“Я – самбіст, чалавек фізічна дастаткова моцны і ў той жа час даволі імпульсіўны. І калі ўбачыў, што стаіць чалавек (маецца на ўвазе Уладзімір Жырыноўскі) у заканадаўчым органе Рэспублікі Беларусь і гаворыць крыўднае на маю краіну, я проста моўчкі падышоў, схапіў яго за лацканы і выкінуў за дзверы. Там, дарэчы, была вельмі крутая лесвіца, і я вельмі баяўся, што ён проста мог забіцца.

Праз некаторы час я выйшаў, каб паглядзець, што там. І калі пабачыў на першым паверсе, што бегае гэтая баба разанская і крычыць: “Шляхцюкі недарэзаныя, вешаць вас буду!”, – я падышоў да міліцыянера і сказаў: “Я дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Загадваю неадкладна выправадзіць вось гэтага чалавека з будынка”.

Дзяцінства ў палескай вёсцы і казахскі стэп

Мікола Маркевіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1962 года ў вёсцы Чэрнічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. На пытанне, ці ўсведамляў ён сябе з дзяцінства беларусам, спакойна патлумачыў: “Я належу да шчаслівага пакалення, якое яшчэ пры нараджэнні адразу акуналася ў маналітнае, монанацыянальнае беларускае грамадства. Гэта глухое Палессе. Тураўшчына. Там не было проста іншых нацыянальнасцяў. І таму з самага дзяцінства нікім іншым я ўсведамляць сябе не мог”. Рускую мову Маркевіч упершыню пачуў ужо ў свядомым узросце: “Памятаю: радыё правялі, і там спяваюць: “Петушок, погромче пой”… Мяне яшчэ паўгода пасля даймала, што такое “погромчепой”.

На ўсё жыццё ў яго засталіся самыя цёплыя дзіцячыя ўражанні: “Лета, альбо ранняя вясна, скажам так, Пасха, альбо наш Кермаш (націск на “е”), храмавае свята вёскі якраз на Міколу. І вось я іду, мне далі новую кашулю, апранулі новыя штаны, бо ў палескай вёсачцы малыя, якія не хадзілі ў школу, не мелі права ні на штаны, ні на кашулю. А летам, можна сказаць, бегалі галышом. І вось мяне апранулі, і я іду з бацькам. Бабулі ззаду гавораць: “Выліты бацька”. І мне гэта так падабалася!..”

З замілаваннем Мікола Маркевіч узгадвае Прыпяць з яе разлівамі, калі ў школу, краму, да суседа можна было дабрацца не інакш як на лодцы, і краявіды палескай прыроды, “такой мяккай, такой пяшчотнай, такой ласкавай, такой багатай, буйнай”. Менавіта яна аказала наймацнейшы ўплыў на фарміраванне хлопчыка. Потым быў казахскі стэп – “прыгожы, з гэтымі хвалямі срэбнага кавылю да гарызонта”. Але пра Тураўшчыну з яе прыгожым і таленавітым людам, з яе сівымі легендамі ён ніколі не забываўся: “Унікальнасць майго краю наклала моцны адбітак. І не толькі на мяне. Мае аднакласнікі, аднавяскоўцы сёння расцярушаны па ўсім Савецкім Саюзе… Аднак, калі сустракаемся ў родных Чэрнічах, я бачу, што мы гэтую ідэнтычнасць сваю захавалі вельмі моцна”.

У школе ён адкрыў для сябе чароўны свет, стаў вялікім кнігачэем, неўсвядомлена адчуваючы: “Мы гаворым на адной мове, а кніжкі – на другой”. Перачытаўшы ўсю школьную і сельскую бібліятэкі, у тым ліку і дарослыя кнігі, Мікола зразумеў, што яго моцна цягне да мовы, асабліва да пісьмовага слова. Але пры гэтым ён паспяваў захапляцца рознымі справамі, у тым ліку і спортам, фарміруючыся як рознабакова развітая асоба: “Чамусьці заўсёды думалася, што я буду пісаць. Я буду пісьменнікам, я буду паэтам. Пісаў вершы. І пры гэтым былі такія цікавыя захапленні, як матэматыка, фізіка. Памятаю,  прачытаў, што да Мендзялеева ягоная табліца прыйшла ў сне. І як я быў рады, калі на адну вельмі цяжкую задачу па матэматыцы толькі праз пару дзён у сне прысніў адказ. Ускочыў і запісаў яго”.

Калі Міколу споўнілася 8 гадоў, сям’я Маркевічаў выправілася на ўсход СССР – падымаць цаліну: “Мая другая радзіма – Казахстан. Менавіта там я сябе цалкам усвядоміў беларусам. Убачыў сваю іншасць”. З трэцяга па восьмы клас ён вучыўся ў казахскай школе: “Дагэтуль люблю гэтыя народы, гэты край, дзе прайшло дзяцінства і дзе, можна сказаць, упершыню задумаўся: “Хто я ёсць?” Гэта быў вялікі шматнацыянальны кангламерат. Гэта было яшчэ да таго, як усе пачалі адтуль раз’язджацца”. Мікола бачыў вакол сябе прадстаўнікоў разнастайных нацыянальнасцяў: немцаў, казахаў, чачэнцаў, карэйцаў, рускіх, украінцаў, і, як любы нармальны беларус, адразу “ўліўся ў калектыў”. Але сістэма навядзення “свой–чужы” ў яго паспела ўжо выпрацавацца. Напрыклад, ён з усмешкай узгадвае: “Прыязджалі беларусы з Гродзенскай вобласці на жніво, і, калі сярод буяных маладых цаліннікаў іншым вечарам лунаў кліч “Хлопцы, пайшлі беларусаў біць!”, я быў адзіны, які не хадзіў. Штосьці мяне стрымлівала”.

Шлях у журналістыку: Ленінград–Калінінград–Гродна

У журналістыку Мікола Маркевіч вырашыў пайсці пасля вяртання ў Беларусь, абсалютна выпадкова пазнаёміўшыся з супрацоўнікам жыткавіцкай газеты “Новае Палессе” Валодзем Занкаўцом: “Магчыма, што нейкі першаштуршок быў ад яго”. Юнак, які ў той час захапляўся напісаннем вершаў, прачытаў іх новаму знаёмаму і пачуў аб’ектыўную крытыку. Але яшчэ больш істотным было тое, што Занкавец зачытаў яму адзін з паэтычных твораў, які да глыбіні душы крануў Маркевіча: “Я ўсвядоміў, што ёсць людзі, якія сапраўды валодаюць словам”. Таму па заканчэнні 10-га класа ён дакладна вызначыў, кім жадае стаць: “Мы з маім аднакласнікам вырашылі паехаць у Ленінград і адстаялі агромністую чаргу ў шостую касу Мінскага чыгуначнага вакзала. Каб набыць білеты туды і паступаць. І, адстаяўшы некалькі гадзін у спякоту, я працягнуў гэтыя рублі, мокрыя ад поту, і кажу: “Два білеты да Ленінграда”. – “Няма да Ленінграда”. – “А куды ёсць?” – “А ёсць да Калінінграда”.

Так Маркевіч стаў студэнтам філалагічнага факультэта Калінінградскага ўніверсітэта. Невялікая складанасць узнікла з тым, што ўсе дакументы пры паступленні былі на беларускай мове, у сувязі з чым дэкан разгублена спытаўся: “Як вы ўвогуле будзеце вучыцца?” Падчас навучання на трэцім курсе на факультэце філалогіі было створана аддзяленне журналістыкі, куды трапіў і Маркевіч. А яшчэ яго захапленнем – у дадатак да спорту – стаў студэнцкі будатрад. Пачаўшы з шараговага байца, потым майстра, у далейшым ён тры гады з’яўляўся камандзірам атрада, які ўваходзіў у лік лепшых у Калінінградскім універсітэце.

Ад “ката ў мяшку” да прафесійнага журналіста за два гады

Прайшоўшы навучанне ў выдатных выкладчыкаў, захопленых сваёй справай, пасля заканчэння ўніверсітэта Маркевіч атрымаў размеркаванне ў раённую газету ў Якуцію, у Нерунгры. Але яму, на той час бацьку двух дзяцей, было недаспадобы выпраўляцца на край свету. Таму ён здолеў дамагчыся ў Маскве пераразмеркавання, але новае месца працы ў Беларусі неабходна было знайсці самастойна. У выніку ён аб’ездзіў Мазыр, Жыткавічы, Пінск, Брэст: “І мяне нідзе не ўзялі. Я ўжо вяртаўся назад у Калінінград, калі на дзень спыніўся ў гродзенскім гатэлі “Нёман”. І першае, куды я пайшоў, да Аляксандра Уладзіміравіча Богуша, галоўнага рэдактара “Гродзенскай праўды”. Набраўшыся нахабства, я пачаў актыўна яго ўгаворваць:

– Вазьміце мяне, вы не пашкадуеце. Я добра валодаю мовай, журналісцкімі тэхналогіямі, стажыраваўся ў “Калининградской правде”.

– Вы – кот у мяшку. Мы не можам пасля ўніверсітэта з чыстым дыпломам узяць чалавека, бо гэта вельмі адказная праца.

Я выйшаў, не ведаючы, што рабіць”.

Неўладкаваны журналіст проста пайшоў блукаць па горадзе з цяжкімі думкамі пра далейшы лёс, пра тое, як там жонка з дзецьмі на Урале, куды яна з’ехала да сваіх бацькоў, каб перачакаць час, пакуль муж шукае працу. Прайшоўшы па Замкавай вуліцы горада над Нёманам да каралеўскіх палацаў, ён адчуў, што горад яму падабаецца. А тут яшчэ на вочы трапіла шыльда газеты “Высота”. “Гэта мой апошні шанец”, – з гэтай думкай Маркевіч адчыніў дзверы. Як ні дзіўна, ён сапраўды знайшоў тут працу, у чым яму дапамог досвед, атрыманы падчас будатрадаўскай дзейнасці. Газета гэтая аказалася будаўнічай накіраванасці: “Я расказваю намесніку рэдактара, што быў кіраўніком будатрада, пабудаваў аэрадром, восем шматкватэрных дамоў, пару кароўнікаў і 16 кіламетраў чыгуначнай дарогі да калінінградскага лікёра-гарэлачнага завода”. І атрымліваю быццам бы экзаменацыйнае пытанне: “Што такое забутоўка?”

