Зусім нядаўна, колькі дзён таму, мне давялося пабываць на прэзентацыі цікавай дакументальна-мастацкай кніжкі. Яе напісаў – і напісаў таленавіта! – адзін з вядомых беларускіх паэтаў пакалення пяцідзясятых, творчасць якога мне заўсёды падабалася. Падчас мерапрыемства паэта, аднак, раптам павяло ўбок ад асноўнай тэмы абмеркавання, і ён літаральна агаломшыў мяне і яшчэ сяго-таго з прысутных у зале наступным прызнаннем:

– У канцы васьмідзясятых мне не раз прапаноўвалі ўступіць у камуністычную партыю, а я заўсёды адмаўляўся. Цяпер пра гэта шкадую. Вось жа Міхал Фёдаравіч Дубянецкі, пад чыім кіраўніцтвам я працаваў тады ў выдавецтве (“Мастацкая літаратура”. Л.Б.), быў вельмі прыстойным чалавекам, а належаў да гэтай партыі…

Ведаю, што паважаны паэт рэгулярна чытае незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”, на старонках якога на працягу не аднаго года друкуюцца прыватныя нататкі вышэйзгаданага Міхала Дубянецкага пад назвай “Трэба рызыкаваць…”. Гэтыя нататкі публікуюцца з архіваў апошняга, падрыхтаваны яго сваякамі. На іх старонках дзясяткі разоў аўтар (які ў 1988 годзе ўрэшце стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту) каменя на камені не пакідае ад кіраўнікоў кампартыі і яе палітыкі, прычым не толькі ў нацыянальным пытанні! Наколькі памятаю, перад сваёй заўчаснай смерцю ў 1990 годзе. Міхал Фёдаравіч збіраўся выйсці з КПСС, а відаць, што нават і напісаў адпаведную заяву…

Не толькі пра паэтаў…
Тытульны ліст дакумента-пастановы аб знішчэнні 103 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі за 7.09.1937 з уласнаручнымі візамі Сталіна, Молатава, Кагановіча, Яжова.

Шчырая і шчодрая душа нашага сучаснага паэта, аднак, лунае над памяццю народнай… У эмацыйным парыве яна гатова забыць усё і дараваць каму заўгодна. Але ці можа беларускі паэт сёння забыць тое, што мы сёння ведаем пра ролю савецкай камуністычнай партыі ў вынішчэнні нашай нацыянальнай інтэлігенцыі? Бо якраз у гэтыя дні 80 гадоў таму адбыліся жахлівыя падзеі, цяпер добра апісаныя ў нашай літаратуры, найперш у кнігах нядаўна памерлага Леаніда Маракова.

“29 кастрычніка 1937 года, – піша Маракоў, – напэўна, у гонар 20-годдзя кастрычніцкага перавароту, у сталіцы Беларусі Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы ў сутарэннях унутранай турмы НКВД, так званай “амерыканкі”, былі расстраляны паэты Алесь Дудар, Юрка Лявонны, (прапушчаны ў пераліку Анатоль Вольны.Л.Б.), Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў. Міхась Чарот, празаікі Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі… Паэты Ізі Харык, Мойша Кульбак, Арон Юдэльсон, празаік Платон Галавач… дададзены ў спіс мясцовымі энкавэдыстамі.

Сёння ўжо цяжка ўдакладніць, калі – 29-га (у 23.45, да прыкладу) або 30-га (скажам, у 00.15) кастрычніка 1937 года – расстралялі празаіка і грамадскага дзеяча Янку Нёманскага (Пятровіча), паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна…

Вынішчалі эліту беларускай інтэлігенцыі, мозг нацыі… Вынікі таго расстрэлу мы адчуваем цяпер, праз столькі (тады 70, цяпер 80.Л.Б.) гадоў! Страх, што ўеўся ў нашы гены, душыць, як пятля, сціскае нашы шыі, не дае дыхаць…

Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў “амерыканцы” энкавэдысты Сакалоў (нам. начальніка Мінскай унутранай турмы НКВД), Абрамчык, Гарбацэвіч вынішчылі – спалілі – некалькі дзясяткаў тысяч (!) рукапісаў беларускіх літаратараў. Гарэлі рукапісы М.Багуна, С.Баранавых, А.Вольнага, П.Галавача, У.Галубка, Ц.Гартнага, С.Дарожнага, А.Дзеркача, А.Дудара, Х.Дунца, М.Зарэцкага, С.Знаёмага, В.Каваля, Т.Кляшторнага, М.Кульбака, Ю.Лявоннага, В.Маракова, С.Мурзо, Я.Нёманскага, З.Піваварава, С.Ракіты, А.Розны, В.Сташэўскага, Б.Тарашкевіча, Ю.Таўбіна, У.Хадыкі, І.Харыка, М.Чарота, В.Шашалевіча, А.Юдэльсона і многіх іншых”.

Велікадушны і добры сучасны паэт, вядома ж, павінен ведаць, што пералічаныя беларускія творцы не здзейснілі ніякіх злачынстваў і не стаялі ні перад якім судом. Рашэнне іх забіць прыняло найвышэйшае кіраўніцтва той самай камуністычнай партыі… Леанід Маракоў апублікаваў архіўны дакумент за 7 верасня 1937 года, у якім пералічаны прозвішчы 18 беларускіх літаратараў, а таксама яшчэ 85 навукоўцаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, работнікаў сферы адукацыі БССР, якіх трэба “асудзіць па першай катэгорыі” – гэта значыць расстраляць. На тытульным аркушы рукой Сталіна выразна напісана “За”, а следам за подпісам савецкага ката-правадыра ідуць подпісы яго памагатых – членаў Палітбюро ВКП (б) Молатава, Кагановіча, Варашылава і кіраўніка НКВД Яжова. Вось так амаль два дзясяткі прадстаўнікоў беларускай літаратурнай эліты былі пазбаўлены жыцця адным росчыркам пяра людзей, якія іх асабіста і не ведалі… І гэта было не першы і не апошні раз! Як піша той жа Леанід Маракоў, толькі за перыяд так званага крывавага “тунэля смерці” (жнівень 1937-га – снежань 1938 года) ахвярамі камуністычнага тэрору сталі не менш як 10.000 чалавек, сярод якіх больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

Я асабіста не сумняваюся, што калі б наш вышэйзгаданы цудоўны паэт нарадзіўся на паўстагоддзя раней, з яго вальналюбнай натурай ён не толькі не ўступіў бы ў кампартыю, але і падзяліў бы лёс тых ахвяр…

Так, сёння ў Беларусі ўсе найвышэйшыя пасады па-ранейшаму займаюць людзі, якія некалі мелі ў кішэні (і не факт, што па сёння не маюць!) білет той самай партыі, якую яе колішні кіраўнік называў “нашым ордэнам мечаносцаў”. Яны ўжо крыху лагоднейшыя: нашага паэта некалі “ўсяго толькі” выкінулі з яго працы ў выдавецтве, але яго не арыштавалі, не забілі, і нават ягоных рукапісаў не спалілі… Што праўда, яшчэ некалькі гадоў таму не адзін месяц у мурах той самай “амерыканкі” правёў адзін з куміраў паэта, яго калега Уладзімір Някляеў. Што праўда, улады па-ранейшаму бачаць у Саюзе беларускіх пісьменнікаў патэнцыяльнага рассадніка крамолы, пагрозу для свайго бясконцага і бескантрольнага ўладарання. Але наш паэт, напэўна, пра ўсё гэта забыўся – пэўна, што ў парыве эмоцый…

Дзякуй богу, памяць падводзіць не ўсіх. Намаганнямі творцаў ужо збольшага паслясавецкага пакалення ў сталічнай кнігарні “Ў” быў арганізаваны цыкл з 12 вечарын “(Не)расстраляная паэзія”, прысвечаных памяці ахвяр кастрычніцкай ночы 1937 года. Прыватны выдавец Зміцер Колас і вядомы паэт Андрэй Хадановіч аператыўна падрыхтавалі і здзейснілі выданне кнігі выбранай лірыкі Юлія Таўбіна, сябра Аркадзя Куляшова, які меў усе шанцы стаць новым Максімам Багдановічам у нашай паэзіі, але загінуў ад кулі сталінскага ката, маючы 26 гадоў, з якіх апошнія чатыры ён правёў у высылцы і турме.