Канцэрт меў адбыцца ў прасторы “210 METROV” па вуліцы Чапаева ў Мінску. Але крыху за 18:00, як толькі пачаўся канцэрт, у залю ўварваўся АМАП і пачаў збіваць слухачоў. Усіх прысутных паставілі на расцяжку, затым дапыталі імя, узрост, і выбарачна затрымалі прыблізна палову з удзельнікаў, распавёў “Белсату” мастак Максім Пякарскі. На канцэрце прысутнічалі ў асноўным прыхільнікі “эдж-філасофіі” – людзі, якія адмаўляюцца ад злоўжыванняў накшталт алкаголю, тытуню і г.д.

Затрыманыя, у тым ліку і беларускія і расійскія музыкі, былі адвезены ў РУУС Партызанскага раёна і ўтрымліваліся там каля трох гадзін. Дзяжурная служба Партызанскага РУУС адмаўляла, нібыта затрыманыя знаходзіліся там, хоць праваабаронцы з цэнтра “Вясна” былі відавочцамі, як затрыманых музыкаў праводзілі ў двор РУУС. Пазней міліцыя зачыніла дзверы ў пастарунак і выключыла святло ў вестыбюлі.

У Мінску АМАП сарваў канцэрт, затрымаўшы каля 50 чалавек
Фота spring96.org

Каля 10 гадзін вечара затрыманыя былі вывезены з пастарунку на аўтобусе ў тры заезды: удзельнікаў канцэрта высадзілі непадалёк ад ст.м. Партызанская – Трактарны завод.

Ніхто з затрыманых не атрымаў якіх-кольвек пратаколаў ці тлумачэнняў, з-за чаго адбылося затрыманне.

Актывіст Вячка Касінер распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, як адбывалася затрыманне: “Некалькі ўдараў у галаву, падсечка, пачатак зьбіцьця. Удары па сьпіне і па рэбрах нагамі з некалькіх бакоў, таму раблю вынік, што зьбівае чалавека 2. Пасьля удары ў галаву і таптаньне ног, калі спрабаваў падняць позірк, паглядзець што адбываецца. Пасьля транспартыроўка галавой уніз на вуліцу, бусікі, напіханыя людзьмі, пачвары ў масках і без і гд. Беларуская рэчаіснасьць.”

Арганізатары мерапрыемства прынеслі прабачэнні ўдзельнікам на старонцы ў “Кантакце” (доступ да старонкі зараз зменены на прыватны). Больш афіцыйных каментароў пакуль не з’явілася.