Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Упершыню ў Купалаўскі музей я трапіў першакурснікам філфака БДУ, дзе беларускую літаратуру нам чытаў прафесар Алег Антонавіч Лойка.
13:43 24 кастрычнiка 2017
27
Памер шрыфта
Фото: yandex.by

Тады якраз у папулярнай кніжнай серыі ЖЗЛ выйшаў у свет яго раман-эсэ пра Купалу, на старонках якога народнага паэта не толькі ўзнагароджвалі савецкім ордэнам, персанальным аўто і лецішчам на высокім беразе Дняпра, але і выклікалі на допыты ў ДПУ, абвінавачвалі ў нацдэмаўшчыне, знішчалі на макулатуру адну з яго “контррэвалюцыйных” кніг. Не абмінаў аўтар рамана і спробу самагубства Купалы ў 1930 годзе. Усё гэта нас, філфакаўцаў, страшэнна цікавіла, на семінарах і ў студэнцкіх інтэрнатах узнікалі цэлыя дыскусіі.

І вось ходзім мы з сябрам па музеі і расчаравана ўздыхаем. З усіх стэндаў, з усіх экспазіцый, з усіх плакатаў і афіш на нас глядзіць савецкі Купала, паспяховы паэт-ардэнаносец, якога ледзь не штомесяц выдавалі па ўсім СССР, пра якога клапаціліся партыя і ўрад і які на той клопат адказваў адпаведнымі дыфірамбамі.

А куды падзеліся допыты ў ДПУ, а дзе Саюз вызвалення Беларусі, справу пра які Купалу шылі белымі ніткамі ў тым самым 1930-м, а чаму замоўчваецца самагубства? – даймалі мы сваімі наіўнымі пытаннямі наглядчыцу сталага веку. Ішоў няпэўны 1985 год, і яна толькі дакорліва супакойвала нас, разгарачаных пеўнікаў.

Але супакойвацца мне не хацелася, і неяк на пасяджэнне ўніверсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, кіраванага тым жа Алегам Лойкам, я прынёс верш “Купалаўскі музей”, дзе былі такія радкі: “Вось Купалу машына вязе, / вось Купала заняты гаворкаю, / вось Купала стаіць у чарзе – / не па хлеб, па аўтограф да Горкага. / Вось Купала ў прэзідыўме зноў ж / разам з іншымі дбае аб міры… / Пакладзіце ля ордэна нож, / што зрабіў песняру харакіры!”

Вершу таму кіраўнік “Узлёту” ўзляцець не даў, раскрытыкаваў за празмерную публіцыстычнасць, ды так пераканаўча, што “Купалаўскі музей” у значна дапрацаваным выглядзе трапіў толькі ў маю кніжку “Нашэсце поўні” ў 2001 годзе.

Чаму мне пра ўсё гэта сёння згадалася? Ды таму, што нарэшце навідавоку ў адкрытай экспазіцыі Купалаўскага музея з’явіўся галоўны экспанат.

Не пасведчанне аб наданні звання народнага паэта БССР №1.

Не ордэн Леніна, з якім Купалу так любілі друкаваць у школьных падручніках, пачынаючы з буквара.

Не легкавік маркі “Шаўрале”, які зрэдку прывозяць у Мінск з Ляўкоў, дзе яму, трэба сказаць, не лепшае месца.

Не абабіты зялёным сукном пісьмовы стол з мініяцюрнай скульптуркай Пушкіна.

І не шахматы, у якія любілі гуляць Янка і Якуб.

Гэты галоўны экспанат – НОЖ.

Нож, якім 20 лістапада 1930 года даведзены да адчаю Янка Купала спрабаваў забіць сябе.

Што гэтаму папярэднічала? Шмат што. І раскулачванне сям’і народнага паэта, якую ўжо вывозілі ў закратаваным эшалоне ў Сібір. І парэзаная на макулатуру кніга 1930 года, дзе цэнзура раптоўна выявіла нацдэмаўска-контррэвалюцыйныя вершы. І справа Саюза вызвалення Беларусі, у кіраўніцтва якога ДПУ запісала Купалу. І арышты маладзейшых сяброў Купалы – таленавітых Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Уладзіміра Жылкі…

А як ацэньвалі тады Купалу не крытыкі, не ўніверсітэцкія прафесары, а партыйныя начальнікі, ад якіх у той час залежала ўсё? Вось на бюро ЦК КП(б)Б выступае другі сакратар Васіль Шаранговіч: “Я утверждаю, что Купала фактически ведет против нас враждебную работу и, судя по всем документам, является человеком, который, где только ему удается, делает против нас вылазки”. Вось словы загадчыка аддзела культуры і прапаганды ЦК Максіма Ляўкова: “В редакции журнала “Беларусь калгасная” находится и Янка Купала, и не случайно, что все его контрреволюционные вещи помещены именно в этом журнале”. Ва ўнісон ім выказваецца і сакратар ЦК КП(б)Б Вацлаў Жаброўскі: “Все лучшие произведения Янки Купалы явно направлены против нас. Вот 5 томов Купалы – лейтмотив их антисоветский, классово враждебный нам”.