Ужо 15 жніўня 1984 года Мікола выклікаецца ў Гродна: “Прыехаў… Вельмі падабалася праца, надзвычай! Газета была лепшай шматтыражкай СССР. Узначальваў яе вельмі паважаны і адукаваны, аўтарытэтны ў горадзе Барыс Рыгоравіч Тронза, варонежскі мужык, які выдаваў партызанскую газету ў свіслацкіх лясах. Быў вельмі аўтарытэтнай асобай у Гродне. Здолеў скалаціць найлепшы склад рэдакцыі”.

Маркевіч піша матэрыялы на будаўнічую тэматыку, назіраючы, як на яго вачах паўстае добрая палова горада Гродна: “Не каждому дано так щедро жить, друзьям на память города дарить”.

І вось у 1986 годзе раптам раздаецца тэлефонны званок: “Меня зовут Александр Владимирович Богуш. Я хотел бы пригласить вас на собеседование”.

Маркевіч не стаў узгадваць галоўнаму рэдактару “Гродзенскай праўды” размову, якая адбылася паміж імі за два гады да таго. Маючы добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, працуючы з мэтрамі журналістыкі ў газеце “Высота”, ён адчуваў, што гэта чарговая прыступка. Ды не толькі ў прафесійным сэнсе. Бо, даючы згоду на пераход у прэстыжнае выданне, ён паставіў сваю ўмову: кватэра. І ўмова гэтая, трэба сказаць, была выканана.

У “Гродзенскай праўдзе” Мікола Маркевіч працаваў у аддзеле будаўніцтва, прамысловасці і транспарту, займаўся справай, якую выдатна ведаў: “Сабралася добрая каманда, маладыя, амбітныя. Мы хутка давялі “Гродзенскую праўду” да 100-тысячнага накладу. І газету чыталі. Якраз супала наша журналісцкае станаўленне з дэмакратычным уздымам у краіне. Мы былі да гэтага гатовы. Яно ж – перабудова, галоснасць, дэмакратыя – не само па сабе ўзнікла, не адразу, а ўзнікала паступова, у тым ліку дзякуючы і нашай журналісцкай працы”.

У газеце была добра наладжана сістэма стымулявання працоўнай дзейнасці і творчай ініцыятывы, згодна з якой увесь яе працоўны калектыў абмяркоўваў надрукаваныя артыкулы, вызначаючы, які з іх заслугоўвае ўзнагароды, падвышанага ганарару альбо звання “вострае”, “бронзавае”, “срэбнае” ці “залатое пяро”. У выніку пасля першага года працы менавіта Маркевіч быў прызнаны лепшым журналістам рэдакцыі. У якасці ўзнагароды ён атрымаў трохмесячную стажыроўку ў Маскве, у газеце “Социалистическая индустрия”: “Нас было недзе каля 30 чалавек з усяго СССР. І зноў усе былі “аднекуль”. Хочаш ты таго ці не хочаш, ты таксама павінен быць аднекуль”. Гэта стала чарговым штуршком у яго шляху да беларускасці: “Гэта быў момант зову зямлі. У мяне ён адчуваўся вельмі моцна і абвастраўся, чым далей я ад’язджаў куды-небудзь. І я вельмі моцна адчуваў яго, калі паехаў у Маскву. Моцна адчувалася, што вось мы, а вось яны – вельмі таленавітыя людзі, вельмі геніяльныя, вельмі добрыя. Але іншыя. Мы – гэты мы. Яны – гэта яны. І размова тут не пра колер валасоў ці разрэз вачэй, а пра нашу ментальнасць, той стрыжань, камертон, які ёсць у кожнага пры нараджэнні. У некага ён больш прыглушаны, але ёсць у кожнага”.

Паўдня працы ў рэдакцыі, другая ж палова – лекцыі лепшых журналістаў СССР: Ота Лацыса з “Известий” або Віталія Кароціча з “Огонька”, а таксама прадстаўнікоў ЦК КПСС дэмакратычных поглядаў.

