Выставу адкрылі грамадскія актывісты, мастак Генадзь Драздоў і журналіст Марат Гаравы. “Гэта ўжо чацвёртая выстава за 2,5 гады, — адзначыў Генадзь Драздоў. І першая, якую мы вывезлі за межы Мінска… Таму што не толькі ў Мінску былі месцы растрэлаў. Такія месцы былі па ўсёй Беларусі.”

Праўда пра Курапаты
Генадзь Драздоў і Марат Гаравы

Яны распавялі не толькі пра тапаграфію Курапатаў, але і падзяліліся жахлівымі ўспамінамі пра растрэлы, што засталіся ў памяці жыхароў ваколічных вёсак: “Адна жанчына выпадкова ў тыя часы апынулася каля Курапат. Яна чула, як нехта з людзей, якіх растрэльвалі казаў “Птушкі-птушкі, распавядзіце людзям, што мы не ў чым невінаватыя, што нас растрэльваюць”.

Марат Гаравы падкрэсліў, што дзякуючы праведзеным даследаванням мы сёння ведаем пра Курапаты вельмі шмат: “Як ішла дарога смерці. Ведаем яе працягласць да метра – 10555 м, ведаем вароты дакладна плюс мінус метр,  ведаем як быў разбудаваны растрэльны палігон, як дзяжурства вялося, дзе вышкі стаялі назіральныя, дзе будка ахоўна, нават ведаем якой яна была… ведаем нават дзе крама была, дзе ахоўнікі ад цяжкай працы бралі водку, хлеб і кіўбасу. Гэтыя тры рэчы яны бралі ўвесь час… і жаліліся магазіншчыку, што вельмі цяжкая праца”.

Марат Гаравы распавядае пра тапаграфію Курапатаў

Галоўная мэта выставы не толькі паказаць жахі часоў сталінскіх рэпрэсій, але і тое, каб “Грамадскасць, даведаўшыся пра гэтыя факты, прыйшла да пакаяння. Таму што без пакаяння рухацца наперад грамадства не можа”. І ў Курапатах абавязкова павінен з’явіцца высокамастацкі помнік.

Праўда пра Курапаты
“Абраз Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных” створаны мастаком Аляксеем Марачкіным

Выстава будзе працаваць да 26 кастрычніка па адрасе г. Гродна, вул. Савецкая, 3. Уваход вольны

Даведка:

Таямніцу лесу Курапаты (Брод) камуністычныя ўлады старанна хавалі. Аднак людзі, якія жылі ў навакольных вёсках Зялёны Луг, Цна-Ёдкава, Драздова памяталі пра масавыя растрэлы. Ад іх у пачатку  1970-х гадоў пра трагедыю даведаўся інжынер Яўген Шмыгалёў, які пераказаў інфармацыю гісторыку Зянону Пазняку. Яны пачалі сістэматычна апытваць сведкаў. Але толькі ў канцы 1980-х гадоў на хвалі “перабудовы” з’явілася магчымасць агучыць сабраную інфармацыю. 5 мая 1988 года археалагічная група Інстытуту гісторыі АН БССР правяла пробныя раскопкі, якія пацвердзілі факт масавых растрэлаў.