Гэта ўжо факт: амерыканскі серыял “Гульня тронаў” (Game of Thrones) – самы папулярны серыял у свеце. Падлічана, што з 2011 года – пасля прэм’еры першага сезона – кожную серыю “Гульні тронаў” глядзяць у сярэднім 18,4 млн (!) гледачоў.

Гэтай зімой рэжысёры пачнуць здымаць восьмы – заключны – сезон фэнтэзійнай сагі. І, каб захоўваць інтрыгу і трымаць гледачоў у напружанні да канца серыяла, вырашана зняць некалькі альтэрнатыўных фіналаў. Прычым гэта не чуткі, а заява канала HBO – афіцыйнага транслятара стужкі.

Справа ў тым, што шалёная папулярнасць серыяла спарадзіла сапраўднае паляванне журналістаў за падзеямі на здымачнай пляцоўцы. Яны самымі неверагоднымі спосабамі імкнуліся пранікнуць на месца здымак, каб атрымаць інфармацыю пра тое, што адбудзецца ў наступных серыях. Таму прадзюсары і вырашылі зрабіць тры падстаўныя канцоўкі. Прычым яны абяцаюць, што таямніца фіналу будзе ахоўвацца так моцна, што нават самі акцёры не атрымаюць ніякай інфармацыі. Усе сцэны будуць здымацца як сапраўдныя, і які фінал праўдзівы, акцёры даведаюцца разам з усімі.

Для мільёнаў тэлегледачоў можа стаць займальнай іншая гульня. Многія букмекерскія кампаніі прымаюць стаўкі на пераможцу ў вайне за Жалезны Трон Сямі Каралеўстваў. У іх ліку і ўкраінская “Пары матч”, якая запрашае і беларусаў паспрабаваць зарабіць на любімых героях.

– На сённяшні дзень у Беларусі зроблена некалькі соцень ставак, – расказаў “Народнай Волі” прадстаўнік кампаніі Сяргей Каласкоў. – Самая высокая з іх – 100 долараў: кліент паставіў на перамогу Джона Сноў. Яшчэ адзін беларус паставіў 80 долараў на Дэйенерыс Таргарыен. На астатніх персанажаў ставяць у сярэднім 5–10 долараў.

Паводле слоў Сяргея Каласкова, цікавасць да ставак на персанажаў “Гульні тронаў” вялікая, “Пары-Матч” прымае стаўкі не толькі ва Украіне і ў Беларусі, але і ў Расіі, Казахстане і Грузіі.

Што да прагнозаў букмекераў, то найбольш верагодным пераможцам “Гульні тронаў” яны называюць бастарда Джона Сноў. На перамогу гэтага персанажа букмекеры даюць найменшы каэфіцыент – 3.

– У Дэйенерыс Таргарыен каэфіцыент 5, пры гэтым найбольшая колькасць ставак (31%) прыпадае менавіта на гэтага персанажа, – распавядае маркетынг-дырэктар “Пары Матч” Ілля Курачкін. – Сэрсэю Ланістэр не вельмі любяць гледачы – яе перамогу прагназуюць ўсяго 4%. З каэфіцыентам 8 яна на трэцім месцы. “Кароль ночы” – важак белых хадакоў і Цірыён Ланістэр маюць роўныя каэфіцыенты ад букмекераў – 12. Пры гэтым на ўладальніка самага вялікага войска ставяць 13% гульцоў, тады як на карліка – усяго 5%.