Мікола Маркевіч

Час надлому і “вайна з генераламі”

Але ў 1986 годзе ў жыцці Міколы Маркевіча здарылася яшчэ адна падзея, якая вельмі моцна паўплывала на яго: “Я павёз сваіх дзетак 26 красавіка на радзіму, на Тураўшчыну. Наперадзе вялікія выхадныя. І нічога не разумею, што адбываецца. Раніцай выехалі аўтобусам Гродна–Гомель, і, калі ехалі, літаральна на кожным прыпынку людзі шапталіся. А я і ўвагі не звяртаю… Адвёз і прыехаў назад. Тронза, царства яму нябеснае, мой першы рэдактар, калі даведаўся, куды я адвёз дзяцей, жорстка загадаў: “Чалавек, едзь у сваю вёску, тэрмінова забірай дзяцей адтуль”. Я тут жа сарваўся, без доўгіх збораў. Прыехаў. Цярушыць дожджычак, мае дзеткі сядзяць у пясочніцы пад гэтым дожджыкам радыеактыўным, корпаюцца ў пясочку. Забраў іх… А колькі такіх дзетак па ўсёй Беларусі засталіся пад радыеактыўным дажджом? Мая прафесія – абнародаваць усе сацыяльна значныя факты, а ў гэтым выпадку журналістыка, а найперш улада, паказалі сябе такім чынам, што дэвальвіравалася сама аснова таго сацыялістычнага раю, таго ўсеагульнага шчасця і справядлівасці для народа, пра якія не стамляліся трубіць з высокіх трыбун…  Гэта быў моцны надлом”.

Другім надломам, які прымусіў Міколу Маркевіча па-іншаму паглядзець на рэчаіснасць, стаў першы паход на Курапаты ў 1988 годзе. Калегі-журналісты ў падрабязнасцях расказвалі, як савецкая міліцыя ўжыла ў дачыненні да ўдзельнікаў мерапрыемства гумовыя дубінкі. А затым вакол дазволенай акцыі пачала заварвацца каша з замоўленых матэрыялаў, прызваных дыскрэдытаваць яе ўдзельнікаў. “Гэтыя два моманты моцна паўплывалі на мяне. Пасля апошняга я  выйшаў з камсамола. Праўда, не дэманстратыўна, але цалкам усвядомлена. Адтуль, дзе я стаяў на ўліку, я пайшоў, а туды, куды павінен быў аднесці дакументы, не прыйшоў. Згубіўся недзе па дарозе. Такое здарыцца магло толькі на той час, калі сістэма трашчала ўжо па швах”.

Маркевіч цалкам аддаўся працы. Пісаў пра праблемы, якія турбавалі людзей. Да прыкладу,  пра будаўніцтва аднаго з цахоў на “Азоце” – чацвёртай чаргі лініі па вытворчасці капралактаму. Журналіст намагаўся якасна рабіць тую працу, за якую яму плацілі грошы, і таму высветліў, што праект недастаткова прапрацаваны ў экалагічным аспекце. У выніку ўзняўся скандал! Улады вымушаны былі публічна абвясціць пра прыпыненне будаўніцтва да поўнага высвятлення ўздзеяння будучай вытворчасці на экалогію… А Маркевіч зноў патрапіў у эпіцэнтр буры. Літаральна праз некалькі нумароў у той жа “Гродзенскай праўдзе” была змешчана пастанова Гродзенскага абкама партыі, у якой паведамлялася: праект адпраўляюць на дапрацоўку, будаўніцтва спыняюць.

Пасля такіх выпадкаў Мікола Маркевіч нажываў сабе чарговых моцных ворагаў, у шэраг якіх стаў і генеральны дырэктар радыёзавода. Справа ў тым, што ў рэдакцыю “Гродзенскай праўды” прыйшло больш за дзясятак лістоў з усяго СССР, у якіх людзі скардзіліся на якасць радыёпрымача  “Океан”. А журналіста, які жадаў разабрацца, проста не пусцілі на завод агульнасаюзнага значэння. Кіраўнікоў такіх прадпрыемстваў у народзе называлі “генераламі”, яны фактычна былі на сваіх прадпрыемствах паўнаўладнымі гаспадарамі, ісці супраць іхняй волі значыла ставіць на сабе крыж. Нягледзячы на гэта, Мікола ўмудрыўся туды прабрацца, сігануўшы проста праз агароджу рэжымнага аб’екта, і паразмаўляць са звычайнымі супрацоўнікамі. У выніку пабачыў свет артыкул “Океан” и море проблем”, за які Маркевіча ў чарговы раз пагражалі звольніць: “Кароў пасвіць пойдзеш!”

З экалагіста ў дэпутаты

Пасля артыкула пра скідзельскі біяхімзавод, будаўніцтва якога намагалася прасунуць моцнае саюзнае лобі, арганізаваўся ў Гродне першы экалагічны мітынг. Маркевіч на 1989 год стаў галоўным экалагістам у Гродне, да яго прыходзілі параіцца, запрашалі на сустрэчы, яму пісалі лісты. Але з-за распачатай “вайны з генераламі” яму прама сказалі, што пры любой зручнай нагодзе яго звольняць: “У гэты час мне паступіла прапанова ад работнікаў “Хімвалакна”, якія чыталі мае экалагічныя матэрыялы і якія, як ніхто іншы, разумелі, што такое “вялікая хімія”… Дык вось у адным з цэхаў “Хімвалакна” без майго ўдзелу прайшоў сход па вылученні кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета – тады працоўныя калектывы валодалі вялікімі паўнамоцтвамі і магчымасцямі… І абсалютна нечакана для мяне гэты калектыў вылучыў кандыдатам у дэпутаты мяне. На наступны дзень прыйшоў прадстаўнік цэха: “Вас прапанавалі…” А я ведаў, што наверсе ёсць рашэнне: у Вярхоўны Савет БССР ідзе генеральны дырэктар аб’яднання “Хімвалакно” Анатоль Сямёнаў.  Хто такі гендырэктар, які дае людзям працу, які плаціць ім заробак, і хто  я? Але выбар пасля тых наездаў у мяне быў невялікі. Альбо чакаць, пакуль звольняць, альбо паспрабаваць! І я выбраў удзел у выбарах. Тым больш, скажу шчыра, было адчуванне, што ў мяне нешта атрымліваецца.  Што тое, з чым я іду да людзей, ім не прынясе ні Анатоль Сямёнаў, ні той, ні другі, ні трэці”.

