Справа будзе разглядацца ў судзе Кобрынскага раёна 19 кастрычніка. Весці працэс будзе суддзя Цімашэнка. Пра суд, які чакае Алеся Меха, “Народная Воля” падрабязна паведамляла раней.

Нагадаем, што Меха будуць судзіць за непадпарадкаванне законным патрабавнням супрацоўнікам міліцыі. Гэта будзе другое рзбіральніцтва па справе. Першы суд цалкам апраўдаў актывіста.

Але, перапісаўшы пратакол і змяніўшы ў ім акалічнасці здарэння, кобрынскае міліцэйскае начальства робіць другі “заход”, для таго каб прыцягнуць актывіста да адказнасці.

Сам Алесь Мех у размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” выказаў меркаванне, што па выніках гэтага судовага разгляду яму могуць прысудзіць арышт.

– Позву ў суд я атрымаў учора вечарам, – распавядае Мех. – Аналагічныя дакументы з кобрынскага суда атрымалі і тыя людзі, якія выступалі сведкамі з майго боку на першым судовым пасяджэнні. Аператыўнасць кобрынскага суда крыху здзівіла, бо невядома ж было, ці буду я заяўляць хадайніцтва аб выкліку гэтах людзей у суд. Сістэма спрацавала на апярэджанне.

Алесь Мех: “усё можа скончыцца арыштам…”

– У суд вы пойдзеце з адвакатам?

– Не, пайду адзін. Мне дапамагаюць мясцовыя праваабаронцы з незарэгістраванага ў Беларусі цэнтра “Вясна”. Яны, напэўна, будуць на судовым разбіральніцтве. Больш я нікуды не звяртаўся, ні палітыкаў, ні іншых праваабаронцаў аб падтрымке не прасіў. Па шчырасці, у Кобрыне і няма дзейных, сапраўды дзейных суполак дэмакратычных партый ці праваабарончых структур. Гэта поле ў Кобрыне цалкам зачышчана.

– Не адчуваецца ў вас аптымізму і наконт магчыма прысуду…

– На вялікі жаль, яго няма. Навошта было закручваць такі ліхі сюжэт? Не для таго ж, напэўна, каб потым мяне апраўдаць. І, аналізуючы сітуацыю, я прыходжу да высновы: мяне паспрабуюць “зачысціць”. Вы ж ведаеце, што 21 кастрычніка ў Мінску мае прайсці несанкцыянаваны “Марш абураных беларусаў”. Дарэчы, канчатковага рашэння, ці ехаць у гэты дзень у сталіцу, я яшчэ не прыняў. Але, думаю, што суд прызначалі якраз перад гэтай датай толькі дзеля таго, каб я, калі б нават і захацеў, не паехаў туды. Таму, не выключаю, што ўсё можа скончыцца арыштам.

Разумееце, тут у Кобрыне, людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй не так і шмат – усе актывісты навідавоку. Таму перад нейкімі значнымі падзеямі кантроль за гэтымі людзьмі з боку сілавых структур узмацняецца.

Так было, напрыклад, у сакавіку бягучага года. Перад Днём Волі побач з маім домам стаялі некалькі міліцэйскіх машын, яшчэ некалькі на паралельнай вуліцы. Дзяжурылі яны аж з 22 сакавіка, але ў Мінск я тады ўсё ж трапіў…