
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь па колькасці спажыванага алкаголю займае другое месца ў свеце, саступаючы толькі нашай суседцы Літве. У сярэднім на душу насельніцтва ў нас прыходзіцца 15 літраў алкаголю ў год. Каб зразумець, чаму так сталася, варта зазірнуць у гісторыю. У гэтым дапамагае кніга Алеся Белага “Сакатала бочачка”. А таксама яна прапаноўвае адказ, як змяніць гэтую сітуацыю: беларусам неабходна звярнуцца да ўласна беларускай традыцыі спажывання алкагольных напояў.
Калі лічыце, што “самагон” і “крамбамбуля” – гэта беларускія нацыянальныя напоі, то глыбока памыляецеся. З’яўленне “самагона” звязана з сусветнымі войнамі мінулага стагоддзя, а “крамбамбуля” – гэта нямецкі студэнцкі алкагольны напой. У нямецкамоўных краінах увогуле такую назву надаюць прытулкам, гатэлям і цырульням для сабак, у гонар мянушкі героя твора 1876 года, уключанага ў школьную праграму. Якія ж традыцыйныя беларускія напоі?
Самы прэстыжны алкагольны напой нашых продкаў, які мае такую ж назву як традыцыйны беларускі суп – гэта крупнік. Ён быў напоем братэрскай згоды, які п’юць у “Пінскай шляхце”. Крупнікам, пры стварэнні якога выкарыстоўвалі спецыі, сімвалічна залагоджвалі канфлікты. Па словах Алеся Белага,” гэта напой з яскрава беларускай генеалогіяй, які хутчэй за ўсё ад нас трапіў і ў Польшчу і ў Літву, і там застаўся ды шануецца. А мы легкадумна адмовіліся ад самага дэмакратычнага і самага насычанага ўсялякімі метафарамі ў нашай літаратурнай традыцыі напоя”.
Другой стратай стала старка, бочку якой закопвалі пры нараджэнні дзіця, каб адкапаць яе на паўналецце ці шлюб. Старка – гэта нашае жытнёвае віскі, арыстакратычны напой, настоены на ябланевым і грушавым лісці. Яе ўвасабленне ў часы СССР – “Зуброўка”, любімы напой Брэжнева, які выпускалі ў Гродне пад такой назвай яшчэ ў 2016 годзе. Сёння ў суседняй Польшчы “Зуброўка” з’яўляецца супербрэндам, галоўным экспартным напоем, які ўваходзіць у топ-7 на суственым рынку. Усходняя Еўропа ў сярэдняга амерыканца асацыюецца менавіта з “Зуброўкай”.
Асобную ўвагу надае Алесь Белы і рабінавым настойкам, адзначаючы, што ва ўсходняй Сібіры Расіі прыкмета беларускай хаты – рабіна, якая расце побач. Гэта нафармальны сімвал Беларусі, як сведчанне пра сталыпінскіх перасяленцаў пачатку ХХ стагоддзя.

Росквіт нашай алкагольнай традыцыі Алесь Белы адносіць да ХІХ стагоддзя і звязвае з культурным шокам ад паражэння паўстання 1830 года: “Перыяд паміж двума няўдалымі паўстаннямі – залаты час, калі настальгія па сваёй гастранамічнай традыцыі мела найбольшую праекцыю ў літаратуры”.
Віно гарэлае або гарэлка на тэрыторыі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі пачала распаўсюджвацца толькі пасля 1894 года. Менавіта ў выніку дзяржаўнай рэформы тады шматлікім народам імперыі была прывіта традыцыя піць чыстую гарэлку, разбаўлены спірт з вадой, незважаючы на смак напою. Наступствы гэтага мы бачым у сусветным рэйтынгу самых алкагалізаваных народаў.
Акрамя крупніка і старкі, Алесь Белы ўзгадвае дзесяткі іншых традыцыйных беларускіх напояў, некаторых з якіх нават падае рэцэпты прыгатавання. Назва ж кнігі “Сакатала бочачка” паходзіць ад беларускай вясельнай песні: “У песні параўноўваецца піўная бочка, якая сакоча ў піўніцы і дзяўчына, якая засядзелася ў бацькоўскай хаце, нудзіцца: Калі ўжо знойдзецца той, хто яе вып’е. Такі эратычны сімвалізм і ён вельмі глыбокі”. Першапачаткова выданне і задумвалася як гісторыя піва і піваварэння Беларусі, паступова ахапіўшы іншыя алкагольныя традыцыйныя напоі. Алесь Белы працаваў над ёю 18 гадоў: “Гэтая кніга не прысвечана таму, каб прымусіць і заахвоціць людзей больш піць. А наадварот, каб піць задумваючыся, а не піць бяздумна белую гарэлку, наліваючы сабе шклянку за шклянкай, каб піць маленькімі порцыямі і пры гэтым думаць, што ты п’еш. Разважаць пра нешта”.
Алесь Белы спадзяецца, што вынік яго працы не будзе марны: “Мы маем вельмі годную ў гэтай галіне гісторыю, якую трэба культываваць і ажыўляць і не трэба сціпла ціснуцца ў куток”.
Алесь Белы – беларускі гісторык, доктар гуманітарных навук, аўтар шэрагу кніг па гісторыі беларускай кухні.