Справа дайшла да агульнага сходу прадпрыемства, на якім Маркевіч перамог падчас публічнай дыскусіі з хімвалакноўскім  “генералам” Сямёнавым. Няхай гэта і не было пераканаўча па частцы лічбаў, але гэта была перамога, якая дазволіла яму стаць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і ўрэшце атрымаць перамогу над чатырма іншымі кандыдатамі па Прынёманскай акрузе. Дапамогу яму аказалі супрацоўнікі “Хімвалакна”, якія падтрымлівалі і бачылі ў ім свайго кандыдата. “На той момант, калі мяне ўжо сапраўды  хацелі звольніць, я атрымаў пасведчанне дэпутата. А дэпутата нельга было звольніць. Фактычна здарыўся нейкі цуд”.

І гэта пры тым, што нароўні з экалагічнымі пунктамі яго праграмы было некалькі пунктаў, у якіх Маркевіч выступаў за Беларусь як незалежную суверэнную дзяржаву, а беларускую мову адстойваў як адзіную дзяржаўную.

“Калі не ведаеш накірунку, то ніводзін  вецер не будзе папутны”

Ужо з першых дзён працы ў Вярхоўным Савеце Мікола Маркевіч дакладна вызначыў, што для яго самае галоўнае: “Я бачыў, што мы будуем Беларусь. Гэта праца, якой трэба аддаваць сябе без рэшты. Матывацыя была ў кожнага ўнутраная. Мне было 28 гадоў, калі я стаў дэпутатам. Як казаў Напалеон, “самы лепшы салдат той, каму 16 гадоў”. А мне было толькі 16 гадоў…”

З 1988 года Маркевіч з’яўляўся сябрам Беларускага Народнага Фронту, ініцыяваўшы стварэнне яго першаснай суполкі пры “Гродзенскай праўдзе” ў першыя дні пасля стварэння Аргкамітэта Фронту. Потым ён быў абраны старшынёй Гродзенскай гарадской Рады БНФ “Адраджэньне”. “Усё, што рабілася намі ў горадзе, мы рабілі ад імя БНФ. І калі абіраўся ў дэпутаты, таксама было вядома, што я сябра БНФ”.

У Вярхоўным Савеце ён працаваў у дзвюх камісіях – па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя і па інфармацыі і галоснасці. Але асноўнай у яго дзейнасці стала менавіта першая, сакратаром якой ён быў абраны. Маркевічу нават прапанавалі пастаянную працу са значна большым заробкам і ў дадатак – пяціпакаёвую кватэру ва Уруччы. Малады дэпутат адмовіўся ад прапанаваных кватэры і пасады, цалкам прысвяціўшы сябе працы ў фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Але суадносіны сіл фронтаўцаў і “агрэсіўна-паслухмянай большасці” былі далёка не на карысць першых, нагадваючы хутчэй супрацьстаянне 300 спартанцаў з арміяй персідскага цара Ксеркса: “Я не ведаю другога такога выпадку, каб недзе была іншая такая дэпутацкая група, так інтэлектуальна і арганізацыйна спаяная, знітаваная думкай пра Беларусь, пра яе Адраджэнне, пра нацыянальнае… Іншых стымулаў, апроч названых, у нас проста не было. І тым больш велічным і значным бачыцца той наш даробак цяпер, з вышыні дня сённяшняга”.

Было ўсведамленне місіі, дзеля чаго гэта ўсё робіцца: “Мы бачылі новую Беларусь, мы хацелі яе фарміраваць заканадаўча, нацыянальна, адукацыйна, гістарычна. І былі зразумелыя тэхналогія і метады, як гэта рабіць. Кожны дзень пасля пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, якія заканчваліся ў 18.00, пачыналіся пасяджэнні фракцыі БНФ. На іх да позняга вечара абмяркоўваліся новыя законапраекты, за кожным з іх быў замацаваны адказны чалавек, ствараліся цэлыя аўтарскія групы дэпутатаў ад апазіцыі, ішлі гарачыя дыскусіі, прыцягваліся эксперты… І тое, што апазіцыя Беларускага Народнага Фронту потым выносіла на абмеркаванне Вярхоўнага Савета, вызначалася высокім узроўнем прафесійнасці. Тыя нашы законы дзейнічаюць і да сёння, толькі іншым разам сапсаваны пазнейшымі дадаткамі і сучаснай рэдактурай”.

27 ліпеня як перамога 300 спартанцаў

Нарэшце 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, якая стала важнай прыступкай на шляху адраджэння Беларусі: “Было ўсведамленне значнасці падзеі. І разуменне, што ідзе палітычнае змаганне “300 спартанцаў” з гэтым аграмадным партыйна- ветэранска-аграрным войскам, якое дамінавала ў Вярхоўным Савеце. І гэтае аграмаднае войска ішло па той каляіне, якую ўказвалі мы, за кошт нашай маральнай ды інтэлектуальнай перавагі, за кошт асобы Пазьняка. Бо, як гавораць, калі не ведаеш накірунку, то ніводзін  вецер не будзе папутны. Цалкам адношу гэты выраз на лік той большасці, якая была ў Вярхоўным Савеце і якая была знітавана значна больш прагматычнымі мэтамі, чым мы: яны закончылі свае партыйныя школы, мелі велізарны жыццёвы досвед і доступ да велізарных матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў. І вось яны прайгралі. Чаму? Таму што яны ішлі насуперак плыні натуральнага гістарычнага працэсу. А натуральны гістарычны працэс палягае на тым, як цяпер кажа Аляксандр Рыгоравіч, што на гэтым лапіку зямлі павінна быць Беларусь. І, нягледзячы ні на што, на ўсе выпрабаванні, гэтая краіна ёсць. А чаму ёсць? Таму што ёсць гэты народ. І гэты народ – будзе! На вялікі жаль, сёння мы бачым цэлае пакаленне, якое вырасла і для якога наша мова не ёсць родная, у лепшым выпадку – вывучаная. Але застаецца тое, што і тысячу гадоў трымала нас разам на гэтай тэрыторыі, на нашай зямлі. Гэта наш менталітэт, гэта наша стаўленне да прыроды, адзін да аднаго, да працы. Гэта тое, што адрознівае нас ад сапраўды братніх, без перабольшвання, народаў – рускіх, украінцаў, палякаў. Але дастаткова заехаць у Кіеў, каб пабачыць, што мы не ўкраінцы. Едзьце ў Маскву, і вы пабачыце, што мы не рускія. І нават не рускія са знакам якасці. Не кажучы ўжо пра Польшчу або Літву. Пры гэтым разумеючы, што мы з імі сапраўды братнія народы і, магчыма, выйшлі з аднаго кораня”.

Каб дамагчыся прыняцця Дэкларацыі, фракцыя БНФ пайшла на тактычны ход. Яе дэпутаты на момант галасавання проста пакінулі свае месцы ў зале. “Галасаваўся вельмі важны для нас і для Бацькаўшчыны дакумент, гэта быў першы крок, які вёў да сапраўднага суверэнітэту і незалежнасці краіны, дзеля чаго з 1986-га года я асабіста, вельмі канкрэтна і мэтанакіравана працаваў. Мы не маглі, не мелі права памыліцца, змарнаваць плён працы сваёй і сваіх папярэднікаў. І мы проста выкарысталі веды пра паводзіны сваіх апанентаў у Вярхоўным Савеце. Не аднойчы мы заўважалі, што гэты дастаткова вялікі калектыў, гэтыя людзі дзейнічаюць часцяком не паводле законаў розуму, не паводле логікі, а дзейнічаюць паводле простага псіхалагічнага алгарытму: “Калі Беларускі Народны Фронт супраць, значыць, нам трэба быць за!” І наадварот!. Гэта была такая тактычная хітрасць, калі так можна сказаць. І яна спрацавала. Мы выйшлі з залы, нібыта ў знак пратэсту супраць таго, што ў Дэкларацыю хочуць уключыць абсалютна пусты пункт пра тое, што суверэнная і незалежная Беларусь плануе ў будучым заключыць новую Саюзную Дамову. І камуністы, а разам з імі і ўсе астатнія, хуценька аднагалосна (!!!) прынялі тое, за што мы змагаліся з першага дня працы ў Вярхоўным Савеце”.

