Як рухаецца гучная справа аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета, здзейсненае 20 ліпеня 2016 года, у Мінску і Гродне распавёў амерыканскі журналіст Крыстафер Мілер. Ён з’яўляецца аўтарам спецдаклада міжнароднага Камітэта па абароне журналістаў, праца над якім пачалася пасля таго, як украінскія ўлады да студзеня 2017 года так нічога і не зрабілі ў дадзеным накірунку.

Мілер на чале невялікай каманды правёў больш за паўсотню апытанняў асоб, звязаных з Паўлам Шараметам, а таксама за справай па пошуку вінаватых у яго смерці. Яго мэтай не было высвятленне сапраўдных забойцаў або заказчыкаў. Мілер займаўся аналізам працы ўкраінскага следства і прыйшоў да несуцяшальных высноў: украінскія спецслужбы займаюцца не пошукам вінаватых, а сапраўднымі палітычнымі гульнямі, у тым ліку ў сваім імкненні перакінуць віну на Маскву.

Амерыканскага журналіста таксама здзіўляе той факт, што, маючы выяву магчымай удзельніцы забойства Паўла Шарамета, украінскія ўлады да гэтага часу яе хаваюць, а не размяшчаюць, як, напрыклад, у ЗША, на кожным куце, не паказваюць па тэлевізары. Аргументуецца гэта тым, што дэманстрацыя фота злачынцы можа паставіць пад пагрозу яе жыццё або тая проста пакіне краіну.

Мілер таксама адзначыў, што Павел Шарамет меў цесныя стасункі з міністрам унутраных спраў Украіны Арсенам Авакавым і батальёнам “Азоў”, з прадстаўнікамі якога журналіст сустракаўся ўвечары перад забойствам.

На жаль, цэлы год афіцыйнае расследаванне стаіць на месцы, быццам чакаючы, пакуль пра чарговае забойства вядомага журналіста проста забудуць. Каб гэтага не дапусціць, Крыстафер Мілер выправіўся са сваім дакладам па гарадах Беларусі.

Крыстафер Мілер працуе ў журналістыцы 9 гадоў. З’яўляецца журналістам Радыё Свабода. З Паўлам Шараметам пазнаёміўся ў 2013 годзе падчас Майдана ва Украіне.