Паводле даных следства, паведамляе БелаПАН, Аляксандр Рымашэўскі атрымаў 16.900 долараў у якасці незаконнага ўзнагароджання за тое, што лабіяваў інтарэсы кампаніі «Белрасаграсэрвіс». Экс-чыноўнік віну не прызнае.

Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Вячаслава Тулейкі. Дзяржабвінаваўца — Юрый Шарснёў, вядомы па справе бізнесмена Япрынцава, справе былога старшыні «Беллегпрама», а таксама справе былых топ-мэнэджараў «Беларусбанка». Абаронца Аляксандра Рымашэўскага — вядомы адвакат Дзмітрый Гарачка.

Аляксандр Рымашэўскі 11 гадоў узначальваў Салігорскі раён. 30 мая 2017 года яго затрымалі. Паводле звестак МУС, у гэты дзень старшыня райвыканкама атрымаў чарговы хабар і быў узяты з доказамі злачынства. Абвінавачаны ў судзе заявіў, што ніякіх хабараў не атрымліваў.

Паводле версіі следства, у пачатку 2016 года Рымашэўскі сустрэўся з прадстаўніком кампаніі «Белрасаграсэрвіс», перад якой у салігорскіх гаспадарак была запазычанасць за пастаўлены тавар. Супрацоўнік фірмы Уладзімір Міхалюк заявіў, што гатовы плаціць чыноўніку за тое, што ён будзе спрыяць пагашэнню запазычанасці. Старшыня райвыканкама абяцаў прыняць меры. Па яго ініцыятыве з бюджэту было выдзелена не менш за 637 тысяч рублёў сельгаспрадпрыемствам, каб яны разлічыліся перад «Белрасаграсэрвісам». Акрамя таго, былі падпісаныя дамовы пераводу доўгу — цяпер плаціць па даўгах калгасаў павінен быў Салігорскі філіял Слуцкага сыраробнага камбіната, гаворка ідзе пра 969 тысяч рублёў. Таксама Рымашэўскі загадаў сельгаспрадпрыемствам разлічвацца з «Белрасагрсэрвісам» шляхам сустрэчных паставак — гэта яшчэ 233 тысяч рублёў.

У матэрыялах справы пазначаныя чатыры эпізоды прыняцця чыноўнікам незаконных узнагарод. Хабар Міхалюк перадаваў кіраўніку раёна ў райвыканкаме, дома ў чыноўніка, на трасе. Усяго 16.900 долараў.

У выніку Аляксандру Рымашэўскаму выстаўленае абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК — ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі).

Міхалюк па справе праходзіць як сведка, бо напісаў заяву супраць Рымашэўскага. Вядома, што тэлефонныя размовы прадстаўніка «Белрасаграсэрвіса» пачалі праслухоўваць за паўгода да таго, як у аператыўную распрацоўку трапіў кіраўнік Салігорскага райвыканкама.

Абвінавачаны заявіў, што віну не прызнае. Адзначым, што калегі па працы адправілі ліст у абарону Рымашэўскага. Характарызуюць яго выключна са станоўчага боку як моцнага і таленавітага кіраўніка, пры якім Салігорскі раён значна палепшыў свае паказчыкі.

Фота з адкрытых крыніц