Галадоўка як выступленне супраць гвалтавання Радзімы

У 1995 годзе пад уплывам працэсаў у Расіі значныя палітычныя змены пачалі назірацца і ў Беларусі. Напярэдадні рэферэндуму па бел-чырвона-белым сцягу і беларускай мове, якія ў грамадстве ўспрымаліся як эквівалент незалежнасці, дэпутаты БНФ думалі над тым, што рабіць: “Ідэя галадоўкі – гэта мая ідэя. Трэба сказаць, што абстаноўка ў краіне і ў Вярхоўным Савеце напярэдадні галасавання па гэтым найважнейшым пытанні нагадвала штыль у ціхім балоце. Усё рабілася завуаліравана пад прыкрыццём нейкіх выдуманых гісторый аб прыніжэнні рускай мовы, пра тое, што нам патрэбна эканоміка, а не мова, нібыта з беларускай мовай эканоміка існаваць і развівацца не можа. І вось трэба было ўзрушэнне, трэба было даць дэпутатам і грамадству моцны і выразны сігнал, што адбываецца  вялікае злачынства, што гэтае злачынства можна параўнаць са злачынствам супраць Дзяржавы, супраць Незалежнасці! Данесці гэты сігнал можна было толькі праз экстраардынарную падзею. Ідэя галадоўкі непасрэдна ў парламенце падавалася надзвычай трапнай. Я напярэдадні абмеркаваў яе позна ўвечары каля помніка Леніну. Там было некалькі асоб, і адбыўся абмен думкамі. Не думаў я, што яе так хутка разаўюць… На наступны дзень я перад пасяджэннем сустракаўся з людзьмі з Гродна, спазніўся на некалькі хвілін. І калі я зайшоў у Дом урада, мае калегі ўжо сядзелі там, проста на падлозе Авальнай залы, вакол трыбуны. І я адразу зразумеў, што гэта такое. Адразу пайшоў не на сваё звычайнае месца, а сеў разам з імі. Калі гвалтавалі маю Радзіму, зневажалі гэтым рэферэндумам, калі ставілі пад сумненне самае святое, што ўвогуле аб’ядноўвае нас, беларусаў, і што не належыць ні дэпутатам, ні мне, ні Пазьняку, ні Лукашэнку, я асабіста і мае сябры-аднадумцы зрабілі ўсё магчымае, каб спыніць гэты гвалт. З вышыні сённяшняга дня слушнасць таго, што мы зрабілі ў тыя дні, стала яшчэ больш яскравай. Ні наша незалежнасць, ні наша мова, ні наша гісторыя не могуць і не павінны быць прадметам для галасавання. Гэта тое, што мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў. І адзінае добрае, што мы можам зрабіць з гэтай спадчынай, гэта перадаць яе нашым нашчадкам без страт і без урону!”

Газета “Пагоня” і дэманстрацыя магутнай салідарнасці

З 1992-га па 2001 год Мікола Маркевіч з’яўляўся галоўным рэдактарам газеты “Пагоня”, назва якой адсылала да аднаго з мацнейшых звычаяў нашых продкаў, “які дазваляў нам перамагаць больш мацнейшых”. Яшчэ ў 1988 годзе БНФ звярнула ўвагу, што ў Гродзенскай вобласці не было абласной газеты на беларускай мове. І гэта там, дзе зусім нядаўна па гістарычных мерках была “Мужыцкая праўда” Каліноўскага, дзейнічалі моцныя структуры Таварыства беларускай школы, дзе многія людзі з-за сваёй патрыятычнай беларускай дзейнасці пабывалі ў лагерах як удзельнікі арганізацыі “Чайка”! У выніку пасля размоў з пісьменнікам Аляксеем Нічыпаравічам Карпюком, які стаў ідэйным натхняльнікам адраджэння беларускага друкаванага слова ў Гродне, Мікола Маркевіч вырашыў стварыць фонд “Бацькаўшчына”, унёскі ў які пайшлі на заснаванне газеты “Пагоня”. Дарэчы, першымі фундатарамі сталі  пяць буйнейшых прадпрыемстваў Гродна і навагрудскі завод газавай апаратуры: “Галоўная пагонеўская ўстаноўка: пра беларускія справы – па-беларуску, пішам абсалютна  пра ўсё, чым жыве Беларусь, але не акцэнтуем увагі, што на мове. І гэта дало плён. Мы нідзе не гаварылі, што мова знікае, не енчылі і не стагналі з гэтай нагоды. Мы проста рабілі сваю газету па-беларуску. “Пагоня” была прысвечана таму, чым жыве Гродна, чым жыве нармальны чалавек. У часы росквіту “Пагоні” тыраж, які даходзіў да 17 тысяч паасобнікаў”, раскупаўся цалкам.

Падчас выбарчай кампаніі 2001 года па матэрыялах газеты “Пагоня” была ўзбуджана крымінальная справа “аб паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусі з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў”. Але працэс над “Пагоняй” стаўся ў Гродне дэманстрацыяй сапраўднай салідарнасці з газетай і з яе журналістамі. У дні судовых пасяджэнняў ля будынка суда збіраліся 300–400 чалавек, якія актыўна пратэставалі супраць пераследу вольнага слова. Кожны дзень у горадзе праводзіліся пікеты ў падтрымку журналістаў. Прэзідэнты Польшчы, Чэхіі, Літвы звярнуліся да беларускіх улад з заклікам спыніць расправу над свабодай слова…  І ўсё ж рэдактара газеты Міколу Маркевіча, а таксама журналіста Паўла Мажэйку 24 чэрвеня 2002 года асудзілі: “Напярэдадні прысуду да мяне з Мінска прыязджае Саша Ф.: “Я толькі што з надзейных крыніц атрымаў інфармацыю пра твой заўтрашні прысуд. Рашэнне ўжо прынята. У цябе 5 гадоў калоніі строгага рэжыму…” Пахадзілі па цэнтры, і я яго адвёў да аўтавакзала. Уяўляеце, што павінен адчуваць чалавек, якому сказалі: заўтра ты ідзеш у суд вольным чалавекам, а выходзіш пад канвоем, атрымаўшы 5 гадоў рэальнага зняволення. І я не ведаю, што рабіць, спаць не мог. Прыйшоў у суд на ватных нагах. І тут, раз, абвяшчаюць: два з паловай  гады хіміі. Два з паловай гады хіміі таксама не маюць анічога агульнага з Законам і справядлівасцю. Але ж гэта была хімія, а не турма! Дагэтуль памятаю эйфарыю, якую адчуў тады. І да гэтага часу не разумею, што гэта быў за візіт Сашы Ф.? Ці то было шчырае жаданне калегі папярэдзіць пра небяспеку, ці то правакацыя кшталту: “Не ведаем, што з табой, бядак, рабіць. Бяжы, а мы цябе на граніцы зловім”.

Напярэдадні суда па справе газеты «Пагоня»

Маркевіч адседзеў 6 месяцаў і 4 дні ў Асіповічах, дапамагаючы зняволеным парадамі, напісаннем розных апеляцый. І не было ніводнага дня, каб да яго не прыходзілі лісты са словамі падтрымкі. Сотні лістоў з усёй Беларусі, з усяго свету. Дзясяткі наведвальнікаў штотыднёва. І кожны нешта з сабою прывозіў, асабліва прадуктовыя перадачы. Мікола Маркевіч нават жартаваў наконт свайго зняволення: “Ніколі так добра не жыў, як у той час, калі быў зэкам”.

Пасля вызвалення ў 2003–2004 годзе Маркевіч выпускаў газету “Дзень” якая, як і “Пагоня”, была ўладамі забаронена. Таму ў 2005 годзе ён спрычыніўся да стварэння ў Польшчы тэлеканала “Белсат” як альтэрнатывы дзяржаўнай манаполіі на інфармацыю,  увайшоў у лік асоб, што аднаўлялі “Радыё Рацыя”, стаў ягоным першым праграмным дырэктарам. У сваім новым праекце Маркевіч бачыў “беларускае радыё рукамі беларусаў для беларусаў”.  Аднак: “Праз пару гадоў я вымушаны быў спыніць свой удзел у гэтым унікальным радыё, проста адышоў у бок, пабачыўшы, што ў мяне няма магчымасці рэалізаваць сваю канцэпцыю”.

“Беларусь у нас адна”

Мікола Маркевіч з’яўляецца прыхільнікам канвергенцыі як магчымасці аб’яднання ўсіх сіл беларускага народа ў інтарэсах пабудовы беларускай дзяржавы: “Я спрычыніўся да пачатку дзяржаўнага будаўніцтва краіны. І гэты працэс працягваецца… І калі нешта ў нашым Беларускім Доме табе не падабаецца, то гэта не падстава для таго, каб стаць убок, заняць пазіцыю крытыкана, дэзерціраваць… Я ўжо сёння бачу ва ўладзе сотні разумных, адукаваных патрыётаў. Але іх пакуль вельмі мала! Яны ў абсалютнай меншасці. І іх павінна быць больш! Як кажуць, хоць чучалам, хоць тушкай трэба імкнуцца туды, дзе прымаюцца рашэнні! Хочаш лепш? Калі ласка, пачні з сябе, працуй! Не можаш ці не хочаш рабіць палітыку – калі ласка, займіся бізнесам, плаці падаткі. Гэта ўсё роўна спажывуць беларускія людзі: настаўнік, доктар, пенсіянер, людзі атрымаюць заробак… Няма жадання весці сваю справу – працуй сумленна на тым працоўным месцы, якое выбраў. Будзь нават там лепшым! Беларусь можа  знайсці сваю дарогу, толькі аб’яднаўшы сілы і здольнасці ўсіх сваіх сыноў і дачок. Некалі Валодзя Занкавец сказаў мне: “Нам няма чаго драбніцца, бо мы і так дробныя”. Гэта правільны пасыл. Сёння нікому недаравальна дзяліць беларускі народ на “правільных” і “няправільных”, вылучаць тых, хто мае манаполію на ісціну, а астатнім прыклейваць ярлыкі: пятая калона, запраданцы, праданцы і гэтак далей…”

Мікола Маркевіч сёння не мае магчымасці займацца журналістыкай. Але з-за сваёй кіпучай энергіі, якая патрабуе выйсця, ён працягвае працаваць па 12–15 гадзін у дзень. Нават наша знаёмства і размова адбыліся ў нядзельны вечар, калі я сустрэў яго на працы, дзе ён займаецца міжнароднымі перавозкамі. Не аднойчы меўшы магчымасць з’ехаць за мяжу, Мікола Маркевіч застаецца верным Радзіме, таму што “Беларусь у нас адна – гэта велізарнае шчасце быць тут і спрычыніцца да таго, што яна паўстала”. А пакуль уначы яму сніцца, што ён, як і раней, удзельнічае ў рэдакцыйных планёрках. І спадзяецца, што прыйдзе час, калі яго досвед, веды і разумовыя здольнасці зноў спатрэбяцца Беларусі.