Анлайн-петыцыі і электронны ўрад – мроя і правальны праект ці дэмакратыя будучыні?

12
Vector of Business And Security

На ваш погляд, які актуальны стан у Беларусі з анлайн-петыцыямі? Ці працуюць яны ўвогуле?

У нашай краіне ёсць дзве буйныя беларускія платформы для збору подпісаў пад петыцыямі: zvarot.by i petitions.by. Самі платформы вельмі добрыя і сучасныя. Яны падтрымліваюцца прафесіяналамі і прыцягваюць шырокую аўдыторыю, якая збірае подпісы на петыцыі рознага характару. Гэта калі казаць пра інфраструктуру. Калі ж пра эфектыўнасць, то я не магу сказать дакладна, бо нейкіх даследаванняў на гэту тэму няма. Магчыма, такое ёсць у саміх платформаў, але ў любым разе гэта складана вымераць.

Нядаўна ад вашай арганізацыі прагучала ідэя, што было б выдатна стварыць дзяржаўную платформу адмыслова для петыцый. Наколькі рэальна, што нашы ўлады пойдуць на такое ў бліжэйшы час?

У дадзеным пытанні я тут выступаю хутчэй як даследчык. Мы за апошні год падрыхтавалі пару даследаванняў на тэмы электроннага ўраду, доступу да інфармацыі і электроннага ўдзелу. Потым было зроблена даследаванне электроннага ўдзелу ў краінах Усходняга Партнёрства. І мы бачым, што гэта тэма актуальная і зараз ляжыць на паверхні. Ва ўсіх краінах-суседках Беларусі ў той ці іншай ступені гэтыя ідэі рэалізоўваюцца. Нават у Расіі ёсць пэўныя афіцыйныя інструменты анлайн-удзелу, калі пры дасягненні пэўнай колькасці подпісаў запускаецца пэўная працэдура, ствараецца працоўная камісія або група, і пытанне разглядаецца не адным чыноўнікам, як у нас цяпер гэта адбываецца, а запускаюцца механізмы. Наколькі ж ён празрысты, публічны і ў якія этапы выконваецца – гэта іншае пытанне, але ён запускаецца і накіроўваецца на ўладу ці канкрэтнага палітыка. Наколькі гэта будзе эфектыўным… Пра гэта трэба думаць. Трэба патрабаваць ад дзяржавы, каб гэты працэс быў так сканструяваны так, каб гэта працавала.

Проста акурат вынікае, што калі, напрыклад, у нашай дзяржаве і будзе створана нейкая адзіная платформа, то ці не будзе несці гэта рызыкі, што нехта будзе злоўжываць магчымасцямі – маецца на ўвазе падтасоўка, фабрыкацыя або цэнзура петыцый, ці  пераслед падпісантаў?

Ну дык зараз і ад існуючых платформаў петыцыі прыходзяць з асабістымі дадзенымі: прозвішча, імя і адрас падпісанта. Усё роўна, дзе гэтая інфармацыя. Галоўнае, што яна ёсць. А так, вядома ж, існуе вялікае пытанне: ці можна казаць пра электронную дэмакратыю ў краіне, дзе і са звычайнай ёсць праблемы? Анлайн-удзел – гэта значная актыўнасць, улічваючы колькасць людзей у інтэрнэце, і я лічу як даследчык, што яны могуць паўплываць на агульную сістэму прыняцця рашэнняў. Я можа быць тут аптыміст, але чамусьці веру, што гэтыя новыя тэхналогіі змяняюць прастору, якой мы жывем. І тут любая сістэма вымушана пад гэта падладжвацца.

Анлайн-петыцыі і электронны ўрад – мроя і правальны праект ці дэмакратыя будучыні?
Андрэй Сушко. Фота з сацыяльнай сеткі Фэйсбук.

Мы крыху закранулі тэму анлайн-дэмакратыі і электроннага ўдзелу грамадзян у справах краіны, што адразу нагадвае пра вопыт Латвіі і Эстоніі ў гэтым рэчышчы. Ці ёсць такая магчымасць, што іх вопыт можна будзе выкарыстаць у будучыні для Беларусі? Ці ўвогуле можна ужыць іх механізмы ў нашых умовах? Калі нават не зараз, то ў перспектыве.

Тут варта падзяляць паняцці анлайн-ураду і анлайн-удзелу. У першым выпадку гэта механізм, калі грамадзянін атрымлівае больш лёгкі доступ да дзяржаўных паслуг. Такое можна пабудаваць і ў недэмакратчынай дзяржаве. Электронны ўрад (e-government), груба кажучы, – гэта адлічбаваныя адміністрацыйныя працэдуры ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі. Але калі мы гаворым пра лічбавы ўдзел (electronic participation) у прыняцці рашэнняў, то мы гаворым пра наступны узровень – калі грамадзянін не толькі атрымлівае паслугі ад улады, а калі ўжо сам мае ўплыў на палітыку дзяржавы праз электронныя сродкі.

Напрыклад, Эстонія, невялікая краіна, даўно зрабіла стаўку на электронны ўрад, лічбавую эканоміку і трансфармацыю. І там усё гэта дастаткова добра працуе. Да Таліна недалёка ехаць, таму туды можна прыязджаць і глядзець на іх практыку. Яны ахвотна дзеляцца тэхнічнымі рашэннямі і гэта цалкам рэальна – прымяніць такую мадэль у Беларусі. Эстонцы яе актыўна распаўсюджваюць ад Кыргызстана да афрыканскіх краін. Пытанне ў палітычнай волі. І ў нейкім канкрэтным чыноўніку, які захоча ўсё гэта сабраць у адзінае цэлае і зрабіць у Беларусі. На самой справе, у нас ужо ідуць некаторыя працэсы, але пакуль не бачна нейкага аднаго цэнтра і рухавіка гэтых працэсаў.

Поделиться ссылкой: