“Сеяць зерне”. Размова са святаром-відэаблогерам Аляксандрам Кухта

24

-Колькі гадоў вы з’яўляецеся святаром?
-Тры.

-Дзе вучыліся?
-Спачатку ў ліцэі БДУ, затым у Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах, а зараз у Духоўнай акадэміі.

-Ці цяжка вучыцца на святара?
-Складана сказаць. Мабыць не. Галоўнае паставіць сабе такую мэту і ісці да яе.

-А чаму вырашылі стаць святаром?
-Я не ведаю, усё складана. У тым сэнсе, што не было такога, каб я прачнуўся ранкам і зразумеў: усё кідаю і пайду святаром. Да гэтай ідэі я даходзіў, яна нараджалася, выкрышталізоўвалася ўва мне, і прыйшла да свайго лагічнага завяршэння.
Такім чынам, ужо ў старэйшых класах вы зразумелі, што хочаце стаць святаром?
Так. Калі ўсе сябры хадзілі на курсы праграмавання, і я разам з імі. Але задняй думкай я разумеў, што я не з імі.

“Сеяць зерне”. Размова са святаром-відэаблогерам Аляксандрам Кухта
Фота аўтара

-А праграмісцкія задаткі перайшлі ў вашу дзейнасць?
-Сам вобраз думак, ды і сябры засталіся. Я выдатна разумею, што ў любога чалавека павінна быць выйсце ў знешні свет, каб прафесійна не дэфармавацца і бачыць свет па-за межамі свайго поля. Таму я падтрымліваю сувязі са сваімі школьнымі сябрамі, дзе размаўляю на іншай мове. І сапраўды, многія алгарытмы маёй дзейнасці ўзяты з той сяброўскай кампаніі.

-Як вы прыйшлі да ідэі завесці ўласны відэаканал?
-Натуральна, што цяпер такі час, калі кожны чалавек, які лічыць што больш-меньш разбіраецца ў чымсьці, заводзіць свой відэаблог і пачынае там размаўляць. Для мяне неяк дзіўна, што да гэтага часу не было праваслаўнага відэаблога ў папулярным ютуб-фармаце. Другое пытанне, што, каб не я, то праз паўгады з’явіўся іншы святар, які б зрабіў тое самае. Я проста своечасова заўважыў нішу і заняў яе.

-Вы разумееце, што гэта вялікая адказнасць: распавядаць пытанні рэлігіі? Старэйшыя бацюшкі не дакараюць?
-Дакараюць (усміхаецца). Зразумела, праблемы ёсць, таму што фармат прынцыпова новы. Ёсць шмат унутраных пытанняў, і нават наконт выжывання. Усё не так проста, як можа падацца. Шмат часу займае абарона сябе, існавання канала. Але пакуль жыву.

-А старэйшыя людзі ў сістэме Царквы ўсведамляюць, што сёння гэта рэальная магчымасць данесці інфармацыю пра Бога да шараговых людзей, да тых, хто ў царкву не ходзіць?
-Складана сказаць, паколькі гэта прадстаўнікі розных царкоўных суполак, і з усімі імі я не маю сувязяў. Але добра, што многія з іх прымаюць маю дзейнасць як мінімум на ўзроўні эксперымента: паглядзім, што з гэтага выйдзе. Многія ж, асабліва тыя, хто жыве далёка, скажам, у іншай краіне, яны не разумеюць, ім гэта здаецца дзікім.

“Сеяць зерне”. Размова са святаром-відэаблогерам Аляксандрам Кухта
Фота аўтара

-Якую мэту вы ставілі, ствараючы гэты відэаканал?
-З моманту выхаду першага роліка прайшло амаль два гады. Першапачатковая ідэя не змянілася: “сеяць зерне”. Але я разумею, што толькі пры дапамозе ролікаў нельга прывесці чалавека ў Царкву. Мая задача – пасеяць зерне, якое здыме пэўны негатыў у адносінах да Царквы. З іншага боку, я спадзяюся, што гэтае зерне дасць узыход праз 5, 10, 50 гадоў, утрымае чалавека ад нейкага ўчынку.

-Колькі займае сама праца над ролікам?
-Па сутнасці, праца над ролікам ідзе ў адпаведнасці са сцэнаром, які рыхтуецца загаддзя – слова ў слова, уключаючы эмоцыі. Цяпер праца над ролікамі ўскладнілася за кошт унутранай крытыкі: прыходзіцца думаць над кожным словам, падтэкстам. Ёсць вялікая фокус-група з царкоўных і нецаркоўных асобаў. Праца над сцэнаром займае гадзін 15, здымкі яшчэ 2-3 гадзіны, мантаж 6. Але гэта не ўсё. Выкласці ролік недастаткова.

-Як з’яўляюцца ідэі для ролікаў?
-Яны прыходзяць самі сабою. Адзінага вызначанага тэматычнага плану няма. Я проста хаджу на вуліцы, у мяне з’яўляецца ідэя, потым я апрацоўваю літаратуру, а далей сцэнар.

-Не ўзнікала жадання з-за шматлікай крытыкі з боку сваіх жа сказаць “хай яно лясне” і спыніць працу?
-Пастаянна (усміхаецца).

-А чаму працягваеце?
-Нават не ведаю. Тут трэба падумаць. У мяне ўжо ёсць пэўная аўдыторыя. Але праблема ў тым, што нас, святароў-відэаблогераў, мала. А адной таблеткай нельга вылечыць усе хваробы. Калі так умоўна казаць, я быццам займаюся выхаваннем у дзіцячым садку. Тут прыходзяць старшакласнікі і кажуць: “Давай вывучаць ядзерную фізіку”. “Хлопцы, добра, але тут дзіцячы садок, я не магу”. І канфлікт узнікае з-за таго, што для старшакласнікаў няма настаўніка. Таму гэта праблема. Проста трэба больш нас, каб мы задаволілі ўсе патрэбы.

-А ўнутры Царквы не ўзнікала ідэі працы з рознай аўдыторыяй у інтэрнэце, па вашым прыкладзе? Напрыклад, для тых, хто жадае, умоўна кажучы, вывучаць ядзерную фізіку?
-Трэба трохі з’ехаць з глузду, у тым сэнсе, што гэта вельмі складана фізічна, доўга, трэба ўсведамляць адказнасць і крэатывіць. Я разумею, што ад ідэі да яе рэалізацыі ляжыць глыбокая прорва. І гэта патрабуе шмат сіл. Таму пакуль маем тое, што маем.

 

 

Поделиться ссылкой: