Учора прайшлі два заключныя матчы 26-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе: БАТЭ (Барысаў) перамог магілёўскі “Днепр” — 2:0, а “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна згуляла ўнічыю (1:1) з “Мінскам”. Такім чынам, засталося згуляць чатыры туры, на “золата” прэтэндуюць тры каманды — салігорскі “Шахцёр”, БАТЭ і мінскае “Дынама”. Пакуль расклад такі. На першым месцы —  “Шахцёр” (26 гульняў, 59 ачкоў), на другім — БАТЭ (26/57), на трэцім — “Дынама” — (26/56). Барацьба за “золата” працягваецца…

— Для балельшчыкаў проста цудоўна, калі інтрыга захоўваецца да апошняга, — кажа Вадзім Жук. — Чатыры туры застаецца, а зараз невядома, хто будзе чэмпіёнам Беларусі. Нават унізе турнірнай табліцы сітуацыя абвастрылася, і “Іслач”, якая апошнім часам гуляе на пад’ёме, акрылілася і паверыла, што можа не “выляцець” з вышэйшай лігі. Адным словам, самае цікавае — наперадзе!

— Ужо ўсім вядомая гісторыя, калі Дысціплінарны камітэт Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” не так даўно зняў з БАТЭ тры ачкі за тое, што барысаўчане быццам бы неправамерна заявілі на гульню са “Слуцкам” варатара Сяргея Верамко. Апошні, маўляў, не ў тэрмін заплаціў штраф…

— Тут, як мне падаецца, рана яшчэ заяўляць пра страчаныя БАТЭ тры ачкі, бо клуб вырашыў падаць апеляцыю, якая і будзе разгледжана ў бліжэйшы час. Не выключана, што ачкі клубу могуць вярнуць. Але нават у такім выпадку заўчасна казаць, хто стане чэмпіёнам.

— Як вы ацэньваеце скандальную сітуацыю са зняццем ачкоў з БАТЭ?

— Я не ведаю ўсіх падрабязнасцей справы, але калі работнікі федэрацыі даюць квітанцыю на аплату штрафа з няправільнымі рэквізітамі, то тут ужо і сама федэрацыя трапляе ў непрыемнае становішча. Чым бы гісторыя не закончылася. Мне падаецца, тут абодва бакі вінаваты. І не вельмі добра, калі ў сітуцыі, дзе вырашаецца пытанне залатых медалёў, з каманды, якая за іх змагаецца, здымаюць ачкі. Не тая сітуацыя! Тым больш, што варатар Сяргей Верамко не выходзіў у тым матчы нават на поле, а быў у рэзерве. Можна было знайсці іншы від пакарання — штраф павялічыць, з клуба грошы спагнаць… Але на фінішы чэмпіяната здымаць ачкі — гэта вельмі жорска. Таму тую норму, якую прымянілі да барысаўскага клуба, у любым выпадку трэба нейкім чынам відазмяняць.

— Ваш прагноз: хто будзе чэмпіёнам Беларусі?

— Я раблю стаўку на БАТЭ. Зразумела, што ім зараз складана змагацца і ў першынстве Беларусі, і ў Лізе Еўропы, але барысаўчан можа выратаваць тое, што каманда добра ўкамплектавана. Пасля скандальнай гісторыі заваяваць залатыя медалі для БАТЭ павінна быць справай гонару.