12 кастрычніка Дзярждэпартамент апавясціў генеральнага дырэктара ЮНЭСКА пра рашэнне ЗША выйсці з арганізацыі. Як было адзначана ў адпаведнай заяве, гэта нялёгкае рашэнне адлюстроўвае занепакоенасць ЗША ў сувязі з узрастаючымі запазычанасцямі па членскіх унёсках, неабходнасцю фундаментальнай рэформы арганізацыі і яе антыізраільскай палітыкай.

Рашэнне набудзе сілу 31 снежня 2018 году, пасля чаго ЗША разлічваюць працягнуць супрацоўніцтва з ЮНЭСКА толькі ў якасці пастаяннага назіральніка.

Гэта ўжо не першы такі крок Амерыкі. У 1974 г. ЗША перасталі фінансаваць агенцтва, пратэстуючы супраць крытыкі Ізраілю і прызнання Арганізацыі вызвалення Палестыны. Пазней, праўда, фінансаванне аднавілася. А ў 1984-м ЗША ўвогуле выйшлі з арганізацыі і вярнуліся толькі ў 2002-м.

Дарэчы, сённяшні крызіс узнік яшчэ пры Бараку Абаме з-за таго, што ў 2011 годзе Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА прыняла ў склад арганізацыі Палестыну. Пасля гэтага Вашынгтон спыніў пералічэнне свайго штогадовага узносу ў памеры 80 мільёнаў даляраў (22% бюджэту арганізацыі).

Тым не менш, год таму выканкам ЮНЭСКА прагаласаваў за дакумент, які адмаўляе сувязь яўрэйскага народу з Храмавай гарой у Іерусаліме. Пры гэтым Ізраіль быў абвінавачаны ў “парушэнні правоў мусульман” і ў “акупацыі палестынскіх тэрыторый”. Цяпер, хутчэй за ўсё, ЮНЭСКА прыйдзецца спісаць запазычанасць ЗША, што перавысіла ўжо 500 млн долараў.

А на наступны дзень прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра змену амерыканскай палітыкі ў адносінах да дамовы з Іранам па ядзернай праграме. Ён падкрэсліў, што дзеянне пагаднення можа быць спынена ў любы момант, калі не будзе дасягнута паразуменне з кангрэсам ЗША і саюзнікамі.

Трамп таксама абвінаваціў Тэгеран у тым, што рэжым аятолаў застаецца галоўным фундатарам тэрарызму, дапамагаючы “Аль-Каідзе”, “Талібану”, “Хізбаллах” і іншым аналагічным сеткам.

Белы Дом рыхтуецца прапанаваць кангрэсу дадаць у закон “Пра разгляд ядзернай дамовы з Іранам пункт, які тычыцца распрацоўкі балістычных ракет. Акрамя таго, Трамп абвясціў пра ўвядзенне санкцый супраць Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Рэакцыя ў свеце на абодва гэтыя рашэнні была пераважна негатыўнай. Так, выхад з ЮНЭСКА падтрымаў толькі Ізраіль, што, натуральна, не дзіўна. А, скажам, Германія палічыла яе “няправільным сігналам”, хоць адначасова прызнала, што само агенцтва павінна ў “палітызацыі”.

Але ў значна большай ступені негатыўнае стаўленне выклікаў намер скасаваць ядзернае пагадненне, у тым ліку і ў тых краін, якія падпісвалі яго разам з ЗША. Берлін, Парыж і Лондан заявілі, што не маюць намер выходзіць з дамовы і заклікалі Вашынгтон ўзгадняць з імі магчымае ўвядзенне санкцый. У сумеснай заяве лідараў трох краін гаворыцца: “Нашыя ўрады застаюцца прыхільнымі Сумеснаму ўсёабдымнаму плану дзеянняў”.

Нагадаем, што гэты план прадугледжвае адмену санкцый, накладзеных Радай Бяспекі ААН, ЗША і Еўрасаюзам на Ісламскую Рэспубліку ў сувязі з яе ядзернай праграмай. Наўзамен Тэгеран абавязаўся абмежаваць сваю ядзерную дзейнасць, паставіўшы яе пад міжнародны кантроль.

Няма сумненняў, што яшчэ некалькі гадоў таму такога кшталту паводзіны Вашынгтону атрымалі б з боку беларускіх уладаў суровую водпаведзь. Ён быў бы абвінавачаны ў імкненні супрацьпаставіць сябе астатняму свету і навязаць таму сваё дамінаванне.

А сёння – цішыня. Нягледзячы на тое, што такія паводзіны Амерыкі не адпавядаюць знешнепалітычным інтарэсам афіцыйнага Мінску. Напрыклад, у сувязі са зняццем з Ірана санкцый значныя спадзяванні ускладаліся на аднаўленне супрацоўніцтва з ім. Ды і скарачэнне фінансавання з боку ЮНЭСКА можа закрануць пэўныя праекты ў нашай краіне.

Нягледзячы нават на тое, што такая памяркоўнасць не зусім, мякка кажучы, супадае з пазіцыяй галоўнага хаўрусніка – Масквы, якая жорстка крытыкуе Вашынгтон.

Прыкметы правядзення Беларуссю больш-менш самастойнай знешняй палітыкі можна толькі вітаць, аднак упэўненасці ў тым, што такі курс будзе вытрымлівацца і надалей, пакуль, на жаль, няма…