– Як узнікла такая задумка – пакласці на музыку паэзію рэпрэсаваных паэтаў?

Усё проста. Мы, Тузін Гітоў, займаемся рознымі праектамі на тэмы беларускай культуры, музыкі, гісторыі і кіно ўжо 14 гадоў. І натуральна, што гэта трагічная дата – 80-годдзе з моманту «чорнай ночы». Я хацеў акурат распавесці пра тых расстраляных асобаў, пра якіх фактычна няма ніякіх звестак у сеціве. Напрыклад, да пачатку праекта я шукаў у «Youtube»  іх прозвішчы, але нічога не знаходзіў. Ніводнай згадкі. У сеціве нават не было фотаздымкаў, твораў некаторых паэтаў, якія загінулі ў тую ноч. Таму, на мой погляд, натуральна, што гэтую прастору трэба напаўняць. І рабіць гэта варта з дапамогай музыкі, паэзіі, адкрытых лекцый, канкрэтных акцый. Так і паўстаў наш праект.

– З чаго пачаўся ваш праект «(Не)расстраляная паэзія»? Хто першы з музыкаў адгукнуўся, ці вы самі іх запрашалі?

Першапачаткова была ідэя музычнага праекту. Мы запрасілі 12 вядомых выканаўцаў, і кожнаму з іх прапанавалі пакласці на музыку канкрэтнага паэта. Бо, напрыклад, той жа Анатоль Вольны, калі прачытаць яго верш, цудоўна падыходзіць гурту Akute. Верш «Бунтар» Міхася Чарота пасуе Дзецюкам, і г.д

– А па якіх крытэрах вы абіралі, што каму пасуе?

-Для некаторых гэта былі прапановы некалькіх вершаў. Альбо наўпрост утварылі ўмоўныя пары “паэт – выканаўца”. Як я ўжо казаў на прыкладзе Akute і Дзецюкоў, калі я чытаў пэўны верш, то адчуваў, што ён пасуе менавіта нейкаму канкрэтнаму выканаўцу. І калі музыка з гэтым пагаджаўся, то і атрымлівалася песня. У рэшце рэшт, атрымалася з усімі ўдзельнікамі. І гэта маё асабістае адчуванне – кожны верш выдатна пасуе музыкам, якія яе выканалі. Але больш цікава меркаванне слухачоў – і іх рэакцыя вельмі станоўчая.

– А што яшчэ паўстала ў межах гэтага праекту?

Пасля гэтая ідэя разраслася да больш глабальнага і адукацыйнага кантэксту. З гэтага праекта паўсталі штотыднёвыя адкрытыя лекцыі ў кнігарні Логвінаў, што праходзяць ужо другі месяц, дзе асобна распавядаецца пра кожнага з 12 паэтаў. Мы далучылі літаратурных даследчыкаў, і яны ўпершыню ўсё гэта распавялі ў адкрытым фармаце. Адсюль жа паўстала ідэя «Маўклівых нататнікаў» – дызайнерскія нататкі маўклівых кніг. Гэта праца дызайнеркі Кацярыны Пікерэні з кнігарні Логвінаў. Нататнікі – гэта пэўная метафара недасказанага і знак таго, што мы павінны запоўніць гэтыя пустыя старонкі. Далей узнікла ідэя знайсці ўсе ацалелыя фотаздымкі, ілюстрацыі, вокладкі датычныя творчасці і асоб гэтых паэтаў. Улічваючы той факт, што сёння мала хто ходзіць у бібліятэкі, не быць у сеціве азначае быць цалкам забытым. Таму мы проста ўзялі ўсё з архіва “Літаратуры і Мастацтва” і перакінулі ў інтэрнэт. Мы стварылі 12 старонак паэтаў у сацыяльнай сетцы Facebook, якія цяпер напаўняем гэтымі фоткамі, успамінамі і творамі. Карацей, ужо на першым этапе «(Не)расстраляная паэзія» перастала быць выключна музычным праектам.

– Ці ўсё задуманае ўвайшло ў праект?

З музычным матэрыялам усё задуманае атрымалася. Аднак тут ёсць сумная нотка ў рэалізацыі глабальнага праекту з падключэннем немузычных канцэпцый, якія б самі працавалі на наш праект. Натуральна, што патрэбны грошы, якіх хранічна не хапае. Я быў перакананы, што мы збяром патрэбную суму на Талацэ, але да фінішу кампаніі было сабрана ўсяго 53%.  Мы былі вымушаны яе зноў адрадзіць, каб хаця б паспрабаваць пакрыць нейкую частку выдаткаў. Менавіта таму, напрыклад, не будзе дыска з гэтымі песнямі, кнігі з лекцыямі. Дакладна не будзе світшота з выявамі паэтаў, якія мы хацелі зрабіць. Ідэя праекту была раскручваць гэтых паэтаў як медыйных асобаў. Вось напрыклад, вы адрозніце таго ж Міхася Дудара ад Міхася Чарота? Я думаю, што мала хто ўвогуле ўявіць вобраз кожнага з гэтых паэтаў. Таму мы хацелі ўсё скруціць з дапамогай нейкай прадукцыі і песняў, але, на жаль,  світшотаў не атрымаецца, бо гэта досыць дарагая справа. Таксама хацелі зрабіць вулічную стрыт-арт акцыю, каб зрабіць трафарэты з выявамі гэтых паэтаў. Нам хацелася, каб гэта ў першую чаргу было зроблена ў гарадах, дзе яны нарадзіліся і туды дадаць яшчэ цытаты з іх вершаў, але…

Я спадзяюся, што гэта не апошні раз, калі гэта тэма ўздымаецца. Ужо было шмат зроблена, і вельмі радуе, што тэма пачынае працаваць па-за межамі ўласна праекту. Напрыклад, падчас удзелу ў праекце, літаратар і перакладчык Андрэй Хадановіч зачараваўся творчасцю Юлія Таўбіна настолькі, што ўгаварыў выдаўца Змітра Коласа выдаць кнігу з яго творамі. Гэта першы зборнік Таўбіна за амаль паўстагоддзя. Не памятаю дакладна, але мінулы раз яна выдавалася разок недзе ў 60-ых, пасля рэабілітацыі паэта. Гурт Re1ikt, апроч самой песні – якая, дарэчы, складаецца цалкам  з радкоў празаічнага апавядання Міхася Зарэцкага, –  вырашылі зняць кліп на яе. Тое самае хоча зрабіць гурт Vuraj за свае сродкі  па-за межамі праекту. На гэты раз, праграма была абмежавана 12-ю песнямі. Але і шмат іншых выканаўцаў,  выдатных музыкаў пісалі нам пра сваё жаданне паўдзельнічаць.  Расстраляных творцаў толькі ў ноч 29 кастрычніка значна болей. Са свайго боку я магу толькі прапанаваць паэтаў, вершы і прапанаваць зрабіць песню далей па-за праектам. І я думаю, што ў нас будзе нейкая бонусная частка з гэтых песен.

Карацей, гэта ідэя паступова працуе і развіваецца. Імёны паэтаў ужо больш вядомыя і пазнавальныя, чым нават паўгады таму.

– То бок, можна сказаць, што місія праекта ўсё ж такі выканана?

Скажам так: задача мінімум – дакладна. Я пастараюся падтрымліваць тыя старонкі паэтаў, што мы стварылі, напаўняць іх новай інфармацыяй, калі будзе нешта далей з’яўляцца. Але шмат часу ўдзяляць  толькі аднаму праекту немагчыма, бо яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.

Можа яшчэ з’явіцца магчымасць для таго, каб стварыць навукова-папулярную кнігу з лекцыямі, бо кожная гісторыя паэта – гэта ўжо цікавая і захапляльная аповесць. Гэта фактычна гатовыя сцэнары для галівудскага фільма. Туды можна было б укласці дыск, і гэта стала б сапраўды прыгожай кропкай у нашым праекце. Задума канечне дарагая, але вартая, асабліва як працяг пасля канцэрта.

– Дарэчы, наконт бліжэйшага канцэрта ў межах ваша праекту. Што ў ім асаблівага?

Канцэрт адбудзецца 29 кастрычніка, у нядзелю, у мінскім клубе “Бруге”. Рэч у тым, што арганізаваць такі канцэрт у такім складзе тэхнічна досыць складана, таму наўрадці ён яшчэ некалі паўторыцца. Квіткоў было ўсяго 100, і ў дзень канцэрта квіткі прадавацца не будуць. Калі нехта жадае на яго трапіць, але не паспеў набыць квіток, то застаўся адзін варыянт – падтрымаць праект на Талацэ. Тыя, хто гэта зробіць, атрымае запрашэнне на канцэрт.

 У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратары. У межах праекту “Нерасстраляная паэзія” паўсталі песні паводле твораў паэтаў і пісьменнікаў, якія былі расстраляны падчас сталінскіх рэпрэсій у 1937-ым годзе: Алеся Дудара, Міхася Чарота, Юлія Таўбіна, Юркі Лявоннага, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага, Зямы Піваварава, Майсея Кульбака, Ізі Харыка, Анатоля Вольнага, Уладзіслава Галубка.

Лекцыі “Нерасстраляная паэзія”

На гэту тэму:

Не толькі пра паэтаў…

Поделиться: