Так, гэта героі нашай супольнай з палякамі гісторыі, блізкія нам і духам сваім, і чынам. Але, прызнацца, мне і ў галаву не прыходзіла прымацаваць на міцкевічаўскім саркафагу ці на капыце касцюшкаўскага каня ўдакладняльныя шыльдачкі з надпісамі: “Літва – мая Айчына!” (радок Міцкевіча) ці “Нарадзіўся я ліцвінам” (прызнанне Тадэвуша).

Па-першае, у чужы кляштар са сваім статутам (нават калі гэта Статут ВКЛ) не лезуць. Па-другое, не я тыя помнікі і саркафагі ставіў. Па-трэцяе, Вавель – самае ганаровае месца ў Польшчы, і дзякуй палякам за такі апошні прытулак для таго ж Міцкевіча, якому пры жыцці ў сталіцы Пястаў пабываць не давялося.

На жаль, нашы суседзі да чужых шыльдачак ставяцца з большай, магчыма, нават з празмернай цікавасцю. Я маю на ўвазе нядаўні скандал з помнікам Касцюшку ў швейцарскім Залатурне, калі польскаму амбасадару не спадабалася  нейтральная фармулёўка “сын Беларусі”. Апратэстоўваючы яе, што меў на ўвазе той амбасадар? Што Марачоўшчына пад Косавам – не Беларусь? Дарэчы, гэта не апіска – належыць пісаць і гаварыць менавіта Марачоўшчына (назва паходзіць ад старабеларускага слова “марочна”, што азначае забалочаную, дрыгвяністую мясціну).

Трэба прызнаць, што не толькі “швейцарская” шыльда выклікае пярэчанні. З гледзішча некаторых палякаў і ў той самай Марачоўшчыне з надпісамі не ўсё ў парадку. Сёлета на чарговыя ўгодкі Касцюшкі аўтару гэтых радкоў па запрашэнні мясцовага актывіста Аляксандра Меха давялося браць удзел у паэтычных чытаннях пры мемарыяльным камені каля сядзібы-музея. Уявіце сабе: поўнае дворышча людзей, у тым ліку польскія і амерыканскія дыпламаты, прадстаўнікі беларускіх улад, ганаровая варта ў форме жаўнераў 1794 года. Тут пад’язджае аўтобус з варшаўскімі турыстамі, і экскурсаводка, дагледжаная пані сярэдняга веку, пачынае ім тлумачыць, што на музейнай шыльдзе беларусы зрабілі няправільны надпіс: маўляў, Касцюшка – і сын, і дзеяч, і герой толькі Польшчы, і што не шкодзіла б тую шыльду падкарэкціраваць…

Тут я не вытрымаў. Настаўбурыў каўнер паліто, напусціў на твар функцыянерскую міну, падышоў да турыстычнай групы і з металёвымі ноткамі ў голасе папярэдзіў пані, што Касцюшка і ягоны музей знаходзяцца пад аховай беларускай дзяржавы, а за паклёп на дзяржаву замежныя грамадзяне ў нас у лепшым выпадку дэпартуюцца… Дагаворваць пра горшы выпадак не прыйшлося – спалоханая экскурсаводка замоўкла і да канца імпрэзы толькі пра нешта перашэптвалася з таксама прыціхлымі суайчыннікамі. Прызнацца, я ў такой ролі пачуваўся даволі няёмка, але што было рабіць?

А цяпер давайце памяркуем, адкуль у палякаў такое стаўленне да нас і нашага? Будзем глядзець праўдзе ў вочы – хто-ніхто з нашых заходніх суседзяў працягвае глядзець на частку Гродзеншчыны і Брэстчыны як на “ўсходнія крэсы”. А як жа іначай? У большасці тамтэйшых касцёлаў па-ранейшаму служыцца па-польску, існуюць ажно два Саюзы палякаў, працуюць польскія школы – у гарадах, дзе беларускіх няма ніводнай. А самае галоўнае – за дзесяць апошніх гадоў каля 100.000 грамадзян Рэспублікі Беларусь атрымалі карту паляка.

І каго цікавіць, што ўладальнікі тых картаў у прыватных размовах прызнаюцца – палякамі яны запісаліся дзеля канкрэтных выгод: камусьці дзяцей у Варшаўскі ўніверсітэт трэба ўладкаваць, хтосьці вырашыў з візай у Еўрасаюзе праблем не мець, а хтосьці ўвогуле жыве з таго, што па адзін бок мяжы купляе, а па другі прадае.

Тая карта (гэта і польскі бок прызнае) сябе не апраўдала – на сталае жыхарства ў Польшчу пераехаў толькі 1% “картачных палякаў”. Не апраўдала эканамічна – дадатковай рабочай сілы, на якую, магчыма, разлічвала, Польшча не займела. Але лічбу 100.000 можна будзе выкарыстоўваць у палітычных мэтах. І яна, думаю, неаднойчы будзе выкарыстана.

У мяне няма пытанняў да польскіх улад. Замест навязаных з Бруселя лівійскіх ці сірыйскіх бежанцаў лепш прыняць уцекачоў з Беларусі – блізкіх і па мове, і па рэлігіі.

У мяне пытанне да ўлады беларускай: а чаму ў адказ на карту паляка не ўвесці карту беларуса – для жыхароў Беласточчыны? З адпаведнымі прывілеямі для іх. А то беластоцкія беларусы сталі некуды падазрона хутка знікаць: толькі за астатнія 20 гадоў іх колькасць зменшылася ў шэсць разоў – з 300.000 да 50.000. Відавочна, клопат метраполіі ім не зашкодзіў бы.

У мяне пытанне і да суайчыннікаў, да тых 99.000 “картачных палякаў”, якія вырашылі трохі падаіць польскую дзяржаву. Як можна гандляваць сваёй нацыянальнасцю? Прымаючы карту паляка, вы пакляліся ў лаяльнасці да польскай дзяржавы. А гэта значыць – вы ўжо не паўнавартасныя грамадзяне дзяржавы беларускай. І ў выпадку вайны (дай Божа нам яе тысячу гадоў не бачыць) куды вы пойдзеце і з кім будзеце?

Магчыма, я празмерна завастраю тэму. Магчыма, да гэтых “гульняў у карты” варта адносіцца з іроніяй, якую мы бачым у эпіграме Янкі Купалы “На ўсе рукі”: “Ён з начальствам знае дзела: / Па-расейску валіць смела; / Ліжа, выйшаўшы за вёску, / Ласку панскую па-польску. / Нават жыду – ў доўг як просе, / “Гутэ-морген!” – буркне ў носе. / Калі ж сядзе у кутузку, / Ўсіх кляне па-беларуску”.

Купала на падобных нацыянальных пярэваратняў, трэба думаць, наглядзеўся дасхочу. Нездарма з-пад яго пяра на свет з’явіўся прыстасаванец Мікіта Зносак, ён жа Никиций Зносилов, ён жа Нікіціуш Знасілоўскі. Дык было тое сто гадоў таму, калі беларусы не мелі сваёй дзяржавы. Сёння яна нібыта ёсць, але чамусьці Зноскаў тых у ёй не меншае, а большае. І як вынік – спрытнякі “на ўсе рукі” будуць працягваць гуляць з намі ў розныя карты (у падкіднога дурня?) ды імкнуцца на нашай жа хаце памяняць нашыя ж шыльды.

І тут ужо іранічнай эпіграмай не абысціся.