— Алег Анатольевіч, ці праўда, што вашы шляхі-дарожкі з Аляксандрам Мілінкевічам разышліся? Вы ствараеце свой Нацыянальны ўніверсітэт, прыватны, а ён – свой, і гэта будзе ўніверсітэт дыстанцыйнага навучання.

— Нікуды мы не разышліся! Аляксандр Мілінкевіч па-ранейшаму сустрашыня аргкамітэту па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту. Ён сапраўды спрабуе рэалізаваць ідэю анлайн-універсітэта.

Мы з Аляксандрам Мілінкевічам у вельмі добрых адносінах. І, хутчэй за усё, Мілінкевіч будзе ў нас выкладаць. Бо ён жа можа не толькі па-беларуску гэта рабіць, але і па-французску! Ён ў спісе нашых выкладчыкаў.

— А кіруючую пасаду ў ствараемым універсітэце яму не прапаноўвалі?

— Шчыра кажучы, ён і не хоча, бо заняўся сваёй справай, сваім праектам анлайн-універсітэта. Праўда, пакуль няма вызначанасці са статусам – будзе гэты ўніверсітэт цалкам самастойны, ці будзе працаваць пад нашым крылом, як наш філіял. Альбо мы аб’яднаемся ў нейкі адукацыйны холдынг – жыццё пакажа! Так што магу запэўніць: ніякіх разыходжанняў з Аляксандрам Мілінкевічам у нас няма! Мы працуем у адным накірунку. Мэта адна — каб беларусы атрымлівалі добрыя, сучасныя веды.