– Сам я даўно жыву ў Цэнтральным раёне Мінска, – распавядае сайту “Народнай Волі” Мікалай. – Раён адносна стары, жыллёвая забудова патрабуе капітальнага рамонту. Нельга сказаць, што дамы ў раёне не рамантуюцца, гэта робіцца, але якасць капітальнага рамонту пакідае жадаць лепшага. Усё гэта зводзіцца да фармалізму: замянілі трубы, зрабілі нешта “касметычнае” – склалі справаздачу, што жыллёвы фонд абноўлены. Так на сённяшні дзень працуюць многія сталічныя камунальшчыкі, так працуюць чыноўнікі.

– Пачакайце, ёсць жа закон, які рэгламентуе, як павінны праводзіцца гэтыя работа…

– Правільна, такі закон ёсць, і ён працуе. Але мала хто ведае, што гэты закон за апошнія гады змяніўся. Калі яшчэ пяць-сем гадоў таму пры правядзенні капітальнага рамонту за дзяржаўны кошт уцяплялі сцены дамоў там, дзе гэта было неабходна, мянялі старыя шыбы на новыя пластыкавыя, то зараз гэтага ўсяго ў законе няма. Калі хочаш вонкавае ацяпленне дома – плаці з уласнай кішэні, з заменай шыбаў – тое ж самае.

Ведаючы маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, да мяне звяртаюцца людзі – перада мной ляжаць дзясяткі зваротаў, у якіх мае суседзі абураюцца якасцю праведзенага ў іх дамах капітальнага рамонту. Ёсць канкрэтныя адрасы. Вызначаны канкрэтныя праблемы. Ёсць у мяне і адпіскі чыноўнікаў. Адказы “слуг народа” разнастайнасцю не адрозніваюцца – фармулёўкі вельмі простыя: “Капітальны рамонт праведзены згодна з нормамі дзеючага заканадаўства”. І яшчэ адна папулярная адпіска: “Гарадскі бюджэт не мае сродкаў для правядзення капітальнага рамонту ў вашым доме”.

– Што канкрэтна не задавальняе людзей?

– Калі з першым довадам пагадзіцца можна (закон хоць дрэнны, але ён працуе), то другі варыянт адпіскі ў мяне выклікае абурэнне… Як няма грошай? Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў? Бюджэт напаўняецца за кошт нашых з вамі падаткаў. Да таго ж кожны месяц мы робім адлічэнні на капітальны рамонт дамоў, у якіх жывём. Сродкі гэта немалыя, дзе яны? Хто іх размяркоўвае? У краіне складваецца такое становішча, што на новыя рэзідэнцыі для чыноўнікаў ці на элітную паліклініку для іх жа грошы ёсць, а на тое, каб зрабіць якасны капітальны рамонт у дамах, якім 40–50 гадоў, – няма. Гэта я лічу ненармальным!

– Што вы прапаноўваеце?

– Па шчырасці, трэба мяняць закон, які рэгулюе правядзенне капітальнага рамонту. Пачнём з сустрэч з людзьмі. Так, заўтра, 21 кастрычніка, у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў 17.00 адбудзецца першая такая сустрэча. Разам з тымі, хто не задаволены працай камунальных службаў горада, будзем шукаць шляхі выйсця з сітуацыі.

– Ці запрошаны на сустрэчу адказныя раённыя чыноўнікі?

– Не, да іх мы з такой прапановай не звярталіся. Паводле вынікаў сустрэчы будуць прыняты рашэнні, мы адправім звароты з канкрэтнымі пытаннямі да адказных асоб і далей будзем выпрацоўваць стратэгію дзеянняў у залежнасці ад рэакцыі чыноўнікаў.