У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што правяраецца паўната мераў, якія камандаванне прымае, каб прадухіліць здарэнні ў вайсковых частках. Паведамленне датычыцца адразу двух здарэнняў у Пячах — смерці Аляксандра Коржыча, які быў знойзены 3 кастрычніка, і смерці Арцёма Басцюка, які загінуў там жа на паўгады раней.

“Нягледзячы на тое, што следствам па справе гібелі вайскоўца вайсковай часткі 25849 радавога Басцюка А.С. віна службовых асобаў не ўстаноўлена, у красавіку-маі 2017 года за непрыняцце вычарпальных мер, каб прадухіліць гібель вайскоўца, праяўленыя пры гэтым чэрствасць і бяздушнасць, шэраг службовых асобаў камандавання вайсковай часткі і падраздзялення Міністрам абароны былі адхіленыя ад займаных пасадаў,” – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Іншымі словамі, камандуючыя асобы былі адхілены за тое, што ведалі пра нестатутныя паводзіны ў вайсковай частцы, але не зрабілі нічога, каб прадухіліць гібель салдата Арцёма Басцюка.

Салдата Арцёма Басцюка знайшлі павешаным у Пячах паўгады таму, 31 сакавіка. Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 443 Крымінальнага кодэкса РБ — “парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якое пацягнула цяжкія наступствы”. А 12 кастрычніка бацькі Арцёма Басцюка атрымалі паведамленне, што папярэдняе расследаванне было спынена. І гэта было ўжо тады, калі справа Аляксандра Коржыча атрымала шырокую агалоску.

Нагадаем, што Аляксандр Коржыч быў знойдзены павешаным у вайсковай частцы ў Пячах 3 кастрычніка. Следчы камітэт распачаў адразу дзве крымінальныя справы; разглядаюцца тры версіі – давядзенне да самагубства, забойства і самагубства. 13 кастрычніка Следчы камітэт афіцыйна пацвердзіў некторыя дэталі здарэння: напрыклад, што загінуўшы быў знойдзены са звязанымі нагамі і з накінутай на галаву майкай. Таксама стала вядома, што справа знаходзіцца пад асабістым кантролем Аляксандра Лукашэнкі.