– Мы прапанавалі сталічным уладам увесці мараторый на высечку дрэваў, – распавядае Віктар Янчурэвіч. – Не сакрэт, што зялёныя насаджэнні адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні асяродку пражывання і выконваюць розныя функцыі: экалагічныя, рэкрэацыйныя, эстэтычныя… Ад гэтага наўпрост залежыць якасць жыцця ў горадзе і здароўе насельніцтва. Нездарма ж на ўзроўні Генеральнага плана Мінска пралічана колькасць неабходных гораду зялёных тэрыторый – гэта 21 квадратны метр на аднаго жыхара. Аднак да гэтай лічбы Мінску вельмі далёка.

– Што маем зараз?

– З улікам таго, што ў тэрыторыю горада быў уключаны зялёны масіў за кальцавой дарогай побач з Мінскім морам, удалося выйсці ў сярэднім па горадзе на 12 квадратных метраў на чалавека. А палітыка ўшчыльнення, якую прасоўвае Мінгарвыканкам, вядзе да скарачэння і забудовы зялёных зон. Тым больш што ў якасці рэзерву для так званага развіцця горада разглядаюцца санітарна-ахоўныя зоны прамысловых прадпрыемстваў, і сёння адпаведныя спецыялісты прапрацоўваюць варыянты іх скарачэння. Вось і ўзнікаюць пытанні: ці плануюць улады горада ўвогуле выконваць патрабаванні Генеральнага плана па азеляненні і ці ёсць план, як неабходнага паказчыка дасягнуць? Плана, відаць, пакуль няма, таму мы з ініцыятыўнымі групамі вырашылі звярнуцца ў Мінгарвыканкам з прапановай увесці мараторый на высечку да таго часу, пакуль не будзе распрацавана схема азелянення Мінска.

– На ваш погляд, ці ёсць у чыноўнікаў разуменне, што праблему ўсё-такі трэба вырашаць?

– Мне падаецца, мясцовыя ўлады робяць выгляд, што праблемы з зялёнымі насаджэннямі няма, а канфлікты з гараджанамі, якія ўзнікаюць праз праекты забудовы зялёных зон, з’яўляюцца праяўленнем калектыўнага эгаізму мясцовых жыхароў і справакаваны шэрагам гарадскіх актывістаў, якія быццам бы шукаюць пляцоўкі для самапіяру. У такіх выпадках чыноўнікі раяць людзям пераязджаць жыць у вёску, каб любавацца відамі на лесапаркавыя зоны, і не пратэставаць, бо гораду трэба развівацца. А бачанне развіцця горада ў чыноўнікаў аднабокае: прыярытэтам з’яўляюцца інтарэсы бюджэту горада і патэнцыяльных інвестараў. Таму горадабудаўнічая палітыка скіравана на выцягванне з гарадской тэрыторыі максімальнага прыбытку. А пры такім падыходзе зялёным зонам у горадзе няма месца. Якія наступствы такой палітыкі? Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на канец 2016 года Беларусь знаходзілася на трэцім месцы пасля Украіны і Балгарыі па смяротнасці з-за забруджанасці паветра. Вось такія сумныя лічбы!

 

Поделиться: