На маршы ж 21 кастрычніка назіральнікі налічылі паўтары-дзве сотні чалавек. Гэта ўсіх-усіх. У натоўпе ж было шмат журналістаў ды “людзей у цывільным”. Карацей, гэтае вулічнае выступленне відавочна не напалохала ўлады. Хутчэй, што яно толькі ўзмацніла расчараванне праціўнікаў рэжыму.

Увогуле сёння рэжым выяўляе, бадай што, большую гнуткасць, чым  тыя, хто называе сябе апазіцыянерамі. Улады зрабілі свае высновы з пратэстаў супраць дэкрэта №3. Па-першае, фактычна замарозілі сам дэкрэт. Па-другое, творча скарысталі для расцярушвання пратэстнага патэнцыялу тактыку дробнага фолу. Ну і, нарэшце, кіроўным вярхам пашэнціла з эканамічнай кан’юнктурай, што дазваляе пакрысе ўзнімаць заробкі.

Тактыка ж дробнага фолу палягае ў тым, што аматараў вулічных выступленняў затрымліваюць прэвентыўна, караюць кароткатэрміновымі арыштамі ды штрафамі. Пры гэтым самі акцыі не разганяюцца, так што ў Захаду няма падстаў казаць пра разгул міліцэйскіх дручкоў. 15 сутак – не той тэрмін, каб кагосьці абвяшчаць палітвязнем. Ну а штрафы – фармальна за парушэнне закона, бо акцыі недазволеныя. А ў Еўропе і самі вялікія законнікі.

Беларусы ж нават не столькі запалоханы, колькі мысляць рацыянальна. Яны задаюць сабе простае пытанне: а дзеля чаго? Дзеля чаго выходзіць на вуліцу менавіта сёння, рызыкуючы трапіць на Акрэсціна, атрымаць штраф, большы за сярэдні заробак, вылецець з працы ці вучобы? Для многіх гэта занадта дарагая цана за сімвалічную дэманстрацыю палітычнай пазіцыі. А большага, лічаць яны, сёння такім чынам відавочна не даможашся. Таму так мала ўдзельнікаў, ды і ў лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса відавочна менее імпэту. Мацнее ўражанне, што акцыі ладзяцца найперш дзеля падтрымання іміджу. Яны не надта прадуманыя, слаба арганізаваныя, лозунгі шаблонныя.

Напрыклад, “Марш абураных беларусаў 2.0” па інерцыі быў скіраваны найперш супраць дэкрэта №3. Але ж “дармаедскі збор” прыпынены, нават вярнулі грошы тым, хто паспяшаўся заплаціць; сам дэкрэт значна перапрацаваны, і новы варыянт яшчэ не пачаў дзейнічаць. Дык супраць чаго пратэст? Патрабаванне ўзняць заробкі – папулісцкае. Па іроніі лёсу, таго ж патрабуе ад вертыкалі і Аляксандр Лукашэнка (і ў яго болей магчымасцяў дамагчыся свайго, чым у кіраўніка БНК Статкевіча). Арганізатары маршу паспрабавалі скарыстаць вострую пасля гібелі ў Печах салдата Аляксандра Коржыча тэму дзедаўшчыны ў войску, але яна прагучала не надта выразна, праз коску.

Больш за тое, і ў гэтым пытанні апазіцыя дзейнічае паасобку. Правацэнтрысты, напрыклад, спрабуюць збіраць подпісы за адстаўку міністра абароны, але іх не ўбачыш на акцыі Статкевіча (як і наадварот), бо адносіны між плынямі ў апазіцыі – мякка кажучы, не таварыскія. І гэта міжусобіца таксама не дадае імпэту палітызаваным беларусам: хай, маўляў, правадыры між сабой разбяруцца, перш чым нас клікаць на плошчу ці куды. І толькі падстаўляць пад удар, бо амбіцый у іх аж занадта, а ўплыў на масы, рэсурс – незайздросны.

Ідэя ж Плошчы (як апафеозу вулічных акцый) на сёння відавочна страціла прывабны арэол. І ў значнай ступені (калі вынесці за дужкі ўплыў украінскіх падзей) яе дыскрэдытавалі акцыі дзеля акцый, што ладзіліся тутэйшымі апазіцыйнымі лідарамі найперш каб падтрымаць уласнае рэнамэ. Нават адносна масавая Плошча-2010 была адметная не толькі брутальным разгонам ды наступнымі пасадкамі, але і жахлівым бязладдзем сярод арганізатараў, у якіх і блізка не было годнага супольнага плана.

Сёння ж з шэрагу прычын рэвалюцыйны, умоўна кажучы, сцэнарый, выглядае тым болей ілюзорна (не кажучы ўжо пра яго велізарныя выдаткі). Дык што, спытаецеся вы, сядзець як мыш пад мятлой? Зусім не. Але перш чым клікаць на вулічную акцыю, варта прадумваць яе да дробязяў (уключна з пытаннем як мага большай бяспекі ўдзельнікаў), максімальна кансалідаваць актыў і рэсурсы, а не ператвараць у маргінальны рытуал без драйву і дасягальных мэт. Сёння ж, насуперак тэзісу арганізатараў (чыёй мужнасці і ўпартасці варта аддаць належнае), ніякага пашырэння абсягу свабоды не адбываецца. Гэты від актыўнасці закансерваваўся ў маргінальнай нішы. Яшчэ болей, у вачах многіх ідэя вулічнага пратэсту дэвальвуецца, дыскрэдытуецца.

Вось некаторыя лідары прынцыпова не хочуць хадзіць у адведзены пад масавыя мерапрыемствы парк побач са сталічнай плошчай Бангалор. Але калі сабраць на гэтым, як грэбліва кажа хто-кольвек, “сабачым выгане” 150–200 тысяч чалавек, то і міліцыя, і вертыкаль будуць як шаўковыя. І на самым версе да патрабаванняў прыслухаюцца.

Так што пытанне пытанняў для палітычнай апазіцыі – уплыў на масавы электарат. Зразумела, чарнавая праца з насельніцтвам – рэч няўдзячная. Але іншага шляху ў палітычных апанентаў цяперашняй сістэмы няма. Бо сама сістэма, як бачым, жывучая і даволі спрытная. Народ жа не тое што такі ўжо несвядомы – ён проста прыкідвае, дзеля чаго (і ці варта ўвогуле) перці на ражон без дай прычыны.