварыць адпаведнае канкурэнтнае асяроддзе, а гэта патрабуе перагляду рэгулявання існых натуральных манаполій, алігаполій“, — паведаміла БелаПАН крыніца ў органах дзяржкіравання.
Паколькі, дадаў ён, структурныя пытанні хутка вырашыць не ўдасца, інфляцыя ў Беларусі будзе захоўвацца прыкладна на існым узроўні.
“Для нашай краіны рэальныя лічбы па інфляцыі на найбліжэйшыя гады — 4-5%, а далей усё будзе залежаць, як будуць вырашацца структурныя пытанні ў эканоміцы“, — адзначыў суразмоўца БелаПАН.
Раней беларускія ўлады паставілі задачу знізіць інфляцыю да 5%. Гэтая мэта прысутнічае ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.