
Генеральнага дырэктара судзяць за сістэматычнае атрыманне хабару на агульную суму прыблізна 7,5 тысячы долараў. Абвінавачаны Уладзімір Забродскі сваёй віны не прызнае, паведамляе БелаПАН.
Як вынікае з абвінавачання, Забродскі атрымліваў хабар за тое, што забяспечыў пагашэнне запазычанасці перад кампаніяй “Свет піва”, з якой у “Белкаапзнешгандлю” былі заключаныя дагаворы пастаўкі.
Пасаду кіраўніка Забродскі заняў у 2014 годзе і па-ранейшаму лічыцца генеральным дырэктарам прадпрыемства — яго звесткі размешчаныя на сайце “Белкаапзнешгандлю”. Аднак у прыёмнай прадпрыемства паведамляюць, што функцыі кіраўніка часова выконвае намеснік Забродскага.
Згодна з матэрыяламі справы, падсудны чатыры разы сустракаўся з прадстаўніком фірмы “Свет піва” Калеснікавым, які здымаў з рахунку грошы пасля таго, як паступала пагашэнне доўгу. Хабар перадаваўся на аўтастаянках ў аўтамабілях Lexus і Toyota Land Cruiser Prado. Агульная сума незаконнага ўзнагароджання — 15 тысяч рублёў (прыблізна 7,5 тыс. долараў).
Затрымалі Забродскага 3 мая 2017 года падчас атрымання апошняга хабару. Вядома, што Калеснікаў праходзіць па справе як сведка, у той жа дзень ён напісаў заяву на імя старшыні КДБ, у якой выкрывае гендырэктара “Белкаапзнешгандлю”.
Пра затрыманне топ-менеджара прадпрыемства раней не паведамлялася. Яму выстаўленае абвінавачанне ў атрыманні хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК). Калі віна Забродскага будзе даказаная, яму пагражае ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Гэта не першы карупцыйны скандал у сістэме Белкаапсаюза. У 2015 годзе яго былы старшыня праўлення Сяргей Сіцько быў прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і злоўжыванне ўладай. Гаворка ішла пра “адкаты” пры вызначэнні “патрэбных пераможцаў” на тэндарах па продажы нерухомасці і рамонце будынкаў Белкаапсаюза.
“Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза” з’яўляецца асноўным аптовым прадпрыемствам Белкаапсаюза, займаецца імпартам і экспартам тавараў, аптовым і рознічным гандлем, грузаперавозкамі, дзейнасцю ў сферы грамадскага харчавання, а таксама вытворчасцю і рэалізацыяй вырабаў з натуральнага футра. Прадпрыемства абслугоўвае больш за 9 тысяч гандлёвых аб’ектаў, размешчаных практычна ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.