Намінаваць кнігу паэзіі на конкурс маюць права выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі аўтары. Конкурс праводзіцца сярод кніг паэзіі, што былі выдадзены ў 2016-ым годзе.  Неабходна даслаць электронныя pdf-версіі выданняў і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: paezija@gmail.com.

У  журы ўваходзяць Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.

Як паведамляюць арганізатары, журы ўжо пачало разгляд 18 кніг, што ўжо былі дасланыя.

Над лагатыпам прэміі працаваў Анатоль Лазар (студыя “Адліга”). Аўтар лога паспрабаваў стылізаваць цытату з верша Наталлі Арсенневай “Пад сінім небам усё іначай” пад почырк выбітнай паэткі.

Яшчэ не позна! Прэмія імя Наталлі Арсенневай збірае кнігі да канца месяца

Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі легендарнага верша “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Наталля Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца культурнай і асветніцкай дзейнасцю.

Актуальную інфармацыю пра прэмію можна знайсці ў фэйсбуку і на сайтах арганізатараў. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але заснавальнікі спадзяюцца, што яна стане штогадовай.