У такой атмасферы Купала разумеў – ні званне, ні ордэн яго не выратуюць. І – пайшоў на суіцыд, напісаўшы ў перадсмяротным лісце: “Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога”. “Палітычная смерць” азначала поўнае забыццё, забарону на выданні, а да яе Купалу ўлада акурат і падводзіла. І паэт вырашыў яе апярэдзіць.

Ужо на другі дзень першы сакратар ЦК КП(б)Б Канстанцін Гей крывадушна дакладваў па інстанцыі: “Покушение было несерьезным. Купала ударил себя перочинным ножом в правый бок, жизнь его вне опасности. Сам факт покушения на самоубийство мы, конечно, огласке не предаем”.

Па-першае, нож быў зусім не “перочинный”. Па-другое, небяспека жыццю паэта ўсё ж была. Баючыся паўторнага замаху, бальнічную палату Купалы ДПУ ўзяло пад кругласуткавую варту. Неўзабаве за подпісам знясіленага фізічна і маральна паэта ў друку з’явіўся ліст, у якім Купала каяўся ва ўсіх смяротных грахах. Пісаў ён яго (ці толькі падпісваў) з нажом ля горла, які пагражаў, ужо адназначна, не толькі смерцю фізічнай, але і палітычнай.

Увогуле, як мне бачыцца, усе купалаўскія панегірыкі савецкаму ладу, усе дыфірамбы Сталіну пісаліся з тым нажом ля горла. Драўляна-бязвобразныя, зарыфмаваныя цераз пень-калоду: “Мудрыя законы / Краіны Саветаў / пісаны рукою / рабочай, мазольнай… / Нашай Канстытуцыі / слаўныя заветы / не памруць, жыць будуць / праўдай векапомнай”.

Пішучы такое, паэт не толькі засцерагаў сябе ад палітычнай смерці. У часы беларусізацыі 20-х гадоў Купала (цалкам заслужана) быў узняты на такую вышыню, што яго голас успрымаўся (асабліва ў Маскве) як голас усёй БССР. І бунт ці хоць бы маўклівае непадпарадкаванне маглі прывесці да катастрафічных вынікаў для ўсяе Беларусі. Яе на вачах Купалы ўжо абразалі аднойчы да шасці паветаў (згадайма, ён тады не вытрымаў, адгукнуўся з’едлівай эпіграмай: “Далі шэсць паветаў – дзякуй і за гэта”).

Так што Купала разумеў і адказнасць, якая выпала на яго долю, і тыя жахлівыя ўмовы, у якіх ён быў змушаны жыць і пісаць. І ён пісаў – з нажом ля горла – тое, што ад яго чакалі. І тым самым ратаваў Беларусь, адводзіў ад яе сталінскі гнеў, які нярэдка абрушваўся на цэлыя народы (успомнім вывезеных на поўнач крымскіх татар ці раптоўна ўзніклую яўрэйскую аўтаномію на Далёкім Усходзе).

Шкада, што гэтага сёння шмат хто не хоча разумець і вінаваціць Купалу то ў слабаволлі, то ўвогуле ў запраданстве камуністычнаму рэжыму. Не трэба доўга лазіць па інтэрнэце, каб сустрэць гэткія філіпікі: “Як чалавека Купалу можна апраўдаць, але як паэту яму няма даравання”, “А чаму ў Купалы ў шуфлядзе не знайшлося вершаў, якія засталіся б нам у спадчыну як сімвал нескаронасці духу перад дулам пісталета”, “Мог жа Купала сказаць бальшавікам “не” і ўпасці ў дол у Курапатах…”

Падобныя папрокі – за мяжой чалавечай прыстойнасці, і адказваць на іх – як з арангутангам пра музыку Моцарта гаварыць. І ўсё ж я адкажу. Янка Купала, вядома ж, мог легчы ў яму ў Курапатах. Смерці, як выглядае, ён не баяўся. Але следам за ім “па дарозе ў Курапаты”, на знішчэнне пайшла б уся Беларусь. Адным росчыркам сталінскага алоўка. Зрабілі б яшчэ адно перасяленне народаў і закрылі б “белорусский вопрос”, як закрылі пазней “крымскататарскі”.

Сваім пакутніцкім жыццём Купала зрабіў усё магчымае, каб тое не сталася. З нажом ля горла. Таму – звяртаюся да адміністрацыі музея – нож той не трэба прыбіраць з экспазіцыі пасля заканчэння часовай выставы “Страчаныя абліччы”. Ён павінен там знаходзіцца заўжды.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

17 лістапада 2017

“Новы запавет” па-беларуску як важны крок да культурнай еўрапейскай нацыі

“Мець літаратурны сучасны пераклад Бібліі з арыгінала – гэта важны крок, каб быць культурнай еўрапейскай нацыяй,” – лічыць клірык Свята-Уладзімірскай царквы г. Гродна, протаіерэй Андрэй Яварэц.
17 лістапада 2017

«Завтра» Юлии Шатун

«Смотреть это без комка в горле невозможно», – признался после показа белорусского фильма «Завтра» на кинофестивале «Лістапад» один из членов жюри.
17 лістапада 2017

Анатоль Ярмоленка: “Мне няма калі глядзець у пашпарт”

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка святкуе свой 70-гадовы юбілей ужо два тыдні. Справа ў тым, што ён нарадзіўся 2 лістапада, а ў загсе запісалі, што 15-га.