16 кастрычніка прайшлі працэсы супраць двух з чатырох заяўнікаў-актывістаў Моладзі БНФ — Дзяніса Мандзіка і Кацярыны Шуст.

Дзянісу Мандзіку прысудзілі штраф у 25 базавых, Кацярыне Шуст — 20 базавых велічыняў.

На погляд актывіста , суддзя Таццяна Мотыль не была задаволена тым, што ёй даводзіцца весці гэты працэс. Як кажа Дзяніс, у пратаколе не быў пазначаны парушаны ім артыкул. Прапановы перанакіраваць пратакол для дапрацоўкі быў адхілены, як і спроба выклікаць у якасці сведкі другога заяўніка – кіраўніка менскай гарадской арганізацыі Моладзі БНФ Багдана Сакалова. Дзяніс заяўляе, што будзе абавязкова абскарджваць рашэнне. На пытанне, ці можна гэтыя працэсы лічыць помстай Мінгарвыканкаму на скаргу аб недазволе маршу 25 жніўня гэтага году, актывіст пагадзіўся.

Нагадаем, што на пачатку жніўня актывісты Моладзі БНФ падалі заяву на правядзенне святочнага шэсця з мітынгам. Маршрут заяўнікі прапанавалі стандартны для мітынгаў апазіцыі: збор каля кінатэатра Кастрычнік, пасля марш па вул. Сурганава і мітынг на Плошчы Бангалор. Мінгарвыканкам палічыў дадзены маршрут шэсця незаконным, таму дазволіў толькі мітынг. Актывісты не згадзіліся з рашэннем выканкама і падалі скаргу. Суд па гэтай справе ўжо адбыўся – і не на карысць заяўнікаў.

Але, за дзень да суда з Мінгарвыканкамам, актывістам патэлефанавалі прадстаўнікі УУС Маскоўкага раёну г. Мінска і запрасілі на сустрэчу, дзе заявілі пра парушэнне заяўнікамі артыкула 23.34 Адміністрацыйнага Кодэкса РБ. Мінгарвыканкам абвінаваціў актывістаў у тым, што тыя не падалі пісьмовую адмову ад правядзення мерапрыемства. Самі актывісты лічаць, што інфармавання ў СМІ было дастаткова. Доказам гэтага яны лічаць званкі выканкама актывістам з пытаннямі наконт іх адмовы праводзіць мерапрыемства.