Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

14:28 17 кастрычнiка 2017
947
Памер шрыфта
Фота з сайта нашкрай.бел

Трагічная гісторыя гібелі радавога Аляксандра Коржыча ў Печах пад Барысавам, акрамя ўсяго іншага, спарадзіла і маленькую кібервайну. Міністэрства абароны дамаглося блакавання сайта, на якім збіраліся подпісы пад петыцыяй за адстаўку кіраўніка ведамства генерала Андрэя Раўкова, — пад маркай, што гэта спам-атака. Потым сайт на нейкі час адкрыўся, але пазней зноў стаў недаступным. Чыны ў пагонах заяўляюць, што іх праціўнікі генеруюць фэйкі.

Мне адразу згадалася, як бездапаможна выглядала тое самае міністэрства, калі падчас манеўраў “Захад-2017” Масква распаўсюдзіла сапраўды скандальны фэйк, нібыта на Беларусь рухаюцца падраздзяленні 1-й танкавай арміі. Гэта спарадзіла фурор у медыях, бо магло трактавацца як рэалізацыя аднаго з алармісцкіх сцэнароў (акупацыя, напад на краіны Балтыі). Але ў беларускіх дзеячаў пры вялікіх пагонах тады мову адняло.

Дарэчы, на сайце вайсковага ведамства суседняй краіны правакацыйная псеўдаінфармацыя вісіць і па сёння. Чаму ж вы яе не заблакавалі, як тую петыцыю супраць Раўкова? Зрэшты, усё зразумела: супраць “старэйшага брата” не папрэш, лепей маўчаць у анучку.

Увогуле незалежныя эксперты зрабілі выснову, што інфармацыйную вайну вакол “Захаду-2017” беларускае Мінабароны бяздарна прайграла. А вось калі пасля гібелі радавога Коржыча запахла смажаным і захісталіся крэслы, дык чыны ў фуражках з высокім верхам выявілі фантастычны спрыт, мабілізавалі адмыслоўцаў, каб даць адлуп абурэнню грамадскасці ў сеціве. Фактычна сёння дзеячы з вайсковага ведамства разгарнулі вайну супраць грамадскай думкі, супраць айчынных падаткаплатнікаў, за чые грошы і ўтрымліваецца армія.

У прыватнасці, палкоўнік Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны, заявіў на сайце ведамства, што трагедыя ў Печах стала “спускавым кручком для старту чарговай антыармейскай кампаніі”.

“Нават самы гультаяваты з ліку апанентаў улады абавязкова згадаў злосным словам Мінабароны, а заадно і саму дзяржаўную ўладу», — выкрывае “нападнікаў” палкоўнік.

Вой-вой-вой, саму дзяржаўную ўладу! Гэту святую карову! Хоць калі разабрацца, то ўлада — зусім не святыня і не абстракцыя, а проста плойма чыноўнікаў, як цывільных, так і пры пагонах. Чыноўнікаў, якія ўтрымліваюцца на народныя грошы і мусяць па поўнай праграме адказваць перад падаткаплатнікамі за свае службовыя грахі.

Між тым у адной фразе вайсковага ідэолага старой загартоўкі — цэлы букет маніпуляцый. Па-першае, ён дэ-факта запісвае ўсіх крытыкаў Мінабароны (а гэта збольшага звычайныя грамадзяне, пачынаючы ад маці і сяброў загінулага салдата) у ворагі дзяржаўнага ладу. Па-другое, гэты пасаж выглядае як сігнал на самы верх са спадзевам, што там уключыцца інстынкт самазахавання: тут жа не толькі нас, “государевых людей”, б’юць, тут падкоп пад увесь рэжым!

На хвалю грамадскага абурэння, на патрабаванні разабрацца са смерцю канкрэтнага салдата і ўвогуле навесці парадак у войску ідэолаг Мінабароны рэагуе ў духу начальнічкаў сталінскай эпохі: вам што, савецкая ўлада не падабаецца?

Гэта фраза многім тады затыкала раты, бо не хацелася патрапіць пад артыкул аб антысавецкай агітацыі. Але пратрыце вочы, палкоўнік, час ужо не той!

Нават кіраўнік дзяржавы мусіў адрэагаваць на жахлівы выпадак у Печах, узяў расследаванне пад свой кантроль, перадаў спачуванні маці. Аляксандр Лукашэнка як мінімум адчуў, што тут не той выпадак, каб дадаткова злаваць электарат. А вось у вайсковым ведамстве ашчацініліся супраць грамадскасці, цвердзяць пра дыскрэдытацыю арміі, хаця ніхто яе не дыскрэдытуе так, як некаторыя дзеячы пры пагонах з мысленнем палітрукоў савецкай школы.

Адзін з прыёмаў — гэта пераход на асобы. Палкоўнік Макараў абрынуўся на колішняга міністра абароны Паўла Казлоўскага: маўляў, кідаеш у нас камяні, між тым як за тваім часам злачынстваў у войску было нашмат болей.

Так, графік сведчыць, што злачыннасць зніжаецца, але ж узнікае вялікае пытанне, які працэнт злачынстваў утойваецца, увогуле не атрымлівае розгаласу ці выдаецца за няшчасныя выпадкі.

Каб не “чарговая антыармейская кампанія”, каб не шум незалежнай прэсы і не абурэнне грамадства, то і пагібель радавога Коржыча маглі б спісаць б на суіцыд (да таго ішло). Тое ж было і з гібеллю мінулай вясной радавога Арцёма Басцюка: выглядае, што толькі “чарговая антыармейская кампанія” змусіла зноў актыўна заняцца расследаваннем той справы.

Так, смерць радавога Коржыча сапраўды стала спускавым кручком грамадскай актыўнасці беларусаў. Хваля абурэння беспрэцэдэнтная. Сёння відавочна, што ў нашых суграмадзян накіпела, яны не хочуць маўчаць.

І вось які парадокс: калі выгадна, то ідэолагі пры пагонах патэтычна назваюць армію школай жыцця (усіх там перакоўваем, робім сапраўднымі мужчынамі), а калі трэба знайсці адмазку, то армія — “толькі злепак грамадства”: маўляў, што мы зробім, калі туды трапляе ўжо сапсаваны чалавечы матэрыял?

Карацей, пытанняў два вазы і цэбар. І тут не атрымаецца заткнуць грамадзянам рот фельдфебельскімі вокрыкамі.

Зрэшты, праблема не толькі ў асобных кадрах з салдафонскім апломбам. Сама палітычная сістэма ў Беларусі такая, што выводзіць вертыкаль (уключна з сілавымі структурамі) з-пад кантролю грамадства. Таму нават стыхійныя спробы такога кантролю чынавенства ў пагонах успрымае як замах на сістэму, спрабуе выставіць незадаволеных грамадзян “пятай калонай”, увесці гэту страшылку ў вушы самага вялікага начальніка.

І калі наверсе не задумаюцца над рэфармаваннем усёй сістэмы, то з падобным абурэннем грамадства рэжым будзе сутыкацца ўсё часцей.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.
18 лістапада 2017

Институт социологии назвал рейтинг политических партий

Белорусскому народу нужны политические партии, однако рейтинг большинства из уже существующих очень низок и не меняется из года в год.
17 лістапада 2017

В Беларуси задержан корреспондент «Украинского радио». Его обвиняют в шпионаже

Руководитель Национальной общественной телерадиокомпании Украины Зураб Аласания сообщил, что посольство Беларуси уклоняется от ответа о причине задержания украинского журналиста Павла Шаройко.